Падатковую палітыку Беларусі ў 2017 годзе мяняць не плануецца, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў “Аб праектах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год і параметраў асноўных паказчыкаў на 2018—2019 гады, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскага бюджэту на 2017 год”.
“Падатковую палітыку на 2017 год мяняць не будзем, прапаноўваецца яе сфарміраваць, зыходзячы з дзеючай структуры, складу і колькасці падаткаў. Падатковую базу плануецца пашырыць толькі за кошт росту эканомікі, стварэння новых прадпрыемстваў”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Прадугледжваецца пераход з наступнага года на вылічэнне і выплату падаткаў, збораў, пошлін з долараў на беларускія рублі, у тым ліку пры вызначэнні падатковай базы для вылічэння зямельнага падатку. Гэта чарговы рэальны крок па дэдаларызацыі эканомікі. “Многае ў гэтым напрамку ўжо зроблена: мы адмовіліся ад долара ЗША па большасці разлікаў. Будзем адыходзіць ад выкарыстання замежнай валюты ў якасці эквіваленту меры кошту пры ўстанаўленні тарыфаў, ставак і цэн, у тым ліку па арэндзе і энергетыцы”, — сказаў ён.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што пытанні грашова-крэдытнай палітыкі — гэта тонкія інструменты рэгулявання макраэканамічнай збалансаванасці і стымулявання эканамічнага росту”. З гэтымі інструментамі трэба абыходзіцца вельмі акуратна. Пры гэтым эканоміка павінна развівацца. Галоўнае — знайсці гэты баланс. Параметры грашова-крэдытнай палітыкі збалансаваны з праектамі прагнозу і бюджэту”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Важна захаваць дасягнутую ўстойлівасць на валютным і дэпазітным рынку краіны. “Істотнай праблемай застаецца закрэдытаванасць прадпрыемстваў. У асноўным гэта валютныя крэдыты. Гэта праблема як прадпрыемстваў, так і банкаў, якую трэба вырашаць сумесна”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.