10 снежня ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі стартавала рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая ўжо стала традыцыйнай: сёлета яна праводзіцца 25-ты раз.
Падрабязнасці правядзення акцыі былі агучаны падчас прэс-канферэнцыі, што напярэдані адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Упершыню акцыя “Нашы дзеці” была арганізавана ў 1995 годзе. Штогод вытрымліваецца фармат: правядзенне навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей розных сацыяльных катэгорый.
У адрозненне ад 1995 года, у нашай краіне значна змянілася структура аховы дзяцінства. Алена Сімакова, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, паведаміла: “Аналізуючы статыстыку таго часу, можна сказаць, што 56% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваліся ў інтэрнатных установах. Сёння такіх дзяцей значна менш. Калі гаварыць пра ўстановы, дзе выхоўваліся гэтыя дзеці, то іх колькасць скарацілася ў разы. Напрыклад, у 1995 годзе 8961 дзіця выхоўвалася ў інтэрнатных установах. Што тычыцца ўстаноў сістэмы адукацыі, то 6298 дзяцей знаходзіліся ў 47 школах-інтэрнатах і дзіцячых дамах. Па стане на 5 верасня 2020 года ў краіне захавалася сетка інтэрнатных устаноў, якая прадстаўлена 15 установамі. Атрымліваецца, што інтэрнатныя ўстановы сістэмы адукацыі скараціліся ў 3 разы. У іх пражывае 1121 дзіця з ліку сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў”.
У параўнанні з мінулымі гадамі, скарацілася таксама колькасць дамоў дзіцяці і дамоў-інтэрнатаў сістэмы сацыяльнай абароны. Іх скарачэнне суправаджалася развіццём сямейных форм уладкавання дзяцей. Паказальна, што сёння развіваецца прафесійнае замяшчальнае бацькоўства, у тым ліку структура дамоў сямейнага тыпу.
“Сёння ў нас 286 такіх сем’яў, у іх выхоўваюцца 1906 дзяцей, г.зн. што колькасць тых, хто выхоўваецца ў дамах сямейнага тыпу, павялічылася ў 4 разы (з 483 да 1906), — прывяла лічбы А.Сімакова. — Такім чынам, змяненне структуры сістэмы аховы дзяцінства накладвае адбітак на тое, як праходзіць акцыя. Безумоўна, да ўдзелу ў акцыі далучаны дзіцячыя сацыяльна-педагагічныя цэнтры і дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, якія функцыянуюць на базе цэнтраў. Асноўная функцыя такіх устаноў — дапамога дзецям, якія часова былі адабраны з сям’і, і бацькам, бо дзеці павінны выхоўвацца дома”.
Акцыя “Нашы дзеці”, са слоў А.Сімаковай, дапамагае паглядзець, што ўяўляе сабой сістэма аховы дзяцінства ў нашай краіне, якія мае прыярытэты і куды дзяржава, калі гаварыць пра клопат аб дзецях, накіроўвае сродкі.
“Прыярытэт, і гэта відавочна, аддаецца роднай сям’і, падтрымцы дзяцей, сямейнаму ўладкаванню непаўналетніх, — адзначае галоўны спецыяліст. — Калі гаварыць аб дзецях-інвалідах, то сем’і, якія іх выхоўваюць, таксама падтрымліваюцца: для таго, каб бацькі не адмаўляліся ад малыша, які нарадзіўся з парокамі развіцця, ім аказваецца падтрымка і дапамога. Увогуле, асноўная мэта акцыі “Нашы дзеці” — клопат аб падрастаючым пакаленні. Не будзе дзяцей — не будзе і будучыні”.
Правядзенне акцыі дапамагло сфарміраваць сувязі паміж арганізацыямі, прадпрыемствамі і дзіцячымі інтэрнатнымі ўстановамі, сацыяльнымі прытулкамі. Так, непаўналетнім і тым, хто іх выхоўвае, аказваецца падтрымка як падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, так і ў межах акцыі. Сёлета, напрыклад, Міністэрства адукацыі як каардынуючы орган накіравала больш чым 70 пісьмаў арганізацыям і прадпрыемствам, каб яны падтрымалі згаданую навагоднюю ініцыятыву і пералічылі сродкі на набыццё ў тым ліку спартыўнага інвентару ці абсталявання ў тыя ўстановы адукацыі, што знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.
“Прыемна, што мы ўжо атрымалі станоўчы водгук і змаглі заключыць дагаворы на бязвыплатную спонсарскую дапамогу. Акцыя пачалася сёння, але яшчэ да свайго пачатку яна ўжо прыцягнула больш чым 17 тысяч рублёў. У мінулым годзе па выніках акцыі былі закуплены абсталяванне і інвентар на 2,2 млн рублёў (у 2018 — на 1,5 млн рублёў). Варта адзначыць, што гэта не толькі пазабюджэтныя, але і бюджэтныя сродкі, якія таксама былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дзяржава штогод плануе такія расходы і выдзяляе на іх пэўныя сродкі”, — паведаміла А.Сімакова.
Дарэчы, падчас акцыі ярка праяўляюцца такія з’явы, як валанцёрства і дабрачыннасць. Ёсць тыя, хто не афішуе, што дапамагае дзецям у якасці валанцёраў. Але “Нашы дзеці” дапамагаюць выявіць гэтых неабыякавых людзей. Сёлета, як і ў мінулыя гады, да рэспубліканскай навагодняй ініцыятывы таксама далучацца грамадскія арганізацыі. У іх ліку абласныя аддзяленні Беларускага дзіцячага фонду, Беларускі саюз жанчын і інш. Яны запланавалі шэраг мерапрыемстваў не толькі па прыцягненні сродкаў, якія будуць накіраваны дзецям і сем’ям, але і для таго, каб павіншаваць дзяцей і арганізаваць для іх святочныя мерапрыемствы.
“Сёлета асноўныя кірункі акцыі вызначаны Пастановай Савета Міністраў № 583 ад 6 кастрычніка “Аб правядзенні навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Таксама зацверджаны і фукцыянуе аргкамітэт акцыі, які арганізуе і праводзіць мерапрыемствы рэспубліканскага ўзроўню. Такія ж аргкамітэты арганізаваны ў абласных цэнтрах. Дарэчы, згодна з іх інфармацыяй, сёлета ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй колькасць удзельнікаў стала меншай, але падарункі будуць перададзены ўсім без выключэння дзеткам”, — падкрэсліла прадстаўнік Міністэрства адукацыі.
Улічваючы складаную эпідсітуацыю, Міністэрства аховы здароўя дало свае рэкамендацыі па правядзенні рэспубліканскай акцыі: колькасць удзельнікаў павінна быць абмежавана, павінны выконвацца правілы па сацыяльным дыстанцыяванні і выкарыстанні сродкаў індывідуальнай абароны.
“Хочацца спадзявацца, што сёлетняя акцыя “Нашы дзеці” стане такой жа яркай і запамінальнай, як і ў мінулыя гады, а дзеці, якія чакаюць гэтага свята, запомняць яго надоўга”, — падсумавала А.Сімакова.
Наталля САХНО.