Падары ўсмешку

З мэтай прапаганды каштоўнасці чалавечага жыцця і прафілактыкі суіцыдальных паводзін у Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна праводзіўся месячнік пад дэвізам “Падары ўсмешку”.

Пачаўся месячнік з акцыі “У чым каштоўнасць жыцця”, дзе ў кожнага была магчымасць на лісточках дрэва жыцця напісаць сваю думку па важным жыццёвым пытанні “У чым каштоўнасць жыцця”, а таксама даведацца, што думаюць на гэты конт іншыя. На інфармацыйным стэндзе, які прапагандуе каштоўнасць чалавечага жыцця, была размешчана інфармацыя “15 простых радасцяў”, “Што рабіць, калі сумна”.

У рамках месячніка класныя кіраўнікі з 1 па 11 класы праводзілі тэматычныя класныя гадзіны па тэмах “У чым каштоўнасць жыцця”, “Мы выбіраем жыццё”, “Жыццё як найвялікшая каштоўнасць”, “Калі ты апынешся на раздарожжы”.

Разам з вучнямі ў месячніку бралі ўдзел настаўнікі і бацькі. Педагог-псіхолаг правяла лекцыю-семінар па тэме “Прафілактыка суіцыду сярод непаўналетніх”, дзе асвятляліся пытанні прычын суіцыду і яго псіхалагічнага сэнсу. Былі дадзены рэкамендацыі па аказанні дапамогі падлетку ў крызіснай сітуацыі, а таксама распрацавана памятка “Бацькам аб падлеткавым суіцыдзе”.

У шосты школьны дзень для вучняў 2—3 класаў правялі гульнёвы практыкум “Падары ўсмешку сябру”, у 5—7 класах — “Цудоўнае поле сяброўства”.

Нярэдка эмоцыі захлістваюць падлеткаў, але ім не хапае ўменняў і навыкаў, каб справіцца з імі і разумець свае перажыванні, таму ў 9—11 класах быў праведзены трэнінг “Уладар сваіх эмоцый”. Старшыя класы ўдзельнічалі ў трэнінгу “Каляровы падыход да праблемы”, мэтай якога была прафілактыка парушэнняў паводзін, вырашэнне канкрэтных праблем, развіццё сацыяльнай рэфлексіі і сацыяльна значных уласцівасцяў і якасцяў асобы, пошук альтэрнатыўных (сацыяльна прымальных) спосабаў задавальнення патрэб.

Захапляльным і кульмінацыйным момантам месячніка стаў дзень пазітыву, які праводзіўся пад дэвізам “Няхай заўсёды будзе сонца”. На працягу дня працавала некалькі пляцовак. Першая называлася “Сонца схавана ў кожным!”, дзе нашы пазітыўныя мастакі прапаноўвалі з дапамогай фарбаў і пэндзлікаў намаляваць на твары сонца. Другая пляцоўка — “Падзяліся ўсмешкай сваёй!”. На вялікім перапынку ў холе школы працаваў сонечны фатограф, які з радасцю фатаграфаваў пазітыўны настрой, і ўжо пасля 5-га ўрока ўсе змаглі гэта ўбачыць у фармаце слайд-шоу.

На асабістым вопыце праверана, што пускаць мыльныя бурбалкі ў вялікай кампаніі вельмі займальна! Таму ў школе была арганізавана і трэцяя пляцоўка пад назвай “Іду па жыцці лёгка!”, дзе кожны загадзя набыў слоічак з мыльнымі бурбалкамі і на вялікім перапынку ўсе разам пускалі мыльныя бурбалкі ў вялікай кампаніі!

Наталля КАШЭТА,
педагог-псіхолаг Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.