Падарыць свята дзецям

- 13:55Рознае, Сацыяльны ракурс

Да Новага года і Каляд Мінская гарадская арганізацыя БелАДДІіМІ правяла акцыю “Падары дзецям дабро”, у якой прынялі ўдзел сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Яны сабралі падарункі для выхаванцаў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з АПФР і для дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з АПФР, што размешчаны ў пасёлку Навінкі пад Мінскам. Такая святочная акцыя прайшла ўпершыню, таму адчуванні ў бацькоў-дабрачынцаў і іх дзяцей былі самыя незвычайныя — на гэты раз яны выступілі ў ролі тых, хто робіць дабро дзецям, якім у жыцці пашанцавала яшчэ менш, бо яны не маюць сваёй сям’і.

“Сэнс акцыі — падтрымаць дзяцей, якія растуць без бацькоў, падарыць ім прыемныя хвіліны, хоць кропельку цяпла і клопату ў гэтыя святочныя дні, якія яны праводзяць у інтэрнаце, — заўважыла Алена Новік, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі БелАДДІіМІ. — У акцыі прынялі ўдзел бацькі з усіх першасных раённых арганізацый Мінска. Мы ўбачылі, наколькі яны спагадлівыя і чулыя, падчас акцыі праявіліся ўсе іх лепшыя якасці. У дзіцячых дамах нас сустракалі шчыра і гасцінна. Мы размаўлялі з выхаванцамі нефармальна. Яны з гонарам паказвалі свае ўпрыгожаныя навагоднія ёлкі, чыталі вершы, радаваліся нашым падарункам. У Чэрвеньскім доме-інтэрнаце дзеці нават самі перанеслі падарункі з мікрааўтобуса прама пад ёлку. Падарункі былі асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Гэта самыя розныя канцтавары, у тым ліку фламастары, алоўкі і крэйдачкі, прадметы гігіены — зубная паста і шчотка, мыла, а таксама вязаныя шапачкі, рукавіцы, шалікі, хустачкі, мяккія цацкі і, канечне, салодкае — шакаладкі, цукеркі. У адказ мы атрымалі шмат удзячнасці і радасці!”
У Мінскую гарадскую арганізацыю БелАДДІіМІ ўваходзяць 750 сем’яў. У кожным раёне сталіцы для іх была прадугледжана свая навагодняя праграма. Акрамя таго, Алена Новік паведаміла, што традыцыйна ў канцы года іх арганізацыя праводзіць ранішнік для маленькіх дзетак-інвалідаў і навагоднюю дыскатэку для старэйшых з удзелам прафесійных музыкантаў і спевакоў — сёлета іх вітаў клуб “Рэпаблік”. У святочныя дні дзяцей і маладых людзей-інвалідаў гасцінна сустракаюць у Батанічным садзе і на дзіцячай чыгунцы. На ўсіх дабрачынных мерапрыемствах іх падтрымліваюць валанцёры з грамадскага аб’яднання “Альтэра”. Валанцёры ў ролях Дзеда Мароза і Снягуркі таксама наведваюць і дораць падарункі тым, хто прыкаваны да ложка або проста не можа па стане здароўя прыйсці на свята.
“Калі мы праводзім акцыі, дабрачынныя мерапрыемствы ў падтрымку асаблівых дзяцей і маладых людзей, то стараемся запрашаць да ўдзелу і іх звычайных равеснікаў, — падкрэслівае Алена Новік. — Важна не вылучаць людзей з АПФР у асобную катэгорыю і заўсёды памятаць, што ўсе людзі роўныя, толькі ў кожнага свае магчымасці”.

Надзея ЦЕРАХАВА.