Падмурак поспехаў і дасягненняў

Сёння наша “Суботняя планёрка” завітала на Лагойшчыну, адукацыйная прастора якой дынамічна развіваецца. Педагогі прымаюць актыўны ўдзел у інавацыйнай дзейнасці па ўкараненні цьютарскага суправаджэння, STEAM-адукацыі, этнакультурных тэхналогій, павышаючы сваё майстэрства і вырашаючы пытанні прафесійнага станаўлення і самавызначэння вучняў, развіваюцца школьныя бізнес-кампаніі, дзе навучэнцы набываюць эканамічныя веды і навыкі планавання сваёй дзейнасці. Пра гэта расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Лагойскага райвыканкама Галіна Дзмітрыеўна СОБАЛЬ.

— Якія поспехі прынёс раёну мінулы навучальны год?

— У 2018/2019 навучальным годзе навучэнцы Лагойскага раёна прынялі ўдзел у 2 міжнародных конкурсах і заваявалі 5 узнагарод. Высокую выніковасць прадэманстравалі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Лагойска. На Міжнародным конкурсе “На сваёй зямлі” яны заваявалі 3 дыпломы III ступені, дыплом лаўрэата, а на Міжнародным фестывалі-конкурсе “Аранжавае сонца” — дыплом II ступені. На XII Рэспубліканскім конкурсе дзіцячых навукова-практычных праектаў эколага-біялагічнай тэматыкі “Празрыстыя хвалі Нарачы” сямікласніца плешчаніцкай сярэдняй школы № 2  Валерыя Раговіч была ўзнагароджана дыпломам фіналіста. Навучэнка 9 класа Крайскай сярэдняй школы Надзея Уладыка адзначана спецыяльным дыпломам на абласным фестывалі “Школа прадпрымальніцтва” (стартап “Зялёны свет”).

Другакласнік Астрашыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сцяпан Жураўлёў заваяваў дыплом II ступені на Рэспубліканскім конкурсе па робататэхніцы Robolab.

Актыўны ўдзел дэманструюць навучэнцы ў дыстанцыйных алімпіядах па нямецкай і англійскай мовах, хіміі, фізіцы, матэматыцы. Так, па матэматыцы  дыплом II ступені — у пяцікласніцы гімназіі Лагойска Лізаветы Сяргеен­ка, дыплом III ступені — у сямікласніка гэтай жа ўстановы Ягора Мельнічэнкі.

Па беларускай мове і літаратуры дыплом I ступені заваяваў вучань 5 класа гімназіі Лагойска Сямён Анішчук,  дыплом II ступені —  навучэнка 6 класа Косінскай сярэдняй школы Марыя Ізбавіцель.

Не адстаюць ад дасягненняў па вучэбных прадметах і юныя спартсмены: каманда Лагойскага раёна па выніках мінулага навучальнага года заняла 3-е месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і 3-е месца ў абласных спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” у змешанай эстафеце (сярэдняя ўзроставая група).

— Як у новым навучальным годзе арга­нізавана профільнае навучанне? Ці ёсць у вас класы прафесійнай накіраванасці?

— У бягучым навучальным годзе на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі 200 навучэнцаў 10—11 класаў (53%) вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Адкрыта група педагагічнай накіраванасці, у 5 установах агульнай сярэдняй адукацыі адкрыты 2 класы і 4 групы аграрнай накіраванасці.

Прыемна, што павялічваецца коль­касць выпускнікоў, якія выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці і паступаюць у педагагічныя ўніверсітэты па мэтавым накіраванні. У 2019 годзе па мэтавым накіраванні паступілі 18 выпускнікоў (у 2018 годзе іх было 11).

Для 180 навучэнцаў 10—11 класаў, якія засвойваюць прадметы на базавым узроўні, арганізавана прафесійная падрыхтоўка па такіх спецыяльнасцях, як “Вышывальшчыца тэкстыльна-галантарэйных вырабаў”, “Швачка”, “Слесар па рамонце аўтамабіляў”, “Вадзіцель аўтамабіля”, “Сталяр”, “Агароднік”.

— Галіна Дзмітрыеўна, як у школах раёна праходзіць шосты школьны дзень?

— Асаблівая ўвага ў шосты школьны дзень удзяляецца правядзенню спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Навучэнцы і іх бацькі, педагогі прымаюць актыўны ўдзел у абласной акцыі “Міншчына спартыўная”. Кожную суботу праводзяцца школьныя дні здароўя, праходзяць раённыя спаборніцтвы згодна з планам круглагадовай спартакіяды школьнікаў. Не спыняецца трэніровачны працэс навучэнцаў Лагойскай КСДЮШАР на базе ўстаноў адукацыі, спартыўных комплексаў “Заечая паляна”, “Лагойск”, “Сілічы”, фізкультур­на-спартыўных комплексаў Лагойска і Плешчаніц.

Кожнае дзіця знаходзіць справу па душы. У цэнтры дзіцячай творчасці працуюць аб’яднанні па інтарэсах мастацкай, харэаграфічнай, спартыўнай, мастацкай накіраванасці, па камп’ютарнай графіцы, робататэхніцы. 

Навучэнцы займаюцца валанцёрскай дзейнасцю. Значнае месца займае работа грамадскіх аб’яднанняў БРПА і БРСМ, іх уд зел у правядзенні акцый, конкурсаў. У Год малой радзімы і падчас падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне навучэнцы, іх баць­кі, педагогі працягваюць работу па добра­ўпарадкаванні помнікаў, месцаў воінскіх пахаванняў, ствараюць віртуальныя маршруты па месцах баявой славы, арганізоўваюць экскур­сіі.

— Якая ўвага ўдзяляецца пытанням ўзаемадзеяння з сям’ёй?

— Асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з бацькамі: інфармацыйна-асветніцкая работа, сацыяльна-псіхолага-педагагічная работа, сумесная творчасць. Яны рэалізоўваюцца праз работу клубаў “Для вас, бацькі”, “Здароўе”, клуба бацькоў. Прыярытэтнымі кірункамі дзейнасці з’яўляюцца сустрэчы са спецыялістамі, круглыя сталы, дыспуты, псіхалагічныя трэнінгі, тэматычныя вечары (сустрэчы з цікавымі людзьмі, вечары творчасці сям’і). Папулярнымі з’яўляюцца масавыя мерапрыемствы: спартыўныя спаборніцтвы і турніры, гульні “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, “Гульнявы аўкцыён”), лыжныя прагулкі, турыстычныя паходы, а таксама выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці (сумесная творчасць бацькоў і дзяцей).

Клуб “Матчына сэрца” для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, створаны з мэтай аказання ім кансультацыйнай, педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі па хвалюючых пытаннях. Работа з замяшчальнымі сем’ямі праводзіцца ў рамках клуба “Надзея”.

Удзельнікі клубаў разам з навучэнцамі, педагогамі прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні акцый “Падары радасць дзецям” па зборы падарункаў дзецям-інвалідам, якія пражываюць у Лагойскім раёне, “Навагодні цуд”,  “Міншчына спартыўная”.

— Галіна Дзмітрыеўна, што для вас Дзень настаўніка? Як у раёне вы ўшаноўваеце педагогаў?

— Ёсць прафесія Радзіму абараняць, а ёсць прафесія вучыць і выхоўваць маладое пакаленне. Педагогам бацькі даверылі самае галоўнае — сваіх дзяцей. Час настойліва па­трабуе бесперапыннага ўдасканалення прафесійных навыкаў. Нашы намаганні накіраваны на тое, каб дзеці ўсебакова раскрылі свае таленты, рэалізавалі магчымасці, атрымалі якасную адукацыю. Менавіта школа дапамагае атрымаць неабходныя веды, развівае юныя таленты, фарміруе актыўную канкурэнтаздольную асобу, закладвае трывалы падмурак будучых поспехаў і дасягненняў.

У прафесійнае свята ўпраўленне па адукацыі, спорту і турызму для педагогаў раёна арганізоўвае святочны канцэрт, таксама настаўнікі, чые вучні і выхаванцы дасягнулі высокіх вынікаў у вучэбнай, творчай, спартыўнай дзейнасці, узнагароджваюцца граматамі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама, Лагойскага райвыканкама, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму раёна.

З асаблівай сардэчнасцю і хваляваннем вымаўляем мы такое простае, але вельмі значнае слова “настаўнік”. Педагог — гэта не толькі прафесія, а ў большай ступені прызванне. Ад усёй душы віншую вас, паважаныя калегі, з цудоўным святам  — Днём настаўніка! Жадаю вам ніколі не ўсумніцца ў высакароднасці і грамадскай значнасці сваёй працы. Моцнага здароўя, прафесійных знаходак і здзяйсненняў, вялікага асабістага шчасця і дабрабыту!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.