Падрыхтоўчы працэс: Беларусь апраўдала ўсе чаканні

- 10:22Інфармацыйная гадзіна

Падрыхтоўка да II Еўрапейскіх гульняў абмяркоўвалася на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў кіраўніка ЕАК, як ён ацэньвае падрыхтоўку Беларусі да правядзення ў наступным годзе II Еўрапейскіх гульняў, ці ёсць у яго якія-небудзь заўвагі або пажаданні. “У нас сапраўды ёсць аб чым пагаварыць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Янез Качыянчыч адзначыў, што Еўрапейскія алімпійскія камітэты задаволены працэсам падрыхтоўкі да маючых адбыцца спаборніцтваў. “Вашы супрацоўнікі вельмі добра ажыццяўляюць сваю работу. Мы ўжо знаходзімся на завяршальнай стадыі падрыхтоўчага працэсу. І аргкамітэт, і прафесійныя супрацоўнікі выконваюць сваю работу на вельмі высокім узроўні”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў прэзідэнта ЕАК, Беларусь апраўдала ўсе чаканні. “Мы ведалі, што так і будзе, таму што ў Беларусі шмат вопыту ў галіне арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў”, — канстатаваў Янез Качыянчыч.

Ён таксама павіншаваў беларускі бок з паспяховым выступленнем на зімовай Алімпіядзе, што прайшла ў Пхёнчхане. “15-е месца ў свеце — гэта сапраўды дасягненне. І вы тым самым пацвярджаеце высокі ўзровень беларускага спорту”, — заявіў кіраўнік ЕАК.

Па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч заявіў журналістам, што з нецярпеннем чакае адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

“Еўрапейскія алімпійскія камітэты поўнасцю задаволены той падрыхтоўкай, якая праведзена на гэты момант. Мы з аптымізмам і ўпэўненасцю гля-дзім у будучыню, таму што ў вас гэтымі пытаннямі займаюцца кваліфікаваныя, добра падрыхтаваныя, прафесійныя кадры, — падкрэсліў Янез Качыянчыч. — Я з нецярпеннем чакаю таго моманту, калі прыеду сюды на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў у наступным годзе””.

Адказваючы на пытанне аб магчымым прадузятым стаўленні суддзяў да некаторых беларускіх алімпійцаў у Пхёнчхане, Янез Качыянчыч адзначыў, што на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам непасрэдна гэтае пытанне не закраналася. “Ведаеце, я са Славеніі, і ў нас таксама ёсць пэўныя прэтэнзіі. Але суддзі — гэта суддзі, спорт — гэта спорт, перамога дасягаецца не за зялёным сталом перагавораў, а на спартыўных пляцоўках”, — сказаў кіраўнік ЕАК.

Еўрапейскія алімпійскія камітэты — міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 50 нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Еўропы. Яна была заснавана ў 1975 годзе, яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Рыме.

Асноўная задача ЕАК — кіраўніцтва алімпійскім рухам і развіццё алімпізму ў Еўропе ў адпаведнасці з Алімпійскай хартыяй. ЕАК забяспечвае рэгулярнае правядзенне Еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх фестываляў і з 2015 года — Еўрапейскіх гульняў.

Беларусь атрымала права правядзення II Еўрапейскіх гульняў на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у кастрычніку 2016 года. Дагавор на правядзенне спаборніцтваў быў заключаны 1 верасня 2017 года.