Вось і скончыліся канікулы. Калідоры абноўленых за летнія месяцы школ напоўніліся дзіцячымі галасамі, і званок зноў паклікаў вучняў на ўрок. Планамі на новы навучальны год з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццяна Янкоўская.

— Навучальны год педагогі Аршаншчыны сустрэлі з цудоўным рабочым настроем, з новымі надзеямі і чаканнямі. У раёне многае зроблена па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 1 верасня. На гэтыя мэты было выдаткавана каля 3 млн рублёў. У кожнай установе былі праведзены касметычныя рамонты. У сярэдніх школах № 21 і № 6, у дзіцячым садзе № 1 Оршы адрамантаваны харчаблокі, куды набывалася і ўстанаўлівалася тэхналагічнае і дапаможнае абсталяванне. Планава ідзе замена асфальтавага пакрыцця, агародж устаноў адукацыі. Працягваюцца працэдуры закупкі вучэбнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі. У межах падрыхтоўкі да раённага свята “Дажынкі”, якое пройдзе ў аграгарадку Смальяны, раённым Саветам дэпутатаў было выдзелена дадатковае фінансаванне на рамонт дзіцячага сада і сярэдняй школы. Там будуць абноўлены фасады, абедзенная зала і фае. На спартыўнай пляцоўцы будзе сучаснае пакрыццё. Усё робіцца для таго, каб стварыць навучэнцам спрыяльныя ўмовы для вучобы і вольнага часу.
Разумеючы значнасць інжынерных кадраў для краіны і свайго рэгіёна, мы свядома павялічваем колькасць інжынерных класаў. У раёне адкрыты два інжынерна-тэхнічныя цэнтры (у сярэдняй школе № 17 і Аршанскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі), на базе якіх праводзяцца заняткі як з навучэнцамі інжынерных класаў, так і з іншымі школьнікамі ў мэтах прафарыентацыйнай работы. Прыемна, што прадпрыемствы таксама разумеюць ролю гэтых цэнтраў і праводзяць сумесныя мерапрыемствы з дзецьмі і педагогамі. Сёлета гэтую работу будзем імкнуцца пашыраць.
Упэўнена, стаўку трэба рабіць на заключэнне дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў. Дарэчы, сёлета 22 мэтавыя дагаворы заключаны з ВДУ імя П.М.Машэрава і 13 — з Аршанскім каледжам ВДУ імя П.М.Машэрава на падрыхтоўку педкадраў.
У раёне назапашаны пэўны вопыт работы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. У Аршанскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі створана лабараторыя нейрапілатавання. Таму вельмі дарэчы прыйшоўся новы факультатыўны курс, на якім дзеці будуць вучыцца кіраваць квадракоптарамі. Спачатку гэтай справе навучым педагогаў, а потым — школьнікаў. Мы заручыліся падтрымкай РУУС, у рамках узаемадзеяння з патрыятычным клубам ужо прадумалі, як арганізаваць гэтую работу.
Плануем працягнуць сёлета міжнароднае супрацоўніцтва з Кітаем. У трох школах раёна вывучаецца кітайская мова. Летам мы прымалі дэлегацыю з КНР, якой была прадстаўлена шырокая культурна-адукацыйная праграма. У гасцей засталіся яркія ўражанні ад нашай краіны. Сярэдняя школа № 16 Оршы заключыла дагавор з Далянскім універсітэтам, паводле якога тыя дзеці, якія асвояць мову Паднябеснай на патрэбным узроўні, змогуць вучыцца на бюджэтнай аснове ў КНР. Таму ёсць да чаго імкнуцца.
Будзем працаваць і ў напрамку прафесійнага развіцця педагогаў. Цяпер кожнае раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў атрымала задачу стварыць праблемную групу па ўкараненні тэхналогій штучнага інтэлекту. Гэта актуальная тэма, якая выклікае шмат спрэчак і пытанняў. Хочацца, каб магчымасці штучнага інтэлекту нашы педагогі выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці ўмела і з карысцю.
Ва ўстановах дашкольнай адукацыі працягваем актыўна ствараць бяспечнае асяроддзе. Спадзяёмся, што адкрыты ў дзіцячым садзе № 46 рэсурсны цэнтр па арганізацыі бяспечных умоў для дашкольнікаў стане сапраўды раённым цэнтрам, на базе якога будуць праводзіцца вучэбныя заняткі і для выхаванцаў, і для педагогаў, і для бацькоў. Вельмі хочацца тэму прафілактыкі траўматызму даходліва даносіць да кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу.
Праблемнае на сённяшні дзень пытанне — папярэджванне сямейнай нядобранадзейнасці. Сёлета робім стаўку на ўстановы дашкольнай адукацыі. Пытанне ранняга выяўлення такіх сем’яў вельмі актуальнае. Кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі павінны разумець: чым раней мы ўбачым прыметы нядобранадзейнасці, прымем пэўныя меры, тым больш высокая верагоднасць, што ў сям’і будзе шанс прыйсці да нармальнага жыцця і мы не будзем сутыкацца з пытаннямі абароны правоў і інтарэсаў дзяцей.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





