Падмурак для вучобы

Больш за 100 юных вынаходнікаў амаль з усіх раёнаў Гомельшчыны прадставілі свае распрацоўкі на XX Абласным конкурсе “ТэхнаІнтэлект”, які традыцыйна прайшоў на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Разам з камандамі-пачаткоўцамі, якія ўпершыню прадставілі свой раён на конкурсе, выступала шмат вопытных калектываў. Так адбываецца штогод, бо многія рэгіёны з году ў год ствараюць цікавыя праекты, удзел у “ТэхнаІнтэлекце”, нібыта эстафета, перадаецца ад адной каманды другой.

Інтэлектуальны конкурс прадугледжвае спаборніцтвы ўдзельнікаў у тэарэтычным туры і навукова-практычнай канферэнцыі. На канферэнцыі юныя вынаходнікі выступалі з аўтарскімі праектамі ў 6 секцыях: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка, электратэхніка і энергетыка, робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Навуковыя даследаванні і эксперымент, астраномія”, “Інфарматыка і праграмаванне, вылічальная тэхніка”.

Варта адзначыць, што за два дзесяцігоддзі свайго існавання “ТэхнаІнтэлект” істотна змяніўся. Апошнім часам канкурсанты ўсё часцей звяртаюцца да распрацовак у галіне робататэхнікі і праграмавання. Таму, кажуць арганізатары, напрамкі конкурсу былі вызначаны не выпадкова — яны адпавядаюць як навукова-тэхнічнаму прагрэсу, так і інтарэсам дзяцей. Для сучасных школьнікаў такія распрацоўкі не проста забава. Пры жаданні многія маладыя даследчыкі могуць прасоўваць далей свае наватарскія ідэі і знаходзіць ім практычнае прымяненне. Дарэчы, удзел у конкурсе таксама дазваляе закласці падмурак для будучай вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Абарона распрацовак праходзіць па аналогіі з абаронай студэнцкіх работ, і нярэдка былыя канкурсанты пішуць курсавыя і дыпломныя работы па праектах, якія ў свой час прадстаўлялі на суд журы інтэлектуальнага спаборніцтва.

Як заўважыў на адкрыцці конкурсу прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ імя Ф.Скарыны Ігар Семчанка, “ТэхнаІнтэлект” — гэта ўнікальная магчымасць раскрыць свае таленты, праверыць свой фізіка-матэматычны ўзровень, заявіць пра сябе, навучыцца прафесійна прэзентаваць уласныя распрацоўкі, адстойваць свой пункт погляду.

Трэба сказаць, што прайсці праз гэты конкурс, тым больш атрымаць перамогу, даволі няпроста. Далёка не кожны навучэнец гатовы ў роўнай ступені паказаць свае веды ў тэарэтычным туры і паспяхова абараніць свой праект.

— Як правіла, цікавасць удзельнікаў прыкавана да стварэння і абароны праектаў, але для журы важны баланс паміж тэарэтычнымі і практычнымі ведамі, — патлумачыла намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Валянціна Аўчыннікава. — На жаль, нярэдка выходзіць так, што дзеці робяць унікальныя праекты, аднак не здольны рашыць задачу. Бывае і наадварот: канкурсант дасканала валодае тэорыяй, але далёкі ад практыкі.

Але прозвішчы некаторых юнакоў гучалі сярод пераможцаў як у тэарэтычным туры, так і ў секцыях навукова-практычнай канферэнцыі.

Так, навучэнец Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Андрэй Ганчарэнка атрымаў 1-е месца ў сваёй узроставай групе ў тэарэтычным туры і 1-е месца ў секцыі “Радыёэлектроніка”.

Вучань 10 класа сярэдняй школы № 44 Гомеля Раман Роўба, акрамя 2-га месца ў тэарэтычным спаборніцтве, пакінуў за сабой перамогу ў секцыі “Навуковыя даследаванні і эксперымент”, а таксама стаў пераможцам асабістага заліку сярод вучняў 11 класаў.

Двойчы ў ліку пераможцаў спаборніцтва былі названы імёны навучэнца гімназіі № 10 Гомеля Паўла Рафеева і навучэнца гімназіі Петрыкава Паўла Шлягі. Хочацца адзначыць, што ў гэтым спісе — таленавітыя юныя вынаходнікі з устаноў адукацыі Брагінскага, Добрушскага, Хойніцкага, Жлобінскага, Мазырскага, Светлагорскага раёнаў.