Падрыхтоўка да школы на асобным кантролі

Больш за 400 школьных базараў будуць працаваць у Беларусі напярэдадні новага навучальнага года. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі “Школьныя базары — 2021: таварны асартымент, актуальныя калекцыі школьнай формы і новыя пункты продажаў” начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл Жыгала.

“Да новага навучальнага года міністэрства падрыхтавалася загадзя. Мы выбудоўвалі работу па трох асноўных напрамках. Першая секцыя тычылася арганізацыі гандлю. Гэта даволі працаёмкі блок, ён пачаўся традыцыйна ў маі. Мы з нашымі калегамі з канцэрна “Беллегпрам” і Міністэрства адукацыі падпісалі міжгаліновы план мера­прыемстваў па забеспячэнні вытворчасці, пастаўкі і рэалізацыі тавараў да новага навучальнага года. У ім было прадугледжана правядзенне шырокага спектра мерапрыемстваў, якія накіраваны на забеспячэнне бесперабойнага гандлю таварамі школьнага асартыменту. План даволі аб’ёмны, ён вызначае асноўныя падыходы па ланцужку тавараперамяшчэння, пачынаючы ад вытворцы і заканчваючы непасрэдна ўжо аб’ектам гандлю, куды прыходзіць спажывец для таго, каб набыць прадукцыю. У рамках гэтага напрамку па краіне ва ўсіх рэгіёнах будзе арганізавана работа больш як 400 школьных базараў і кірмашоў”, — сказаў Міхаіл Жыгала.

Паводле яго слоў, дадаткова право­дзяцца пашыраныя продажы, выставы-продажы і кірмашы выхаднога дня. У рэгіёнах захавана практыка продажу тавараў школьнага асартыменту ў цэнтральных раёнах гарадоў на пляцоўках, якія прымыкаюць да гандлёвых аб’ектаў, і ў нестацыянарных гандлёвых аб’ектах.

Ён адзначыў, што ў гандлёвых арганізацыях аформлены куткі школьніка, куткі першакласніка, а таксама выдзелены дадатковыя гандлёвыя месцы і плошчы для рэалізацыі тавараў школьнага асартыменту.

Гэтыя мерапрыемствы суправаджаюцца рознымі рэкламнымі акцыямі. Напрыклад, арганізуецца дэманстрацыя ма­дэлей школьнага асартыменту, право­дзяцца розныя конкурсы, уручаюцца падарункі і прызы.

Прадстаўнік МАРГ падкрэсліў, што гандаль праходзіць у спакойнай атмасферы, ніякага ажыятажу або ўсплёскаў спажывецкага попыту на гэты асартымент тавараў не назіраецца. “Пэўны пік продажаў традыцыйна прыпадае на другую палову жніўня. Да гэтага піку наш гандаль цалкам гатовы”, — рэзюмаваў ён.

Другі напрамак, па якім міністэрства выбудоўвае работу, — гэта асартымент тавараў. “У арганізацыях гандлю асартымент будзе вельмі шырокі. Ён уключае традыцыйны спектр тавараў, пачынаючы ад школьнага адзення і заканчваючы канцылярскімі таварамі. У гандлёвых аб’ектах будзе прадстаўлена больш за 400 мадэлей адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, а таксама больш за 100 мадэлей абутку”, — растлумачыў Міхаіл Жыгала.

Трэці напрамак — цэнавая сітуацыя. “У нас ёсць адпаведныя даручэнні як кіраўніка дзяржавы, так і ўрада Беларусі аб тым, што ў бягучым годзе цэны павінны быць даступнымі для насельніцтва. У сувязі з гэтым у бягучым годзе мы падышлі да пытання больш уважліва. Былі выпрацаваны адпаведныя рэкамендацыі для суб’ектаў гандлю, суб’ектаў аптовага звяна, а таксама для вытворцаў па фарміраванні цэн на тавары школьнага асартыменту. Яны даведзены да ведама ўсіх зацікаўленых. У рамках гэтых рэкамендацый вытворцам неабходна захоўваць гранічна максімальны нарматыў рэнтабельнасці, які склаўся за 2020 год па адпаведнай таварнай пазіцыі, а суб’ектам, імпарцёрам (у цэлым суб’ектам гандлю як аптовага звяна, так і рознічнага гандлю) неабходна захоў­ваць гранічна максімальныя надбаўкі, памер якіх не павінен перавышаць 30 працэнтаў”, — расказаў спецыяліст.

Паводле слоў Міхаіла Жыгалы, у 2021 годзе арыенціровачны сярэдні кошт камплектаў адзення дзелавога стылю складае ад Br50 да Br348. “У цэлым рост цэн па гэтых пазіцыях знаходзіцца ў межах даве­дзенага параметра па інфляцыі, гэта зна­чыць у межах 5 працэнтаў. Істотнага ўсплё­ску ў гэтым годзе ў нас не адбылося”, — звярнуў увагу ён.