Падарункі для самых таленавітых

У межах акцыі “Нашы дзеці” ў гімназіі № 16 Мінска прайшло свята для лепшых вучняў Цэнтральнага раёна сталіцы — пераможцаў алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў і спаборніцтваў. 150 таленавітых навучэнцаў школ і гімназій атрымалі салодкія падарункі, якія ўручыў кіраўнік адміністрацыі раёна Алег Рыгоравіч Паскробка. Свята наведаў і начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Валянцін Мікалаевіч Канаплёў.

Святочную праграму для дзяцей падрыхтавалі творчыя калектывы Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт”. Убачылі навучэнцы і навагодні мюзікл “Хітрыкі Снежнай Каралевы”.
— Напярэдадні навагодніх свят мы заўсёды падтрымліваем мнагадзетныя сем’і, дзяцей-сірот, дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей з АПФР, — адзначыў Алег Рыгоравіч Паскробка. — У полі нашага зроку і адораныя навучэнцы, якія заваявалі на спаборніцтвах дыпломы і медалі і тым самым унеслі свой уклад у развіццё грамадства. Мы разумеем, што з такіх дзяцей будзе фарміравацца эліта нашай краіны ў навукова-тэхнічнай, эканамічнай і іншых сферах. Падчас спаборніцтваў яны набываюць вопыт сумленнай барацьбы, загартоўваюцца псіхалагічна, што, безумоўна, дапаможа ім у будучым.
— На свята ў гімназію № 16 былі запрошаны навучэнцы сярэдніх школ і гімназій Цэнтральнага раёна — пераможцы прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый розных узроўняў, — адзначыў Валянцін Мікалаевіч Канаплёў. — У зале таксама знаходзіліся дыпламанты гарадскога конкурсу “Суперлідар”, гарадскога фестывалю праектна-даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць”, пераможцы конкурсу “Зялёная хваля”, “Энергамарафон”, рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусi i тым ганаруся”, рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўным арыентаванні, рэспубліканскага чэмпіянату па інтэлектуальнай гульні “Што?Дзе?Калі?” сярод піянерскіх дружын, рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”, міжнародных турніраў па кікбоксінгу, міжнароднага матэматычнага турніру гарадоў і г.д.
Нагадаем, што ў 2014 годзе навучэнцы ўстаноў Цэнтральнага раёна Мінска па выніках рэспубліканскіх прадметных алімпіяд атрымалі 16 узнагарод, а 15 навучэнцаў былі ўдастоены прэмій Мінгарвыканкама — гэта навучэнцы гімназій №№ 24, 29, 34, 42, 50, Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў, сярэдняй школы № 180. У 2014 годзе былі і пераможцы міжнародных алімпіяд — гэта навучэнцы гімназіі № 29. Хочацца адзначыць і навуковае таварыства навучэнцаў гімназіі № 29 “Прыстанак ведаў”, якое ўзнагароджана ў гэтым годзе прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.