Падружыліся ў “Дружбе”

- 11:20Навіны рэгіёнаў

Дзіцячы аздараўленчы лагер “Дружба” — адно з любімых месцаў адпачынку гродзенскіх дзяцей.

У маляўнічым куточку на беразе прыгожага возера, сярод векавых сосен размясціўся аздараўленчы лагер “Дружба” ААТ “Гроднапрамбуд”, у які штогод на летніх канікулах імкнецца прыехац­ь дзетвара. Той, хто пабываў тут хоць раз, вяртаецца зноў, як і каманда педагогаў, выхавальнікаў. Сёння важатымі працуюць нават тыя, хто, будучы дзецьмі, не раз тут адпачываў. У лагеры ўпэўнены, што “Дружба” — гэта не толькі назва, менавіта дружба аб’ядноўвае ўсіх: і выхаванцаў, і важатых — у, здавалася б, часовым калектыве, але тут кожны гатовы прыйсці на дапамогу іншаму.

Сёлета падчас кожнай з чатырох змен у лагеры адпачываюць 135 дзяцей. База можа прыняць значна больш, аднак ва ўмовах прафілактыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі вырашана абмежаваць колькасць адпачываючых.

— Да адкрыцця змены кожны атрад рыхтуе свой куток, нумары мастацкай сама­дзейнасці, прыдумвае назву, у творчы працэс уключаюцца не толькі дзеці, дапамага­юць выхавальнікі, — расказала педагог-арганізатар дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” Святлана Адамчук. — Праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў, прыязджаюць і лазертаг, і цырк, але ў асноўным мы рыхтуем іх сваімі сіламі. Праходзяць квесты, канцэрты, танцавальныя конкурсы. Вельмі цікавым было танцавальнае шоу, калі дзеці прадстаўлялі танцы плямён вострава “Дружба”. Здавалася, што яны рыхтаваліся не дзень, а на працягу цэлага года, бо ім удалося паказаць сапраўдны справа­здачны канцэрт танцавальных калектываў. Праявіць свае таленты выхаванцы лагера змаглі падчас фестывалю “Новыя імёны — 2021”.

Значная ўвага ўдзяляецца грамадска-патрыятычнаму выхаванню. Агульныя і асобныя ў кожным атрадзе мерапрыем­ствы накіраваны на раскрыццё велічы і хараства нашай краіны. Дзеці з захапленнем прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Беларусь у маім сэрцы”, квестах, прысвечаных вандроўкам па краіне, памятным месцам краіны, і іншых мера­прыемствах.

Кожны дзень у атрадах вызначаецца герой дня. На лінейцы яны атрымліваюць сімвалічныя медалі. Праявіўшы сябе ў жыцці лагера, напрыклад, у працоўных справах ці ў камунікацыі, можна таксама атрымаць спецыяльны значок. А ў канцы змены актыўныя дзеці атрымліваюц­ь не толькі традыцыйны сувенір ад лагера, але і памятны падарунак.

— Мы заўсёды робім акцэнт на рэфлексіі: важна не толькі тое, як ты сябе адчу­ваеш, але і чаму ты ў выніку навучыўся, — адзначыла Святлана Адамчук. — Мы вучым дзяцей знахо­дзіць станоўчае нават у звычайных рэчах, пазітыўнае — у простым.

 Многія мерапрыемствы ў аздараўленчых лагерах падобныя, але толькі ў “Дружбе” кожны дзень спяваюць песні пра дружбу, адна з іх нават стала гімнам лагера. Ёсць тут і свае грошы — дружбікі, якія можна зарабіць за добрыя справы. Лета, на жаль, хутка праходзіць. Але ў памяці надоў­га застаюцца песні каля вогнішча, вясёлыя дні ў любімым лагеры. І, безумоўна, далей працягваецца дружба з дзецьмі з “Дружбы”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара і прадастаўлена ДАЛ “Дружба”.