Падмуркі,

або Камяні, якія плачуць слязамі радасці…

* * *

Ты вось чалавек. Дарога — тваё жыццё.

Ты ідзеш спачатку па вясковай гравейцы, потым па старадаўняй брукаванцы і нарэшце па гарадскім асфальце. Твая дарога гладкая, як і ўсё тваё жыццё: вясковая гравейка, старадаўняя брукаванка, гарадскі асфальт… Нават людзі, якія табе сустракаюцца, здаюцца табе гладкімі. Усё гладка, усё — лады.

Але ўяві сабе іншы варыянт. Ты зноў жа чалавек. Але ідзеш па сваёй жыццёвай дарозе і ўвесь час спатыкаешся на каменьчыках. Спыняешся, глядзіш пад ногі, а там душа чалавечая, якая прымусіла цябе спыніцца і задумацца: што б было, калі б не спыніўся, калі б прабег проста так, пераступіўшы… А каменьчыкі — гэта ж душы чалавечыя. Пераступіш, не прыпынішся, не азірнешся — і знікнуць, як быццам і не было іх. Гэта, калі хочаце, і ёсць прызванне сапраўднага настаўніка — наступіць на каменьчык. Спатыкнуцца на сваёй дарозе. Прыпыніцца. Зірнуць уніз і даць дарогу іншаму “каменьчыку” — чалавеку… А гэта ж і ёсць лёс кожнага сапраўднага настаўніка. У нашым выпадку гэта лёс настаўніцы пачатковых класаў і рускай мовы і літаратуры Тамары Аляксандраўны Дубко з Лагойшчыны.

Тамара Аляксандраўна ведае дакладна дні нараджэння кожнага са сваіх вучняў (віншуе іх штогод), іх месцы працы, іх жыццёвыя буколікі. На 150-годдзе іх роднай Слабодскай школы яна паклікала і ўсіх. І ўсе яны прыйшлі.

* * *

Яны прыйшлі радасныя… Усе радасныя, бо прыйшлі да сваёй любімай Тамары Аляксандраўны.

Кажуць, што з каменя сляза не цячэ. Звычайна такое кажуць пра чалавека-каменя, з якога ніколі не дапросішся звычайнай чалавечай спагады і звычайных чалавечых слёз. Але ёсць і звычайныя ледавіковыя камяні, якія плачуць. Слязамі гора і радасці. Гора — за тое, што з імі сталася. Радасці — за тое, што яны прынеслі людзям.

Гэтыя камяні называюцца выключна беларускім словам — падмуркі.

Падмуркі — гэта аснова дома, тое, на чым ён трымаецца.

Няма падмуркаў — няма і дома. А калі няма дома, дык нібыта няма і людзей, якія ў ім жылі, няма таго, чым яны жылі, і таго, як яны жылі… Жылі і радаваліся свайму дому.

Слабодская школа існавала з 1867 па 1981 год. У 90-х тут месцілася бібліятэка, вясковы клуб. Будынак знеслі ў 2010-х. Але засталіся падмуркі.

* * *

З вуснаў Тамары Аляксандраўны слухаю адметную гісторыю яе роднай вёскі.

З адменай прыгоннага права ў 1861 годзе вёска Слабада стала цэнтрам Гайна-Слабодскай воласці. Людзі пачалі разумець увесь сэнс гэтых не даступных раней для іх разумення сэнсаў — мець сваю зямлю, жыць заможна, радавацца свайму жыццю і жыццю сваіх дзетак… А праз некалькі гадоў у слабодцаў выспела жаданне: іх дзеці павінны быць адукаванымі, каб выйсці ў вялікі свет. Так, у 1867 годзе па просьбе жыхароў Слабады і пры матэрыяльнай падтрымцы ўладальніцы маёнтка Мураваны Двор Кацярыны Смаляк (за некалькі кіламетраў ад Слабады) было прынята рашэнне аб адкрыцці ў Слабадзе школы. Спадарыня Кацярына і яе зяць — барон Рутленд — ахвяравалі на пабудову школы 20 рублёў, што было немалымі грашамі на той час. У дадатак яны паабяцалі выплачваць штогод па 15 рублёў на ўтрыманне школы (часовы рамонт, дровы, аплату працы прыбіральшчыцы і інш.) на працягу 10 гадоў. Акрамя таго, сяляне вёскі Слабады сабралі 210 рублёў 70 капеек — па 10 капеек з кожнага дарослага мужчыны. Гэтыя грошы пайшлі на аплату працы настаўніцы і майстра школьнай майстэрні.

Першыя 10 гадоў школа месцілася ў доме Кацярыны Смаляк, а ў 1877 годзе займела ўласны новы будынак. Там жа далі прытулак і аднаму школьнаму настаўніку.

У школу хадзілі дзеці не толькі са Слабады, але і з найбліжэйшых вёсак — Айнаравіч, Звярыніч, Родзевіч, Мураванкі, Равячына і Масцішча. У 1924 годзе ў Слабодскай школе вучыўся 61 вучань.

У 1930 годзе школа стала сямігодкай і заняла яшчэ будынак колішняй павятовай управы. А перад самай Вялікай Айчыннай вайной быў пабудаваны школьны будынак. Сёння толькі самыя старыя слабодцы памятаюць прозвішчы даваенных дырэктараў — Івана Карачуна і Міколы Таболіча.

Падчас вайны школа папрацавала зусім нямнога, а ў 1943 годзе яе разабралі…на лазню на беразе Дзікага возера.

Пасля вайны тры гады ў Слабадзе была пачатковая школа, якая тулілася ў хатах вяскоўцаў. А ў 1947 годзе быў узведзены спецыяльны будынак у самым цэнтры Слабады на скрыжаванні вуліц. На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі раённыя, абласныя і рэспубліканскія начальнікі.

З 1962 па 1980 год школа мела статус васьмігодкі. У 1980 годзе стала пачатковай, праз год была закрыта.

* * *

Я сяджу з Тамарай Аляксандраўнай на прызбе яе хаты за сто метраў ад колішняй сямігодкі.

Яна называе былых дырэктараў школы: Фёдара Сцяпанавіча Палачаніна (1949—1952, вёў беларускую мову і літаратуру), Ніну Пятроўну Краўчанка (1952—1956, вяла рускую мову і літаратуру), Хану Сямёнаўну Данчанка (1956—1961, вяла матэматыку), Станіслава Мікалаевіча Малея (1961—1964, вёў матэматыку), Фёдара Сцяпанавіча Палачаніна (1964—1966), Паўла Сідаравіча Бурага (1966—1969, вёў рускую мову), Галіну Васільеўну Плотнікаву (1969—1971, вяла рускую мову), Ніну Архіпаўну Залатую (1971—1974, вяла гісторыю), Станіслава Аляксандравіча Ліхтаровіча (1974—1980, вёў гісторыю).

Апошні год у сваёй роднай школе яна правяла адна — без дзяцей, без шуму школьных званкоў, без шоргату школьных пеналаў і пластылінаў… Вось так бывае ў гэтым жыцці.

Ужо не было дырэктара, ужо не было дзяцей, а яна была, як заўсёды, на сваім месцы настаўніцы. Каго яна вучыла чытаць, пісаць? Каго яна вучыла складаць вершы, правільна будаваць сказы? Каго яна рабіла з дзяцей?

Настаўніца пачатковых класаў Слабодскай школы Тамара Дубко стала апошняй настаўніцай школы.

* * *

Углядаюся ў яе шэра-блакітныя вочы, там — неба… Наша шэра-блакітнае неба, якое выпесціла тысячы выдатных мужчын і жанчын — вучоных, пісьменнікаў, вайскоўцаў, хлебаробаў, механізатараў.

Пазіраю тым часам на яе струджаныя ногі. Зіркаю ў тое месца, дзе знаходзіцца сэрца. А там — самае большае неба! Там — сэрца, якое стала небам для нашых вучоных, пісьменнікаў, вайскоўцаў, хлебаробаў, механізатараў…

Слухаю Тамару Аляксандраўну. Яна паказвае мне школьны альбом і з вялікай любоўю расказвае пра сваіх выхаванцаў: “Гэтая — тэлефаністка, гэтая — рабочая, гэты — шафёр, гэты — рабочы…”

* * *

“Я як архівіст… Мне гэта цікава. А больш гэта нікому і нецікава!”

Тамара Аляксандраўна прызнаецца, што не памятае кожнага са сваіх першых вучняў, але апошніх — усіх.
— Я іх у піянеры прымала… — кажа яна і тут жа дабаўляе: — А вось гэты хлопчык памёр ужо. Сэрца спынілася раптоўна”.

* * *

На 150-годдзе роднай школы яна сабрала іх усіх. Тых, хто застаўся. Яны прыйшлі. Радаваліся юбілею. Радаваліся сустрэчы з роднай настаўніцай. Настаўніцы, якая — адна! — зрабіла неверагоднае: сабрала ўвесь архіў сваёй роднай школы, захавала гісторыю роднай школы для сябе, для вучняў, для самой гісторыі.

Калі я зараз пішу пра Тамару Аляксандраўну, думаю: і адкуль бяруцца такія людзі, якія любяць усіх, нават самых нядбайных вучняў, усіх сваякоў, увесь свет?

Я вельмі даўно з ёй знаёмы, хоць нас падзяляе вялікая розніца ва ўзросце. Самае шчырае паэтычнае віншаванне заўсёды ад яе. Я ўсе яе паштоўкі захоўваю.

* * *

Дык вось, мы сядзім і гутарым…

Адрываю ад нашай трохгадзіннай гутаркі толькі асобныя цытаты, але вы зразумееце, хто яна такая — Тамара Аляксандраўна Дубко.

“Галоўнай у маім жыцці заўсёды была любоў да людзей. А калі да людзей, дык і да песні. Песня ў нашай хаце заўсёды гучала. І, як бы цяжка ні было, я заўсёды спявала. Загарэлася была печ — а я пяку бліны і спяваю…”

“Было шмат розных весялосцей у нас у Слабадзе — збіраліся на падворку ў Валерыка Маркуса і адзначалі Купалле. Што мы вытваралі! Да раніцы спявалі і танцавалі! Фантазія проста буйнавала!”

“Калі летась споўнілася 150 гадоў нашай Слабодскай школе, я назбірала ўсе тэлефоны выпускнікоў, якія змагла знайсці. Мы з мужам, Віктарам Дубко, загадзя зрабілі спецыяльныя стэнды, развесілі іх у Слабадзе і Гайне, нават у Лагойску — каб пра нас не забыліся. Прыехала больш за 50 чалавек. Усе вельмі прыстойныя людзі”.

“Былі розныя цікавосткі, якія ўспаміналі выпускнікі. Напрыклад, быў у нас такі настаўнік працы Несцер Пятровіч Пашэвіч. У яго майстэрня была ў Манькі Маўчановай. Але пакуль ён дойдзе туды, асабліва зімой, палова ўрока пройдзе. Дык ён урокі працы пасярод зімы праводзіў на вуліцы”.

“А яшчэ вось такая цікавостка. Пра яе таксама ўспаміналі выпускнікі. Толькі ў 1961 годзе ў школе дзецям сталі даваць гарбату. Адну гарбату. Без цукерак, нават іншым разам без цукру… Праз некалькі гадоў сталі даваць да гарбаты пячэнне. Вось гэта была дзіцячая радасць!”

“Калі я пачынала збіраць звесткі пра нашых настаўніц, з вялікім жалем зразумела, што з першага выпуску 1950 года ўжо нікога жывога няма”.

“Сэнс жыцця ў тым, каб табе было цікава жыць. А калі нецікава — дык навошта жыць? Я ж не проста зрабіла летапіс маёй школы. І не проста стварыла свята на яе 150-годдзе. За некалькі месяцаў да свята я тэлефанавала сваім былым вучням, каб яны перадавалі інфармацыю сваім сябрам. Адзін з выпускнікоў, як мне потым сказалі, у адрас мяне кінуў: “Яна здурнела! Школы даўно няма! Якое 150-годдзе? Яе закрылі даўно”. Я тады толькі і змагла сказаць: “Дык школа — гэта ж не памяшканне. Школа — гэта жыццё”.

***

Пра Тамару Аляксандраўну я мог бы гаварыць яшчэ шмат. І пра яе добрага мужа Віктара Сяргеевіча Дубко, таксама настаўніка, для каго, як і для яе, гэта шчасце прыносіць радасць людзям і сабе. І пра тое, якія вандроўкі ён здзяйсняе на веласіпедах з дзецьмі. І пра тое, што вёска Слабада стала культурніцкім сэрцам Лагойскага раёна… Душой усёй Лагойшчыны.

***

Я ішоў да Тамары Аляксандраўны на інтэрв’ю і нават не звярнуў увагі на голае поле з камянямі на ўзбочыне, дзе калісьці была Слабодская школа.

Бо не ведаў усёй праўды.

А гэта голая праўда.

Настаўніца зрабіла тое, што павінны былі б зрабіць гісторыкі і архівісты, — узнавіць гісторыю школы і… краіны.

Яна зрабіла гэта для сваіх былых вучняў і калег. І для самой сябе.

* * *

Памятаеце, я казаў, што жыццё чалавека — гэта дарога. Па вясковай гравейцы, па старадаўняй брукаванцы, па гарадскім асфальце… А яшчэ па каменьчыках, якія могуць трапляць табе пад ногі, дзе б ты ні ішоў.

Тамара Аляксандраўна, калі закрывалася школа ў 1981 годзе, збірала ўсе архівы ў вясковыя торбы — усе школьныя журналы, усе дзённікавыя запісы настаўнікаў і вучняў, усе паперкі і цыдулкі тых гадоў. Яна нават сама не ведала, што робіць. Але гэта ўсё было проста для яе дарагое. Яна хацела гэта захаваць.

Спякотным днём ад Тамары Дубко ішоў на аўтобус у Мінск і ўсё ж спыніўся перад тымі камянямі, якія калісьці былі падмуркамі Слабодскай школы.

Сфатаграфаваў іх.

Цішком пацалаваў.

І яны заплакалі.

Я нават не ведаю — з гора ці з радасці…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.