Падатак на паспяховасць

- 12:51Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Менавіта так назваў два балы, недабраныя да “соткі” па любімай фізіцы, выпускнік Гомельскага абласнога дзяржаўнага ліцэя Уладзіслаў Лашкін. Юнак упэўнены, што гэта не перашкодзіць яму набыць прафесію праграміста. Тым больш што ў яго “соткі” на ЦТ па матэматыцы, беларускай мове і за атэстат. У выніку — 398 балаў. Лічба не круглая і на ўпэўненасць не ўплывае.

Калекцыя сотак

Між тым ва ўстанове, дзе Улад вучыўся, праводзіцца “разбор палётаў”. Намеснік дырэктара Гомельскага абласнога дзяржаўнага ліцэя па вучэбнай рабоце Вікторыя Бацян гаворыць, што сёлета сем іх выпускнікоў атрымалі стабальныя атэстаты. Сотак за сертыфікаты — таксама сем: тры — па матэматыцы, дзве — па біялогіі, па адной — за англійскую і беларускую мовы.

Што тычыцца непасрэдна Улада, Вікторыя Леанідаўна спачатку адзначае цікавую адметнасць: у хлопчыка выдатны каліграфічны почырк.

— Калі я правярала вядзенне дзённікаў, была здзіўлена такому акуратнаму почырку. Нават падумала, што так пісаць можа толькі дзяўчынка. Улад хадзіў да нас на падрыхтоўчыя курсы, калі яшчэ вучыўся ў дзявятым класе. Ён рос на нашых вачах. За два гады выцягнуўся і стаў такім прыгажуном. Юнак скончыў фізіка-матэматычны клас. Ён вельмі душэўны хлопец, з якім прыемна мець зносіны: усмешлівы, з добрым пачуццём гумару, адкрыты, сціплы, — расказвае пра Улада Вікторыя Леанідаўна. 

Рэпетытары не спатрэбіліся

Выпускнік ліцэя Уладзіслаў Лашкін падрабязна прааналізаваў вопыт здачы тэсціравання. Юнак упэўнены, што здаць ЦТ на выдатна яму дапамаглі ліцэйскія настаўнікі і ўдзел ва ўсіх рэпетыцыйных спробах:

— На ЦТ прыходзіў з пачуццём, што гэта РТ. Калі прайшоў усе этапы РТ, стаў менш хвалявацца. Гэта карысны вопыт — ха­дзіць на ўсе этапы, каб перамагчы сваё хваляванне. Калі я ўжо выходзіў з аўдыторыі, дзе здаваў ЦТ па беларускай мове, то адчуваў, што ў мяне будзе максімальны вынік. Напэўна, таму, што добрыя веды мне далі настаўнікі ў абласным ліцэі і школе № 66, дзе я спачатку вучыўся. Калі прыйшоў вынік тэста, было прыемна, але я не здзівіўся. На ЦТ па матэматыцы я таксама быў упэўнены ў 100 балах, бо падрыхтоўка была адпаведнай. А вось чакаючы вынікаў па фізіцы, крыху хваляваўся: у адной задачы дапусціў памылку. Дарэчы, на рэпетыцыйным тэсціраванні ў гэтай частцы таксама былі цяжкасці. Рэпетытараў у мяне не было. 

Уладзіслаў гаворыць, што з кірункам будучай дзейнасці вызначыўся недзе ў 8 класе. Звя­заць жыццё з праграмаваннем вырашыў свядома, бо больш за ўсё падабаюцца дакладныя навукі:

— Для таго каб паступіць ва ўніверсітэт на праграміста, патрэбны матэматыка і фізіка, — разважае Уладзіслаў. — Таму калі вызначыўся з профілем, стаў падцягваць веды. Каб паступіць у Гомельскі абласны ліцэй, спачатку займаўся самастойна, а потым — на падрыхтоўчых курсах у самім ліцэі. 

Бацькі Уладзіслава — Мікалай Іванавіч і Таццяна Дзмітрыеўна Лашкіны — працуюць на ААТ “Гомсельмаш”. Тата — наладчыкам станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем, а мама — старшым табельшчыкам. Безумоўна, сынам ганарацца. Кажуць, хлопец з дзяцінства вельмі добры і мэтанакіраваны.

— З ім ніколі не было ніякіх праблем, — гаворыць Мікалай Іванавіч. — Я за 11 гадоў вучобы ні разу не спытаў, ці зрабіў ён урокі. Ён ўсё выконваў сам. У яго заўсёды ўсё па плане, ён любіць, каб усюды быў парадак. 

Магчымасць раскрыць таленты

Тым часам Улад Лашкін, які вагаўся, куды паступаць — у Гомельскі ўніверсітэт імя Ф.Скарыны ці ў БДУІР, спыніў выбар на сталічным універсітэце. Будзе падаваць дакументы на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. А пакуль будзе камунікаваць з сябрамі і роднымі, займацца тым, на што не хапала часу падчас падрыхтоўкі да ЦТ.

У водпуску і выкладчыкі Гомельскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, але іх думкі — пра тое, што хутка яны павядуць у дарослае жыццё іншых таленавітых дзяцей і будуць радавацца за тых выпускнікоў, якія сталі студэнтамі. Дарэчы, летась з гэтай установы адукацыі ва УВА паступілі 98% ліцэістаў, з іх 88% — на бюджэтнае навучанне.

______________________________________________________________________________________________________________________________

Фізіка: эксперыменты і творчасць

Калі гаварыць пра настаўнікаў Гомельскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, якія рыхтавалі Ула­дзіслава да здачы іспытаў, то ўсе яны маюць стабальнікаў. У ліцэі ёсць свая сістэма работы, якая прыносіць такі вынік.

Наталля ­Ханеня не толькі выкладала фізіку, але была класным кі­раўніком Улада Лашкіна. Яна гаворыць, што такі вучань — знаходка для настаўніка:

— Ён вучыўся ў фізіка-матэматычным класе. Вельмі добры: ветлівы, працаздольны, сціплы, кемлівы. Заўсёды рабіў усё і нават больш. Удзельнічаў у алімпіядным руху, быў пераможцам на абласным этапе. Дзеці яго вельмі паважаюць — за розум, чалавечнасць, далікатнасць. Ён ніколі не імкнецца прадэманстраваць, што лепшы, чым іншыя. І сям’я ў яго добрая. У 10 класе мы выступалі з камандай на турніры юных фізікаў. Падчас бою адна каманда дакладвае сваё рашэнне, другая апаніруе, а трэцяя рэцэнзуе. Калі выступала з дакладам каманда сапернікаў, Уладу выпала роля апанента. Даклад быў слабым, але Улад замест таго, каб паказаць недахопы, пачаў яго расхвальваць. Пасля бою гавару: “Улад, што ж ты не крытыкаваў слабую работу? Нам жа журы зніме балы”, а ён адказвае: “Наталля Васільеўна, ну як я мог? Дзеці ж стараліся! Я не хацеў іх пакрыўдзіць”. 

Поспех нашага ліцэя — ва ўзаемадзеянні: да нас прыходзяць высокаматываваныя дзеці, якія прагнуць ведаў. 

А мы не можам іх падвесці, таму ўсе разам працуем на вынік. У нас створана вельмі спрыяльная атмасфера. Тут камфортна вучыцца і створаны ўсе ўмовы. Акрамя ўрокаў, ёсць курсы для падрыхтоўкі да ЦТ, факультатывы. Апошняя чвэрць навучальнага года — трэнінгі, практыка, падрыхтоўка да здачы ЦТ. 

 

Матэматыка: важна зразумець ідэю

Наталля Цімашэнка — матэматык. Сёлета ў яе тры стабальнікі: акрамя Улада, яшчэ Ціхан Кананчук і Ліза Лобікава. Настаўніца гаворыць, што ад усіх траіх чакала толькі 100 балаў на ЦТ:

— Звычайна я рыхтуюся на тры ўрокі наперад — гэта асаблівасць работы з матываванымі навучэнцамі. У мяне павінны быць адказы на ўсе задачы. Работа з такімі дзецьмі не дазваляе выкладчыку расслабляцца. Гомельскі абласны дзяржаўны ліцэй — гэта сістэма. Гэта не толькі ўрокі, але і абавязковыя факультатывы і вячэрнія падрыхтоўчыя курсы. Улад, дарэчы, не прапускаў нічога. Заўсёды вельмі ўважліва слухаў на ўроках. У гэтым дзіцяці сышліся талент і працавітасць. Ён не шукаў у інтэрнэце адказаў на складаныя задачы: сам біўся над рашэннем. Калі ўсё ж не атрымлівалася штосьці, то толькі тады звяртаўся па дапамогу. Яму трэба даць ідэю, а не рашэнне задачы, і далей ён яе сам будзе развіваць. Улад у нас уседлівы, сабраны, мэтанакіраваны, не лі­чыць сябе зоркай. Між тым у яго ёсць добрае пачуццё гумару, прычым гумар у яго інтэлектуальны — каб нікога не пакрыўдзіць. Летась Улад удзельнічаў у турніры юных матэматыкаў, быў капітанам каманды — адказваў, калі іншыя члены каманды не маглі адказаць. 

 

Беларуская мова: як праяўляць пачуцці 

Вікторыя Карэлава — настаўніца беларускай мовы. Яна сцвярджае, што вучні ўстановы прыкладна 50 на 50 выбіраюць ЦТ па рускай і беларускай мове. 

— Мы ўласным прыкладам перацягваем на свой бок, — усміхаецца Вікторыя Пятроўна. — На другім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання Улад здаў беларускую мову на 80 балаў. Гавару яму: “Давай падцягваць”. Ён: “Для мяне мова цяжэйшая за матэматыку”. Мы ўзяліся за работу. На трэцім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання ў яго было ўжо 98, а на заключным выйшлі на 100 балаў. Пасля заключнага ЦТ ён задаў мне пытанні, каб сябе пераправерыць. Калі зразумеў, што адказаў правільна, выдыхнуў, супакоіўся і сказаў: “Усё будзе добра, Вікторыя Пятроўна”. Улад Лашкін праявіўся ў 11 класе. Хлопчык вельмі праца­здольны і паслухмяны. Ён ідзе за настаўнікам, ро­біць тое, што патрабуецца, і выконвае ўсё ад “а” да “я”. Разам з тым ён праяўляў і сваю індывідуальнасць. На літаратуры выказваў свой пункт гледжання і адстойваў свае думкі. Вельмі прыемна, калі такое праца­здольнае дзіця атрымлівае заслужаныя высокія балы. І такіх таленавітых дзяцей многа. Сёлета ў маіх вучняў чатыры сертыфікаты па 98 і тры — па 96 балаў. Вельмі цікава працаваць з такімі адоранымі дзецьмі. Матэматыкаў і фізікаў складана прымусіць чы­таць мастацкія творы, таму заўсёды вынаходзіш нешта адметнае. Літаратура фізікам патрэбна, каб яны ўмелі прая­віць свае пачуцці, а значыць, праявіць сябе, каб яны маглі адчу­ваць чужыя боль і радасць. 

 Ірына АСТАШКЕВІЧ.