Падрастаюць гаспадары малой радзімы

Малая радзіма! Няма нічога бліжэйшага, даражэйшага і мілейшага за гэтыя словы. Спадзяюся, для маіх выхаванцаў назаўжды застанецца ў сэрцы вёска Доцішкі, дзе яны нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, вымавілі першыя словы і атрымліваюць веды.

Падчас першых восеньскіх канікул маленькія вучні адправіліся на экскурсію па малой радзіме. Пастаялі пад магутнымі клёнамі, пагладзілі іх шурпатыя ствалы, удыхнулі водар свежага паветра, атрымалі асалоду ад яркіх фарбаў восені — сэрцам дакрануліся да роднай зямлі.

Шлях наш ляжаў на малочна-таварную ферму “Доцішкі”, дзе пасля інструктажу па тэхніцы бяспецы дзеці змаглі прасачыць увесь вытворчы цыкл з’яўлення малака. Загадчык фермы паведаміў, што ў кожнай каровы сваё імя, кожную неабходна пакарміць, падрыхтаваць да дойкі. Акрамя таго, кожная чакае ласкавага слова і ўвагі, а інакш не падпусціць да сябе. Даярка ўключыла даільную ўстаноўку, і малако пайшло па трубах.

Далей наш маршрут прывёў на механічны двор КСУП “Доцішкі”. Тут найбольшае ўражанне выклікалі камбайны: хацелася ўсё разгледзець, дакрануцца, а некаторым пашчасціла і пасядзець за рулём машыны. Ужо закончана ўборка ўраджаю. Камбайнер і яго памочнік старанна правяраюць тэхніку, высвятляюць, што неабходна адрамантаваць да новай уборкі. Сучасныя камбайны абсталяваны бартавымі камп’ютарамі, якія дапамагаюць камбайнеру выбраць неабходны рэжым, паказваюць на колькі запоўнены бак і бункер. Гэта вельмі ўразіла маленькіх школьнікаў.

Каб вырасці сапраўднымі руплівымі гаспадарамі сваёй зямлі, ужо з маленства выхаванцам неабходна дапамагчы зразумець, дзе можа спатрэбіцца кожны з маленькіх грамадзян. Я веру: настане момант, і яны, мае вучні, праявяць сябе і ўпішуць свае імёны ў гісторыю малой радзімы — кавалачка нашай зямлі пад назвай Доцішкі.

Гражына ЦЫРОНАК,
настаўніца пачатковага навучання Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.