Падарылі цуд нашым дзецям

- 17:31Нашы дзеці

З 10 снежня па 11 студзеня ў краіне праходзіла навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. У акцыі ўдзельнічалі і навучэнцы Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Дабрачынны марафон даў магчымасць адчуць усім дзецям, і перш за ўсё тым, каму патрэбна асаблівая ўвага, радасць навагодніх і калядных свят.

Пачалася акцыя з ўрачыстай лінейкі, на якой прысутнічалі І.С.Жыдзель, старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і А.П.Букліс, старшыня Іўеўскага раённага камітэта прафсаюзаў, былыя выпускнікі нашай установы адукацыі, якія ўручылі салодкія падарункі дзецям-інвалідам і дзецям з апякунскіх сем’яў.

Навучэнцы актыўна ўключыліся ў работу. Прынялі ўдзел у конкурсе навагодніх цацак, зробленых сваімі рукамі, рыхтавалі падарункі для дзяцей-інвалідаў, афармлялі класы і фае да навагодніх свят. Сумесна з педагогамі ўпрыгожвалі навагодняе дрэва. Гэта адказны, але разам з тым і вельмі радасны занятак. З шаф дасталі бліскучыя ўпрыгожванні: шарыкі, цацкі, дожджык. Лясную прыгажуню аздобілі спіраллю з рознакаляровых ліхтарыкаў. На галінкі паклалі махнатую серабрыстую мішуру і бязважкія белыя сняжынкі з ваты. Калі ўсё было гатова, запалілі агеньчыкі, якія стварылі для ўсіх святочны настрой.

Навучэнцы ўсіх класаў узялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Чырвоная рукавічка”, у якую паклалі школьныя прылады, цацкі, салодкія падарункі, сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

Напярэдадні Новага года ўсе: і дарослыя, і дзеці — чакаюць цудаў. Але асабліва важна гэта для дзяцей. Кожнаму хочацца атрымаць падарунак ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Члены валанцёрскага атрада “Добрыя сэрцы” наведалі выхаванцаў з дзіцячага сада, павіншавалі іх са святам і прапанавалі паўдзельнічаць у вясёлых гульнях і конкурсах, паспяваць разам песні пра Новы год. А пазней павіншавалі дзяцей-інвалідаў, адзінокіх і пажылых людзей і ўручылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.

29 снежня ва ўстанове адукацыі прайшлі навагоднія ранішнікі “Прыгоды каля навагодняй ёлкі”. Дзеці прыйшлі з чаканнем цуду, які і адбыўся. Яны змаглі акунуцца ў чароўны свет казкі, іх чакалі прыгоды, конкурсы, песні і танцы. Усе атрымалі навагоднія падарункі.
На канікулах у навучэнцаў была магчымасць здзейсніць экскурсію ў сядзібу дзеда Зімніка і бабулі Завірухі, дзе яны адправіліся ў захапляльнае падарожжа па зімовым лесе ў суправаджэнні казачных персанажаў, прынялі ўдзел у гульнях і цікава правялі час.

А дзеці, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах, змаглі паўдзельнічаць у навагоднім балі-маскарадзе “У снежнай віхуры”, праведзеным Іўеўскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

Аднак сапраўдны цуд чакаў Аляксея Садоўскага, навучэнца 9 класа, і Мілену Кучук, навучэнку 4 класа, якія ўдзельнічалі ў Рэспубліканскай дабрачыннай праграме.

Нашай установе адукацыі ёсць чым ганарыцца. Першае месца ў абласным этапе ХХІІ Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” заняў дзевяцікласнік нашай установы адукацыі Аляксей Садоўскі, які разам са сваёй мамай Тарэсай Станіславаўнай змайстраваў цацку-сімвал 2019 года з дапамогай тэхнікі валяння. Гэтая работа ў якасці падарунка была ўручана Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку на галоўнай ёлцы 27 снежня 2018 года. Пазней гэты сувенір стаў прахадным білетам для Аляксея на навагодняе дабрачыннае свята, якое адбылося 4 студзеня 2019 года ў Палацы Незалежнасці.

А 8 студзеня 2019 года навучэнка Мілена Кучук узяла ўдзел у Рэспубліканскай дабрачыннай праграме “Калядная ёлка —“Нашы дзеці” для дзяцей, якія пражываюць у раёнах, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

А.С.МІКІШКА,
педагог-арганізатар Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.