Падрыхтоўкай задаволены

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Еўрапейскія алімпійскія камітэты далі станоўчую ацэнку падрыхтоўцы Беларусі да правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Аб гэтым заявіў прэзідэнт ЕАК Янез Качыянчыч на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам, які з’яўляецца старшынёй аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні гульняў у Беларусі.

“Дазволю сабе зрабіць заяву ад імя Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў: мы вельмі задаволены работай аргкамітэта па падрыхтоўцы гульняў у Беларусі. Я ведаю, што вы вельмі адданыя гэтай справе”, — сказаў Янез Качыянчыч. У ЕАК таксама высока ацэньваюць работу фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года”.

Янез Качыянчыч прапанаваў асобна абмеркаваць узаемадзеянне па двух пытаннях. “Першае — гэта падрыхтоўка кадраў. Мы набліжаемся да правядзення гульняў, на ўсіх пазіцыях павінны быць вельмі кампетэнтныя і добра падрыхтаваныя людзі. Другое пытанне — працэс прыняцця рашэнняў. На фінальнай стадыі набліжэння да правядзення гульняў аргкамітэт і яго аператыўныя штабы павінны мець максімальныя паўнамоцтвы, таму што пытанні павінны вырашацца вельмі хутка”, — звярнуў увагу ён.

Па выніках сустрэчы з Сяргеем Румасам прэзідэнт ЕАК расказаў журналістам, што з прэм’ер-міністрам абмяркоўваліся рабочыя моманты, якія, як правіла, узнікаюць пры арганізацыі маштабных мерапрыемстваў. Нацыянальны аргкамітэт і ЕАК будуць каардынаваць намаганні, каб Еўрапейскія гульні 2019 года прайшлі паспяхова.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску на 12 спартыўных аб’ектах. Больш за 4 тысячы атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў васьмі відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у рангу чэмпіянатаў Еўропы.