Як паведамлялася раней, 17—19 мая ў Футбольным манежы Мінска пачнецца II Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2016. Прыкметнай асаблівасцю гэтага спаборніцтва стане правядзенне ў яго рамках конкурсу JuniorSkills, на якім выступяць у прафесійных кампетэнцыях вучні сярэдніх школ, выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У мінулым годзе работа па развіцці руху JuniorSkills толькі пачыналася ў нашай краіне, затое некаторыя школьнікі з Беларусі змаглі паўдзельнічаць і нават перамагчы ў міжнародных спаборніцтвах JuniorSkills. Як ідуць справы ў развіцці руху JuniorSkills Belarus сёння, што адбываецца напярэдадні правядзення першага рэспубліканскага конкурсу, хто запоўніць месцы ў камандах, нашай газеце расказала намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці тэхнічны дэлегат JuniorSkills Ала Сцяпанаўна ГЕРАСІМУК.
У адпаведнасці з умовамі правядзення конкурсу JuniorSkills Belarus з лютага па красавік бягучага года ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны праходзілі адборачныя этапы спаборніцтва. Першы этап конкурсу прайшоў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і іншых арганізацыях, якія прынялі рашэнне аб правядзенні конкурсу. Другі этап — рэгіянальны — у абласцях і сталіцы.
Для арганізацыі і правядзення ўсіх этапаў JuniorSkills Belarus былі створаны арганізацыйныя камітэты, якія ажыццяўлялі арганізацыйна-тэхнічнае, метадычнае забеспячэнне кожнага з этапаў, фарміравалі па кампетэнцыях экспертны склад, вырашалі пытанні матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці рабочых месцаў конкурсу, вызначалі пераможцаў. Па выніках правядзення першага і другога этапаў конкурсу былі створаны каманды для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе JuniorSkills Belarus.
Як паказалі вынікі двух этапаў, найбольшая колькасць удзельнікаў будзе спаборнічаць у кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка”. Таксама ўсе вобласці і Мінск выставілі каманды для ўдзелу ў конкурсе па кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне”. Самай шматколькаснай будзе каманда сталіцы, дзе юныя мінчане прадстаўлены ва ўсіх конкурсных кампетэнцыях. Вялікую цікавасць да конкурсу праявілі таксама навучэнцы з Гомельскай вобласці. Рэгіён прадстаўляе 6 каманд, якія будуць спаборнічаць у 5 конкурсных кампетэнцыях.
Значная частка конкурсных кампетэнцый прадугледжвае выкананне заданняў у высокатэхналагічных, навукаёмістых галінах навукі і тэхнікі. Тым не менш у рэгіёнах краіны нямала жадаючых паказалі добрыя вынікі ў ходзе правядзення першага і другога этапаў конкурсу. Так, у рэспубліканскім этапе конкурсу ў кампетэнцыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” прымуць удзел 7 каманд, у кампетэнцыі “Прататыпаванне” паўдзельнічаюць таксама 7 каманд, а ў кампетэнцыі “Нейрапілатаванне” — 5 каманд.
Акрамя 7 конкурсных кампетэнцый, на пляцоўцы Футбольнага манежа будзе прадстаўлена таксама кампетэнцыя “Мехатроніка”, але толькі на дэманстрацыйным узроўні, арганізаваным пры актыўным садзейнічанні кампаніі Festo. На пляцоўцы наведвальнікі конкурсу змогуць не толькі паназіраць за дзейнасцю складаных робататэхнічных канструкцый, але і самастойна запраграмаваць іх.
Трэба заўважыць, што камандны склад рэгіёнаў прадстаўлены вельмі маштабна. Спачатку было цяжка ўявіць, што спаборніцтва JuniorSkills будзе такім папулярным у рэгіёнах. Высокі ўзровень актыўнасці, ініцыятывы, творчы падыход у многім залежаць ад кіраўніцтва Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай і інавацыйнай творчасці, які з’яўляецца каардынатарам руху JuniorSkills у нашай краіне. Не менш значным з’яўляецца ўклад органаў кіравання адукацыяй рэгіёнаў, непасрэдна ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. І гэта вельмі прыемна, калі конкурс пройдзе з такім творчым напорам і вялікім жаданнем школьнікаў праявіць сябе ў прафесійным плане і падаць сябе ва ўсёй красе.
Хацелася б прадставіць тых, з каго будуць фарміравацца каманды JuniorSkills Belarus, і расказаць, як праходзілі адборачныя туры ў рэгіёнах. Так, у Гомельскай вобласці першы этап Рэспубліканскага конкурсу прайшоў на базе абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, выхаванцы якога сталі пераможцамі па ўсіх кампетэнцыях: “Мабільная робататэхніка”, “Сістэмнае адміністраванне”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў” і “Нейрапілатаванне”. У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” выступалі навучэнцы дзвюх узроставых груп: малодшая (10—13 гадоў) і старэйшая (14—17 гадоў). Сярод 3 каманд малодшай групы пераможцамі сталі Арцём Гаўрыкаў і Мікіта Махаў, выхаванцы Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Сярод каманд старэйшай групы пераможцамі сталі Павел Цітоў, Аляксандр Углік. У кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” найлепшыя вынікі паказалі Арцём Варывончык і Ян Міскін з абласнога цэнтра. Кампетэнцыя “Інжынерны дызайн CAD” стала пераможнай для Юліі Шарынскай і Кірыла Алейніка. У кампетэнцыі “Тэхналогія БЛА” першыя месцы занялі Дзмітрый Буланаў і Данііл Сяроў, а ў кампетэнцыі “Нейрапілатаванне” — Ксенія Камінская і Віталь Ермакоў.
У спаборніцтвах JuniorSkills Belarus у Мінску лепшыя вынікі паказалі ў асноўным выхаванцы Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.
У кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” ўдзельнічалі 6 каманд, а пераможцамі сталі навучэнцы сталічных гімназій Леў Купчынаў і Мікіта Бесарабаў. У кампетэнцыі “Прататыпаванне” ўдзельнічалі дзве ўзроставыя групы: малодшая (10—13 гадоў) і старэйшая (14—17 гадоў). Пераможцамі ва ўзроставай групе 14—17 гадоў сталі Мікалай Штылеў і Глеб Кавалёў, якія наведваюць Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. Пераможцамі ўзроставай групы 10—13 гадоў прызнаны Уладзімір Краўчанка і Ілья Бурко. У кампетэнцыі “Прамысловая робататэхніка” прынялі ўдзел канкурсанты дзвюх узроставых груп: малодшай і старэйшай. Пераможцамі ў групе 14—17 гадоў сталі Максім Клімовіч і Аляксей Русакоў, а ў малодшай групе — Цімафей Бруханчык і Багдан Бураў. Пераможцы вызначаны і ў іншых кампетэнцыях.
У Брэсцкай вобласці ў кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” перамогу атрымалі Дзмітрый Кулажанка і Уладзіслаў Хала, навучэнцы гімназіі № 1 Брэста. У кампетэнцыі “Прататыпаванне” пераможцы Давід Такарчук і Дзяніс Усовіч з сярэдняй школы Чэрні Брэсцкага раёна. У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” выступалі навучэнцы дзвюх узроставых груп. Пераможцамі старэйшай групы сталі Уладзіслаў Ліс і Ягор Петрушко, а пераможцамі малодшай — Данііл Берташ і Мікіта Жагунь. Усе пераможцы прадстаўляюць гімназію № 5 Баранавіч. У кампетэнцыі “Тэхналогіі БЛА” 1-е месца занялі выхаванцы Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Мікіта Дудчык і Арцём Свірэпа.
У Мінскай вобласці ў сярэдняй школе № 5 Вілейкі прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу па ранняй прафарыентацыі і асновах прафесійнай падрыхтоўкі па методыцы JuniorSkills сярод навучэнцаў устаноў адукацыі. У фінале конкурсу прынялі ўдзел прадстаўнікі Барысаўскага, Дзяржынскага і Мядзельскага раёнаў. У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” перамаглі Андрэй Маліноўскі і Арцемій Месяц з гімназіі-інтэрната Мядзела. У кампетэнцыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” ва ўзроставай катэгорыі 14—17 гадоў пераможцамі сталі Уладзіслаў Ганчароў і Максім Грачуха, выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна. У кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” 1 месца заваявалі Максім Варакса і Максім Гладкі з сярэдняй школы № 4 Дзяржынска.
Гродзенская вобласць таксама шырока прадставіла абласны ўзровень JuniorSkills. У кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” прынялі ўдзел 3 каманды. Па выніках спаборніцтва пераможцамі сталі Дзмітрый Бурдук і Славамір Дубяга, якія прадстаўлялі Ваўкавыскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” ў малодшай групе перамаглі Мікіта Вераціла і Аляксей Антановіч. Пераможцы ў старэйшай групе — Аляксандр Есіс і Максім Сырыца. У кампетэнцыі “Прамысловая робататэхніка” перамаглі Фёдар Папоў і Данііл Карпуць. Усе пераможцы — выхаванцы Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці.
Магілёўскі рэгіён таксама актыўна прыняў удзел у адборачных турах. У кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” пераможцамі сталі Сяргей Слуцкі і Мікіта Бабкоў з сярэдняй школы № 25 Магілёва. У кампетэнцыі “Мабільная робататэхніка” спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых групах: 10—13 і 14—17 гадоў. У малодшай групе перамаглі Ілья Ніжнікаў і Аляксей Гарбаценка, у старэйшай групе — Ігар Бальцэвіч і Багдан Маклакоў. У кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” перамогу атрымалі Марыя Стрыгун і Аліна Халаімава, навучэнкі сярэдняй школы № 25 Магілёва, а пераможцамі другой каманды сталі Ян Клімовіч і Іван Волкаў з сярэдняй школы № 21 Магілёва. У кампетэнцыі “Нейрапілатаванне” перамаглі Канстанцін Чумарын і Мікіта Акулаў.
Па выніках адборачных этапаў конкурсу ў рэгіёнах у JuniorSkills Belarus — 2016 прыме ўдзел каля 90 канкурсантаў з усё Беларусі. Такія масавыя кампетэнцыі, як “Мабільная робататэхніка”, “Сістэмнае адміністраванне”, будуць прадстаўлены ў дзвюх узроставых групах: 10—13 і 14—17 гадоў. Нават такія новыя і прагрэсіўныя кампетэнцыі, як “Нейрапілатаванне” і “Прамысловая робататэхніка”, будуць дастойна прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе.
Ала КЛЮЙКО.