Падарылі радасць

- 11:50Навіны рэгіёнаў

У Год малой радзімы, як падкрэсліў прэзідэнт нашай краіны, прыйшоў час не толькі ўспомніць пра свае карані, але і аддаць доўг роднаму куточку зямлі.

Вучні нашай установы адукацыі з дзяцінства прывучаюцца падмацоўваць пэўнымі справамі і ўчынкамі сваю любоў да малой радзімы. Яскравым прыкладам з’яўляецца догляд тэрыторый вакол крыніц, размешчаных на тэрыторыі Цяцерынскага сельсавета. Галоўная з іх — Святая крыніца — знаходзіцца каля Цяцерынскага вадасховішча, на левым беразе ракі Дру ць. Гэтая крыніца аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Члены школьнага атрада “Клопат” кожны тыдзень робяць абход замацаваных участкаў каля крыніцы, наводзяць парадак, а таксама частуюцца такой карыснай для здароўя крыштальна светлай і чыстай, незвычайна мяккай і празрыстай, як сляза, крынічнай вадой. А сёлета на тэрыторыі вёскі вучнямі была знойдзена яшчэ адна крыніца.

Нядаўна старшакласнікі Хрысціна Лазаковіч, Яна Нашыванкіна, Дзмітрый Макаеў пад кіраўніцтвам педагога Настассі Адамаўны Лемешавай у чарговы раз прывялі ў належны стан падыход да крыніцы і яе тэрыторыю, адрамантавалі дарожкі, пафарбавалі лесвіцу. Папрацавалі сумленна і ўдарна. Карысная справа дапамагла вучням адчуць сябе сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі, пранікнуцца пачуццём гонару за магчымасць падарыць радасць іншым людзям.

Таццяна ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.