Падмацаваць тэорыю практыкай

Атрымаць спецыяльнасць “Тыфлапедагогіка” ў Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Марыя Апанасевіч і Таццяна Галавач вырашылі свядома, з асэнсаваннем адказнасці, якую прымаюць на сябе. Пасля заканчэння ўніверсітэта дзяўчаты ўладкаваліся на работу ў спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку, які з’яўляецца філіялам кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій інстытута, а таксама працягнулі вучыцца ў магістратуры. Сумяшчэнне тэарэтычных даследаванняў і практычнай дзейнасці дае выдатныя вынікі ў штодзённай карэкцыйнай рабоце, якую маладыя спецыялісты праводзяць з выхаванцамі.


— Пасля заканчэння школы я вучылася ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы па спецыяльнасці “Камерцыйная дзейнасць”, — гаворыць Марыя Апанасевіч. — Працавала па спецыяльнасці год, але гэтая дзейнасць асаблівага задавальнення не прыносіла. Новы прафесійны выбар быў абсалютна прадуманы. Мне спадабаўся факультэт спецыяльнай адукацыі. У першую чаргу тым, што веды, якія я магу там атрымаць, рознабаковыя, знаходзяцца на стыку медыцыны, псіхалогіі і педагогікі. Асабліва мяне цікавіла спецыфіка работы з дзецьмі з парушэннямі зроку.

Марыя Апанасевіч.

У 2018 годзе я з адзнакай скончыла Інстытут інклюзіўнай адукацыі і ўладкавалася на работу ў спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку. Адразу адчула сябе ўпэўнена, таму што ва ўніверсітэце атрымала добрую падрыхтоўку, дакладна ведала асаблівасці маіх выхаванцаў, а таксама якія метады і прыёмы неабходна выкарыстоўваць у рабоце з імі. Нашы выкладчыкі па-сучаснаму гля­дзелі на праблему навучання асаблівых дзяцей, прапаноўвалі нам шмат практыка-арыентаваных заданняў.

У хуткім часе я паступіла ў магістратуру Інстытута інклюзіўнай адукацыі. Тэма майго навуковага даследавання — “Педагагічная дыягностыка стану зрокавага ўспрымання ў дзяцей з парушэннямі зроку дашкольнага ўзросту на кампетэнтнаснай аснове”. Спецыяльная адукацыя, як вядома, імкнецца да інклюзіі. А дыягностыка ў тым выглядзе, як існуе зараз, не зусім адпавядае сучасным патрабаванням. Таму ёсць патрэба ў распрацоўцы новай праграмы педагагічнай дыягностыкі дзяцей з парушэннямі зроку. Чым я і займалася пад навуковым кіраўніц­твам дацэнта кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Святланы Яўгенаўны Гайдукевіч. У выніку ў нас атрымалася праграма педагагічнай дыягностыкі стану зрокавага ўспрымання для дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту. У ёй мы прапаноўваем выкарыстоўваць у працэсе дыягностыкі сучасныя падыходы — асобасна арыентаваны і кампетэнтнасны. Намі былі вылучаны спецыфічныя кампетэнцыі дзяцей з парушэннямі зроку, яны з’яўляюцца дыягнастычнымі крытэрыямі, а таксама былі распрацаваны дыягнастычныя заданні на кампетэнтнаснай аснове.

Кожнае дзіця павінна развівацца ў максімальна натуральным асяроддзі. Засваенне пэўных кампетэнцый лепш за ўсё адбываецца ў звычайных жыццёвых сітуацыях, звязаных з асабістым вопытам дзіцяці. Мы не проста даследуем навучанасць малога, напрыклад, ці ведае ён колеры, формы, як было раней. Зараз мы вывучаем, як дзіця можа выкарыстоўваць візуальныя характарыстыкі аб’ектаў у вырашэнні значных для яго задач. Трэба арыентавацца не на тое, што дзіця не ўмее, а на тое, што яно ўмее рабіць. Займацца развіццём яго функцыя­нальных зрокавых магчымасцей. У працэсе педагагічнай дыягностыкі за дзіцем неабходна назіраць і прапаноўваць выконваць комплексныя практычныя заданні. Такім чынам, мы зразумеем, як яно ўспрымае аб’ект і прастору, як сфарміравана яго зрокава-маторная каардынацыя, матывацыя да выкарыстання рэшткавага зроку. На аснове дыягностыкі складаецца планаванне і праводзіцца карэкцыйная работа з дзіцем па развіцці пэўных кампетэнцый. У новым навучальным годзе я буду працаваць па сваёй праграме, а таксама далучаць калег да гэтага вопыту. Сёння я з’яўляюся вык­ладчыкам-стажорам у педагагічным універсітэце, планую працягваць навуковыя даследаванні.

Добразычлівыя адносіны склаліся ў мяне з бацькамі выхаванцаў. Часта даю ім важныя парады. Калі яны актыўна ўключаюцца ў работу з дзіцем, то і дынаміка развіцця ў малыша, як правіла, высокая. Удзел дзяцей з парушэннямі зроку ў розных відах дзейнасці, дас­тупных іх узросту, магчымасць гуляць, выконваць розныя рухі, актыўнасць на музычных занятках, уменне пераадольваць цяжкасці, абапірацца на атрыманыя веды і увогуле магчымасць выглядаць вясёлымі і шчаслівымі — напэўна, аб такім выніку мараць бацькі выхаванцаў і ўсе спецыялісты нашай дашкольнай установы.


— Мне было цікава вучыцца на факультэце спецыяльнай адукацыі ў сённяшнім Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, — успамінае Таццяна Галавач. — На першых курсах мы вывучалі шмат агульнапедагагічных дысцыплін. Паступова ў вучэбным плане з’яўляліся спецыяльныя прадметы, лабараторныя заняткі, практыка ва ўстановах адукацыі. Ва ўніверсітэце я імкнулася быць актыўнай, распрацоўвала электронныя сродкі навучання для дзяцей з парушэннямі зроку, удзельнічала ў навуковых канферэнцыях. Дыпломную работу пісала па тэме “Інтэрактыўныя электронныя сродкі навучання малодшых школьнікаў з парушэннямі зроку рашэнню арыфметычных задач”. Неўзабаве пасля размеркавання ў спецыяльны яслі-сад № 19 Мінска для дзяцей з парушэннем зроку паступіла ў магістратуру, дзе вучылася ў рамках міжнароднага сеткавага праекта Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка і Інстытута спецыяльнай адукацыі і комплекснай рэабілітацыі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта. Абараніла магістарскую дысертацыю па ранняй комплекснай дапамозе дзецям (ад нараджэння да 3 гадоў) з адхіленнямі развіцця. Падчас вучобы пазнаёмілася са структурай ранняй комплекснай дапамогі ў нашай краіне і ў Расіі, з падыходамі і тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюць спецыялісты абедзвюх краін. У навуковай рабоце давялося распрацоўваць этапы фарміравання перадумоў гульнявой дзейнасці ў дзяцей з парушэннямі зроку ў рамках правядзення карэкцыйна-педагагічнай работы.

Таццяна Галавач.

Сёння працую ва ўніверсітэце вык­ладчыкам-стажорам. У мае абавязкі ўваходзіць правядзенне практычных і лабараторных заняткаў са студэнтамі, іх кансультаванне па напісанні курсавых работ, кіраўніцтва практыкай. Любы тэарэтычны матэрыял, які я абмяркоўваю са студэнтамі, заўсёды магу падмацаваць прыкладамі з практыкі. У той жа час з выхаванцамі ў дзіцячым садзе магу апрабаваць ідэі і падыходы, з якімі знаёмлюся ва ўніверсітэце. Даводзіцца пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень. Свае даследаванні планую працягваць.

У дзіцячым садзе працую ў асноўным са слабавідушчымі дзецьмі, якія маюць функцыянальныя парушэнні зроку — амбліяпію і касавокасць. Аднак маю вопыт работы і з невідушчымі дзецьмі. Право­джу групавыя і індывідуальныя заняткі. У іх аснове — гульнявая дзейнасць. Выкарыстоўваю метадычныя асновы, якія былі распрацаваны мной у рамках магістарскай дысертацыі. Карыстаюся спецыяльнымі дапаможнікамі, у тым ліку самаробнымі, для развіцця зрокавага ўспрымання, пазнавальнай дзейнасці, прасторавай і сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. У рабоце з выхаванцамі мая задача — сфарміраваць у іх кампенсаторныя навыкі і ўменні, а таксама падрыхтаваць іх да будучага пас­пяховага навучання ў школе. Вельмі важна ў пытаннях навучання дзяцей з АПФР наладзіць цеснае супрацоўніцтва паміж усімі спецыялістамі ўстановы, а таксама заручыцца падтрымкай бацькоў.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.