Падмурак, на якім будуецца ДЗІЦЯЧАЕ ШЧАСЦЕ

- 11:05Сацыяльны ракурс

Увечары да мяне прыйшла сяброўка. Мы селі піць гарбату, і яна раптам пачала плакаць. Я занепакоілася. Яна не так даўно выйшла замуж, і я адразу падумала, што ўзніклі нейкія праблемы ў сям’і.
— Ды не, — супакоіла мяне сяброўка. — Проста я сёння ў дзіцячым доме была…
Яна паведаміла мне пра нейкага маленькага хлопчыка. Ён падышоў да яе, паклаў рукі на калені і, гледзячы ў вочы, запытаў: “А ты б хацела быць маёй мамай?”, а потым хуценька, мабыць, баючыся адказу, дапоўніў: “А я вельмі б хацеў, каб ты была маёй матуляй”.
— Так шкада мне яго, — гаварыла маладая жанчына. — Я прапанавала мужу ўсынавіць гэтага хлопчыка…
Так у маладой сям’і з’явілася першае дзіця. Сёння той самы хлопчык ужо студэнт адной з прэстыжных УВА, паспяхова скончыў музычную школу, стварыў свой рок-гурт і радуе бацькоў поспехамі і дасягненнямі. Нават цяжка ўявіць, што ўсяго гэтага ў юнака магло б і не быць.

Чалавек павінен выхоўвацца ў сям’і

У аснове ўсяго жыцця чалавека ляжыць сям’я. І яе роля не толькі ў выхаванні. Сям’я робіць чалавека шчаслівым, дае яму пэўныя магчымасці; менавіта ў сям’і ён спасцігае пачуцці, вучыцца жыць і вызначаць прыярытэты. Як правіла, дзіця, пазбаўленае сям’і, застаецца без усяго гэтага. А цяпер уявіце сабе, колькі ў краіне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Толькі ў Гомельскай вобласці іх больш за чатыры з паловай тысячы. Горка разумець, што такія лічбы дае нам сацыяльнае сіроцтва, калі пры жывых бацьках дзеці вымушаны жыць у сацыяльных прытулках, інтэрнатах, чужых сем’ях. Так ці інакш, праблема існуе, і яе трэба вырашаць. Арыентацыя была выбрана на сямейнае выхаванне. Усынаўленне дзіцяці — гэта адказны і няпросты крок, і далёка не кожная сям’я адважыцца на яго. Выйсце было знойдзена ў стварэнні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
— Вопыт работы па ўладкаванні дзяцей у сем’і паказвае, што толькі ў сям’і найбольш поўна адбываюцца паступовыя пазітыўныя змены ў развіцці дзяцей, станаўленні іх характару, з’яўляецца ўпэўненасць у будучыні, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Ж.А.Ждановіч на адкрыцці абласнога семінара на тэму “Арганізацыйна-метадычныя аспекты развіцця дзіцячых дамоў сямейнага тыпу”.
Хаця такая форма работы на Гомельшчыне пачата не ўчора, актыўна вядзецца і дае добрыя вынікі, да гэтага часу падобных семінараў не праводзілася.
— Сёння мы маем ужо шмат прыкладаў паспяховага выхавання дзяцей у сямейных дамах, — гаворыць метадыст вучэбна-метадычнага аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі А.А.Валашыненка. — Канечне, гэта не родныя бацькі, але прынцыпы выхавання не парушаюцца: сямейны адпачынак, дапамога па гаспадарцы, чытанне кніг, гутаркі — прысутнічаюць усе звычайныя сямейныя традыцыі, накіраваныя на станаўленне асобы дзіцяці, падрыхтоўку да дарослага жыцця.
Аднак, як адзначае Алена Андрэеўна, да бацькоў-выхавальнікаў прыходзяць розныя дзеці, са сваім характарам, з пэўнымі праблемамі і нейкім багажом перажытых цяжкасцей, таму прафесійная дапамога абавязкова павінна прысутнічаць. Раённыя аддзелы адукацыі і сацыяльна-педагагічныя цэнтры з гэтай роляй вельмі добра спраўляюцца. Але ж пытанні, якія ўзнікаюць, у асноўным пераклікаюцца, таму спецыялісты ўпраўлення адукацыі і Гомельскага АІРА прыйшлі да высновы, што трэба вучыцца адно ў аднаго праз трансляцыю вопыту. Так узнікла ідэя правядзення семінара для бацькоў-выхавальнікаў і кіраўнікоў сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Месцам правядзення першага семінара быў выбраны Жыткавіцкі раён. І нездарма. У Жыткавіцкім раёне працуе шэсць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе выхоўваюцца больш за сорак дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Сярод іх, дарэчы, сямёра з псіхафізічнымі асаблівасцямі, а дваім яшчэ няма і трох гадоў. За апошнія сем гадоў выпускнікамі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу сталі 19 непаўналетніх, і ўсе яны добра ўладкаваліся ў жыцці.

Прыярытэты аднолькавыя

Семінар аказаўся доўгачаканым: удзельнікі праявілі непадробны інтарэс. Для кожнага з іх гэта была яшчэ і вучоба. У рамках семінара быў прадстаўлены вопыт работы па стварэнні і развіцці дзіцячых дамоў сямейнага тыпу ў Жыткавіцкім раёне, прапанавана мадэль іх суправаджэння сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі, вызначаны асноўныя напрамкі выхаваўчай работы ў сямейных дамах.
Бацькі-выхавальнікі, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, аддзелы адукацыі — у кожнага свой напрамак і свой пласт работы ў адносінах сіроцтва, але задачы і прыярытэты аднолькавыя, а таму ўзаемасувязь і ўзаемадапамога ў гэтай справе становяцца падмуркам, на якім будуецца будучыня дзіцяці.
Шмат цікавых прыкладаў і фактаў прадставілі спецыялісты на пленарнай частцы мерапрыемства. Насамрэч, арганізацыя работы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу даволі складаная справа, і не заўсёды тут усё ідзе гладка. Вядома, часцей за ўсё на выхаванне да бацькоў-выхавальнікаў, як і ў прыёмныя сем’і, трапляюць няпростыя дзеці, таму падчас адаптацыі нярэдка ўзнікаюць праблемы, а ў прыёмных бацькоў, на жаль, недастаткова педагагічных ведаў, якія дапамаглі б спраўляцца са складанымі сітуацыямі. Адсюль і выпадкі перамяшчэння сірот з сям’і ў сям’ю, а іншы раз — у інтэрнат ці сацыяльна-педагагічныя цэнтры, што, бясспрэчна, адмоўна адбіваецца на дзіцяці. Аб гэтым гаварыла ў сваім выступленні намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Т.І.Цяпугіна. І ўсё ж добрых прыкладаў значна больш. Удзельнікі семінара змаглі ўпэўніцца ў гэтым, наведаўшы сямейныя дзіцячыя дамы Жыткавіцкага раёна.
— Значную ролю ў рабоце бацькоў-выхавальнікаў і, адпаведна, у якасці сямейнага выхавання адыгрываюць сацыяльна-педагагічныя цэнтры, — заўважыла маці-выхавальнік І.Р.Плахіх. — Пры цесным узаемадзеянні любыя пытанні лёгка вырашаюцца. Да таго ж спецыялісты нашага раённага цэнтра спачатку паступова наладжваюць узаемаадносіны паміж бацькамі і дзіцем, і толькі потым адпраўляюць яго ў сям’ю.
У якасці прыёмнай сям’і Ірына Рыгораўна разам з мужам Алегам Уладзіміравічам упершыню выступілі ў 2006 годзе. А потым вырашылі стварыць дзіцячы дом сямейнага тыпу — хацелася як мага больш дзяцей абагрэць любоўю і клопатам. Зараз у гэтых цудоўных бацькоў-выхавальнікаў растуць дзевяць дзяцей. Усе яны розныя па характары, па звычках і ўзросце, але ўсіх іх аб’ядноўвае моцная згуртаваная і дружная сям’я.
Калі сярод чытачоў ёсць скептыкі, якія не вельмі вераць у тое, што ў сямейным доме можа панаваць любоў і ўтульнасць дамашняга ачага, паспяшаюся пераканаць у адваротным.

Сцены, якія грэюць

Вось мы ў сям’і Таццяны Міхайлаўны Яроменка. У гэтым доме выхоўваюцца дзесяць дзетак. У дарослае жыццё з яго сцен адпраўлена шасцёра.
— Чатыры гады назад мы пазнаёміліся з дзецьмі з Хойнікаў, якія знаходзіліся ў прыёмнай сям’і, — расказвае жанчына. — Падчас размовы мы даведаліся, што ў дзяўчынак яшчэ ёсць маленькі брат, ён знаходзіцца недзе ў абласным цэнтры ў доме дзіцяці. І мы вырашылі аб’яднаць усіх разам у нашай сям’і. Маленькага Віцю мы забралі. Ён падрастаў, а мы з мужам усё больш прывязваліся да яго. Ды і баяліся, каб хлопчыка не разлучылі з роднымі сёстрамі, таму падалі заяву на ўсынаўленне.
Слухаеш гэты аповед, і разумееш: толькі людзі з добрым сэрцам і сапраўднай любоўю да дзяцей могуць клапаціцца пра інтарэсы сірот і прымаць такія рашэнні. У гэтым доме пануе цеплыня і разуменне, якіх дзеці не адчувалі побач з біялагічнымі бацькамі. Дзяўчынка Надзея, якая вырасла ў сям’і Яроменка, ужо працуе, але так і засталася жыць з бацькамі-выхавальнікамі. Яна гаворыць, што тут ёй добра і ўтульна.

Мама, а чаму ты так доўга не прыходзіла?

У вёсцы ўсе адно аднаго ведаюць. А сям’ю Рудніцкіх з Вільчы ведаюць ва ўсім раёне. І не толькі таму, што яны ўладальнікі аграсядзібы “Палессе”, а яшчэ і таму, што яны цудоўныя бацькі-выхавальнікі, якія не баяцца ніякіх цяжкасцей у імкненні падарыць дзецям шчаслівае дзяцінства.
Васіль Вячаслававіч і Таццяна Аляксандраўна заўсёды марылі пра вялікую сям’ю, але атрымалася так, што ў іх нарадзілася толькі двое дзяцей — дачка і сын. Аднойчы муж прапанаваў узяць на выхаванне дзетак з дзіцячага дома ці школы-інтэрната. Так і зрабілі. Спачатку ў сям’і з’явіліся Лена і Дзіма. Пазней муж і жонка пазнаёміліся ў дзіцячым прытулку з дзвюма сястрычкамі — Алёнай і Таняй. Узялі дзяўчынак да сябе на два дні.
— Калі прыйшоў час вяртацца, дзяўчынкі абнялі мяне і мужа і ў адзін голас сказалі: “Мама і тата, можна мы застанемся з вамі жыць?” Так у нас з’явіліся яшчэ дзве дачкі, — са шчырай усмешкай расказвае сваю гісторыю Таццяна Аляксандраўна.
Потым у сям’і Рудніцкіх з’явіліся яшчэ дзве сястрычкі — Наташа і Анжэла. Вось так хутка іх дом напоўніўся дзіцячым смехам. Але ў доме на 57 квадратных метраў вялікай сям’і было цеснавата. Насупраць дома стаяў закінуты будынак, які належаў калгасу і які збіраліся зносіць. Муж і жонка звярнуліся да старшыні райвыканкама, і будынак быў бязвыплатна перададзены ім. Ні падлогі, ні дзвярэй — адны сцены. Але гэта не напужала працавітых бацькоў, і яны пачалі рамонт. Дырэктар Жыткавіцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра В.А.Лясько не пакінуў іх, звярнуўся па дапамогу ў дабрачынны дзіцячы фонд, кіраўнік якога ў сваю чаргу папрасіў дапамогі ў ірландскага прадстаўніцтва “Дапамога дзецям Чарнобыля”, і там ахвотна пайшлі насустрач. Адсвяткаваўшы наваселле, на сямейным савеце разам з дзеткамі вырашылі, што цяпер у доме ёсць месца для іншых дзяцей. І сям’ю Рудніцкіх папоўнілі яшчэ сястрычкі Вольга і Іна.
— Дзяўчынак шмат, а хлопчык адзін, — працягвае гісторыю маці. — У пошуках будучага мужчыны мы накіраваліся ў Мазырскі дзіцячы дом. Так атрымалася, што замест аднаго мы прывезлі двух хлопчыкаў — Ваню і Рому. Калі мы селі ў машыну, Рома спытаў: “Мама, а чаму ты так доўга не прыходзіла, я цябе чакаў?”. А я і кажу: “Сыночак, а я цябе так доўга шукала і нарэшце знайшла. Мы з табой ніколі больш не расстанемся”.
Ганарацца Рудніцкія і сваімі трыма выпускніцамі. Старэйшая, Алёна, ёй ужо 18 гадоў, атрымала прафесію кухара і працуе афіцыянткай у рэстаране. Вольга выйшла замуж, нарадзіла дачушку. Лена вучыцца ў аграрна-тэхнічным ліцэі. Дзверы дома для іх заўсёды адчынены, і бацькі-выхавальнікі падтрымліваюць сваіх былых выхаванцаў.

Нядзеля — мамін дзень

У прыгожым палескім куточку, у старажытным Тураве, жыве яшчэ адна дзівосная мнагадзетная сям’я — сям’я Калоська. Там, дзе трое сваіх, хопіць месца і цяпла і для сіротак. Так вырашылі аднойчы Сяргей Рыгоравіч і Валянціна Пятроўна і ўзялі на выхаванне хлопчыка Максіма. Хацелася дапамагчы і іншым дзецям, але, згодна з палажэннем аб прыёмнай сям’і, яны маглі ўзяць толькі двух дзяцей, бо ўжо мелі траіх сваіх. Паразважаўшы, муж і жонка вырашылі стварыць на базе свайго дома дом сямейнага тыпу. Яны не так даўно ў ролі бацькоў-выхавальнікаў, але ім ужо ёсць чым ганарыцца. Пяцёра дзяцей з іх сямейнага дома ўсынавілі, а значыць, дзеці набылі сапраўдную сям’ю.
— Зразумела, да дзяцей прывыкаеш, любіш іх. Балюча і шкада з імі расставацца, — прызнаецца Валянціна Пятроўна. — Але мы разумеем, што гэта добра для дзетак, у іх ужо свая сям’я. Усынавілі іх людзі добрыя, усе падтрымліваюць з намі сувязь, дасылаюць нам па электроннай пошце фотаздымкі дзяцей, тэлефануюць вельмі часта, расказваюць, як растуць нашы былыя выхаванцы.
Яшчэ чацвёра дзяцей з сям’і Калоська ўжо скончылі школу, двое скончылі вучобу і працуюць, а двое яшчэ вучацца. З усімі дзецьмі бацькі-выхавальнікі падтрымлі-ваюць зносіны і заўсёды рады бачыць іх у сваім доме. Тым больш што некаторы час гэтыя сцены былі роднымі для сірот, яны жылі жыццём гэтай сям’і, яе традыцыямі. Дарэчы, адной з такіх традыцый Валянціна Пятроўна падзялілася. Паколькі ў мнагадзетнай сям’і не толькі маленькія дзеці, але і вялікія, склалася такая традыцыя: у нядзелю ў маці на кухні выхадны, дзеці самастойна гатуюць абед і вячэру, займаюцца прыбіраннем у доме. А наогул, дзеці заўсёды дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Свінні, куры, карова, сабака і кот — вось такая ў іх гаспадарка. Таму ў кожнага дзіцяці свае абавязкі: нехта вады занясе, нехта курэй накорміць.
Што бачым? Бачым добры вынік. Трапляючы ў сям’ю, дзеці пачынаюць адчуваць клопат і любоў, яны вучацца, развіваюць свае здольнасці і таленты, ім прывіваецца павага да працы, да сямейнага ладу. Сэрцы многіх дзяцей, якія трапляюць на выхаванне ў сямейны дзіцячы дом, прайшлі праз зусім не дзіцячыя пакуты і выпрабаванні, і трэба быць бясконца ўдзячнымі тым людзям, якія знаходзяць у сабе жаданне і сілы адагрэць дзіцячыя сэрцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.