Падрыхтоўка блізіцца да завяршэння

- 9:40Адукацыйная прастора

Крыху больш за тыдзень застаецца да пачатку новага навучальнага года. Установы адукацыі краіны за летнія месяцы засумавалі па звонкіх галасах сваіх выхаванцаў і з нецярпеннем чакаюць іх. Зараз тут наводзяць апошні глянец.

Як расказалі ў камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама, сертыфікаты гатоўнасці да новага 2021/2022 навучальнага года атрымалі ўжо практычна ўсе сталічныя ўстановы адукацыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, за парты сталічных школ 1 верасня сядуць каля 212,5 тысячы дзяцей. Усяго ў сістэме адукацыі Мінска 786 устаноў розных відаў, у якіх налічваецца больш за 333 тысячы выхаванцаў і навучэнцаў. З іх 12 484 — выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі. За апошнія пяць гадоў у горадзе значна павялічылася колькасць дзяцей. Амаль на 800 хлопчыкаў і дзяўчынак вырасла колькасць першакласнікаў у гэтым годзе.

Усяго ў новым навучальным годзе ў Мінску будзе працаваць 245 школ і гімназій, у тым ліку дзве новыя ўстановы. Гэта сярэдняя школа № 224 з басейнам па вуліцы М.Пташука, 17 (мікрараён Лошыца-9). Яна разлічана на 1020 навучэнцаў. Крыху меншая сярэдняя школа № 225 расчыніць дзверы ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку — па праездзе Універсітэцкім, 5 (Першамайскі раён). У ёй адначасова змогуць вучыцца 750 дзяцей.

Пасля капітальнага рамонту будзе ўве­дзена пяць школ. У тым ліку пераедзе ў новы будынак па вуліцы Цікоцкага кадэцкае вучылішча. Пасля праведзенай рэканструкцыі да новага навучальнага года расчыніць дзверы гімназія № 25. У яе з’явілася вялікая чатырохпавярховая прыбудова. Таксама абноўлены сярэднія школы №№ 167, 48 і 60. Зможа ў верасні прыняць выхаванцаў і адрамантаваны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ранак”, размешчаны на праспекце Газеты Праўда, 50. Пры гэтым на капітальны рамонт з адсяленнем закрываюцца гімназія № 4 і сярэднія школы №№ 104, 160 і 210. У Мінску на рамонт школ сёлета з бюджэту накіравана амаль 72 мільёны рублёў.

Ва ўстановах адукацыі Мінска завяршаецца ўстаноўка сістэм бяспекі і відэаназірання — дадатковых камер і турнікетаў на ўваходах. Па стане на 16 жніўня турнікеты ўстаноўлены ў 85% школ. Дагаворы з Дэпартаментам аховы МУС заключаны практычна ўсюды. І ў 82% такіх устаноў адукацыі ёсць камеры відэаназірання. У найбліжэйшы час гэтая работа бу­дзе завершана.

Грошы на ўстаноўку дадатковых відэакамер, заключэнне дагавораў з Дэпартаментам аховы выдзелены з бюджэту горада. Турнікеты закупляліся за кошт пазабюджэтных сродкаў, прыцягваліся спонсары, арганізацыі і прадпрыемствы, якія шэфствуюць над установамі адукацыі. Фінансавую дапамогу аказвалі і прыватныя кампаніі. Дадатковыя відэакамеры накіраваны на ўваход. Іх плануецца падключыць да гарадской і рэспубліканскай сістэм відэаназірання. Плануецца, што праведзеная работа выведзе Мінск у лідары па сістэмах бяспекі ва ўстановах адукацыі краіны.

Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці ў новым навучальным годзе будуць вучыцца больш за 163 тысячы навучэнцаў. У сельскіх школах — 55,6 тысячы дзяцей, у гарадскіх — 108 тысяч. Упершыню школьны званок празвініць для 17 987 хлопчыкаў і дзяўчынак са сталічнага рэгіёна. У дашкольныя ўстановы вобласці прыйдуць больш за 63 тысячы выхаванцаў.

Усяго на Міншчыне больш за 1110 школ і дзіцячых садоў. У бягучым годзе ў рэгіёне таксама плануюць увесці ў эксплуатацыю сярэднюю школу на 720 месцаў у Стоўбцах, дзіцячы сад на 230 месцаў у пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна, а таксама сярэднюю школу на 720 месцаў і дзіцячы сад на 230 месцаў у пасёлку Калодзішчы-2 Мінскага раёна.

Сярэдняя школа № 4, якая адкрыецца ў Стоўбцах 1 верасня, разлічана на 32 класы. Установа абсталявана ў адпаведнасці з самымі сучаснымі патрабаваннямі да адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. У будынку школы ёсць вучэбныя кабінеты і лабараторыі, памяшканні для працоўнага навучання, спартыўныя залы з раздзявалкамі, цір, лыжная база, памяшканні для медыцынскага абслугоўвання, рэсурсныя цэнтры, агульнашкольны цэнтр з актавай залай і пакоем грамадскіх арганізацый, памяшканні для эстэтычнага выхавання і гурт­ковай работы, памяшканні адміністрацыйна-гаспадарчага і дапаможнага прызначэння, харчаблок, басейн. Ва ўстанове створана ўніверсальнае безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (ёсць ліфт, пандус, мабільныя лесвічныя пад’ёмнікі, абсталяваны спецыяльныя месцы ў вучэбных кабінетах, санвузлы, душавыя).

Зараз школы і дзіцячыя сады вобласці заканчваюць падрыхтоўку да новага навучальнага года. На правядзенне іх рамонту з бюджэту вобласці было выдзелена больш за 17 мільёнаў рублёў.

Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці найбольш запатрабаваны настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі ў дзіцячых садах. Гэтыя вакансіі закрываюцца маладымі педагагічнымі работнікамі і настаўнікамі пенсіённага ўзросту, а таксама за кошт павелічэння педагагічных ставак.

Дарэчы, напярэдадні 1 верасня ва ўстановы адукацыі сталічнага рэгіёна прыбудзе амаль тысяча маладых спецыялістаў.

Установы адукацыі Міншчыны праводзяць работу па падборы кадраў на пасады кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Складзены штатныя расклады, у залежнасці ад колькасці навучэнцаў у школах уведзены адпаведныя стаўкі. Кандыдатуры на гэтую пасаду прапрацоўваюцца кіраўнікамі ўстаноў адукацыі сумесна з мясцовымі ваенкамамі і прадстаўнікамі МУС. У першую чаргу разглядаюцца ваен­ныя з педагагічнай адукацыяй. Ва ўпраўленні адукацыі Мінаблвыканкама лічаць, што гэта павінен быць не проста чалавек, які будзе право­дзіць урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а асоба з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.