Падмурак для новай школы

будзе закладзены ўжо ў снежні

Да будаўніцтва новай школы прыступілі ў маладым мікрараёне № 96 Гомеля. На аб’екце ідзе падрыхтоўчы этап. Яго завяршэннем стане закладка падмурка.

Перадпраектную дакументацыю выканаў інстытут “Гомельпраект”. На пачатку бягучага года заданне на распрацоўку праекта аб’екта атрымаў інстытут “Гіпражылмаш”. Архітэктары сутыкнуліся з пэўнымі праблемамі, звязанымі з геалогіяй тэрыторыі. Залежы торфу нагадваюць аб тых часах, калі ў гэтым месцы было возера, потым балота. Спецыялісты вырашылі, што частку будынка школы паставяць на падмурак на палях. Гэта новы для вобласці аб’ект і па архітэктуры, і па іншых характарыстыках.

Сёння пачаты падрыхтоўчыя работы. Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Дзмітрый Мурашка расказаў, што будынак размесціцца на плошчы 3,5 га. Трохпавярховы корпус, які складаецца з чатырох блокаў, будзе разлічаны на 845 навучэнцаў у адну змену. У тым ліку для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі будзе створана безбар’ернае асяроддзе.

У першым блоку будуць размешчаны кабінеты адміністрацыі, настаўніцкая старшых класаў, медыцынскі пункт, пост аховы, бібліятэка з чытальнай залай, кнігасховішча, гардэроб і нават кінафоталабараторыя. У другім — вучэбныя класы, пакоі адпачынку для першакласнікаў. У трэцім, акрамя вучэбных класаў, будуць знахо­дзіцца спецыялізаваныя кабінеты па інфарматыцы, хіміі, фізіцы і лінгафонныя кабінеты.

На першым паверсе чацвёртага блока праектам прадугледжана сталовая з дзвюма абедзеннымі заламі і буфет, басейны для вучэбнага і спартыўнага плавання. Паверхам вышэй — актавая зала, на трэцім — фізкультурныя залы. На тэрыторыі ўладкуюць вялікі стадыён, гульнявыя зоны, пляцоўку для вывучэння правіл дарожнага руху і зоны адпачынку. Прадугледжаны і спецыяльныя зоны для зарадкі мабільных тэлефонаў.

Да мантажу падмурка будаўнікі плануюць прыступіць ужо ў снежні. Пасля пачнецца асноўны этап, які ўключае ўвесь спектр будаўніча-мантажных работ і добраўпарадкаванне тэрыторыі. На аб’екце маюць намер выкарыстоўваць сучасныя будаўнічыя матэрыялы беларускай вытворчасці.

Нарматыўны тэрмін узвядзення новай школы ў 96-м мікрараёне — 15 месяцаў. Але прадпрыемства-генпадрадчык не выключае магчымасці скараціць заяўлены тэрмін здачы, у тым ліку за кошт прыцягнення дадатковых сіл і арганізацыі работы ў тры змены. Пры неабходнасці плануецца прыцягваць субпадрадныя арганізацыі. Не выключана, што тут будуць працаваць і байцы студэнцкіх атрадаў БРСМ.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.