Падрыхтоўка ідзе планава і паслядоўна

У Беларусі падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў, вядзецца планава і паслядоўна. Аб гэтым гаворыцца ў прамежкавай справаздачы місіі наглядальнікаў ад СНД, тэкст якой апублікаваны на афіцыйным сайце Выканкама СНД.

“У Рэспубліцы Беларусь падрыхтоўка да выбараў, якія маюць адбыцца, праводзіцца планава і паслядоўна, у адпаведнасці з кодэксам (выбарчым. — Заўвага БелТА.), — гаворыцца ў справаздачы. — Цэнтральная камісія, з’яўляючыся органам, адказным за арганізацыю падрыхтоўкі і правядзення выбараў, працуе галосна і адкрыта”.
Адзначаецца, што пасяджэнні ЦВК праходзяць з удзелам міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Рашэнні прымаюцца на аснове калегіяльнасці, свабоднага і адкрытага абмеркавання.
Увага ў дакуменце таксама акцэнтуецца на тым, што для забеспячэння аднастайнага прымянення норм кодэкса Цэнтральнай камісіяй выдадзены дапаможнікі для членаў тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, падрыхтаваны неабходныя метадычныя тлумачэнні для выбарчых камісій, бланкі выбарчай дакументацыі.
У сваю чаргу наглядальнікі ад Садружнасці прысутнічалі на пасяджэннях райвыканкамаў і адміністрацый раёнаў у гарадах па ўтварэнні ўчастковых камісій у 16 раёнах усіх абласцей рэспублікі і горада Мінска. “Цяпер праходзіць навучанне членаў участковых камісій па зацверджаным Цэнтральнай камісіяй прыкладным сцэнарыі трэнінгу для членаў участковых камісій па выбарах прэзідэнта”, — гаворыцца ў справаздачы. На трэнінгах мадэлююцца і вырашаюцца сітуацыі, якія могуць узнікнуць на ўчастку для галасавання.
Усяго ў ходзе маніторынгу выбарчай кампаніі доўгатэрміновыя наглядальнікі ад СНД наведалі 66 тэрытарыяльных камісій і больш як 200 участковых. Наглядальнікам было прадастаўлена права бесперашкоднага азнаямлення з іх дзейнасцю.
“Наглядальнікі ад Садружнасці прымалі ўдзел у шэрагу пасяджэнняў тэрытарыяльных камісій пры падвядзенні вынікаў праверкі дакладнасці подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, і канстатавалі, што падыход да ўсіх прэтэндэнтаў быў аднолькавы, роўны і адпавядаў выбарчаму заканадаўству”, — гаворыцца ў справаздачы.
У ёй таксама адзначаецца, што збор подпісаў праходзіў бесперашкодна. Цэнтрвыбаркамам быў падрыхтаваны інфармацыйна-тлумачальны відэаматэрыял аб парадку збору подпісаў, які трансліраваўся на тэлебачанні.
Маніторынгавая місія таксама адзначае, што вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, разгляд скаргаў і зваротаў праходзілі ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам.
Практычна ўсе звароты і скаргі, якія датычацца выбараў, разглядаюцца ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам, канстатуецца ў справаздачы. Паводле інфармацыі Генеральнай пракуратуры, якую прыводзяць наглядальнікі СНД, па стане на 15 верасня ў органы пракуратуры паступіла 22 скаргі грамадзян па пытаннях выканання заканадаўства аб выбарах.
“Выяўлены толькі адзін факт парушэння службовымі асобамі тэрмінаў разгляду зваротаў, устаноўленых заканадаўствам аб выбарах”, — гаворыцца ў справаздачы.
Акрамя таго, узбуджана адна крымінальная справа ў адносінах да чалавека, які пашкодзіў інфармацыйны стэнд на пікеце па зборы подпісаў і нанёс цялесныя пашкоджанні члену ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў.
Паводле даных Вярхоўнага Суда, на 15 верасня ў суды паступіла 37 скаргаў. Таксама ў Вярхоўны Суд паступіла 6 скаргаў на рашэнні Цэнтральнай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Па трох скаргах адмоўлена ва ўзбуджэнні справы ў сувязі з адсутнасцю ў заяўнікаў права на зварот у суд. Адносна іншых трох скаргаў вынесены рашэнні аб адмове ў задавальненні заяўленых патрабаванняў у сувязі з тым, што колькасны склад ініцыятыўных груп быў меншым за 100 чалавек.
У абласныя і раённыя суды паступіла 12 скаргаў на рашэнні органаў па фарміраванні тэрытарыяльных камісій па выбарах. У раённыя суды паступіла 19 такіх скаргаў.
Таксама ЦВК паведаміла, што з 30 чэрвеня па 1 верасня 2015 года ў гэтую камісію паступілі 133 звароты. У тэрытарыяльныя выбаркамы па стане на 1 верасня паступіла 38 зваротаў грамадзян.
“Цэнтральнай выбарчай камісіяй разгледжана абсалютная большасць зваротаў па пытаннях выбараў”, — гаворыцца ў справаздачы.
Пры гэтым 6 скаргаў на дзеянні ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў перададзены ў адпаведныя тэрытарыяльныя камісіі для праверкі абставін і ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства пры зборы подпісаў.
“Доўгатэрміновыя наглядальнікі ад Садружнасці, наведваючы тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі, адзначаюць прафесіяналізм членаў камісій, правільнае афармленне дакументацыі, а таксама прадастаўленне членам місіі ўсіх неабходных дакументаў, якія датычацца выбарчага працэсу”, — сказана ў дакуменце.