Падрыхтоўцы навуковых кадраў — сістэмны падыход

Стан, тэндэнцыі праблемы падрыхтоўкі навуковых кадраў для ўстаноў вышэйшай адукаці абмеркавалі члены экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пасяджэнне пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прайшло на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У абмеркаванні актуальных пытанняў падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для сістэмы адукацыі і навуковай сферы, прыцягнення моладзі ў навуку прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, рэктары вядучых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, прадстаўнікі НАН Беларусі.

— Сёння мы ўпершыню праводзім пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета, раней гэта быў навукова-кансультатыўны савет, і вынесенае на абмеркаванне пытанне падрыхтоўкі навуковых кадраў для ўстаноў вышэйшай адукацыі вельмі актуальнае, — падкрэсліла, адкрываючы работу савета, Наталля Качанава і запрасіла ўсіх удзельнікаў да адкрытага, сумленнага дыялогу. — Сёння навукова-тэхнічнае, інавацыйнае развіццё немагчымыя без падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, і іх трэба рыхтаваць. А хто гэта зробіць, як не педагогі вышэйшай школы. І важныя не толькі прафесійныя, але і грамадзянскія якасці, уменні не толькі вучыць, але і выхоўваць моладзь.

На падрыхтоўцы навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі па прыярытэтных спецыяльнасцях і прапановах па яе ўдасканаленні спыніўся ў сваім выступленні першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Андрэй Касоўскі. У прыватнасці, ён адзначыў, што галоўнай навуковай сілай краіны выступаюць навуковыя работнікі вышэйшай кваліфікацыі — кандыдаты і дактары навук. Кіраўніком краіны і ўрадам асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням нарошчвання навуковага патэнцыялу, уцягнення моладзі ў навуку і інжынерна-тэхнічную творчасць, развіцця маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва. Толькі за апошнія тры гады ў краіне рэалізаваны шэраг мер, накіраваных на развіццё сістэмы падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі і навуковага патэнцыялу краіны. Асаблівая ўвага — развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных навуковых арганізацый, галіновых лабараторый і суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры, тэхнапаркаў.

Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава расказала пра падыходы Міністэрства адукацыі да пад­рыхтоўкі кадраў для УВА.

— У сучасным свеце веды і кампетэнцыі з’яўляюцца найважнейшымі фактарамі эканамічнага росту, умовамі ўстойлівага развіцця дзяржавы. Менавіта ўстановы вышэйшай адукацыі закліканы фарміра­ваць апераджальныя прафесійныя, сацыяльна-гуманітарныя веды ў спецыялістаў. Аднак гэтым іх задачы не абмяжоўваюцца, — падкрэсліла Ірына Старавойтава. — Мадэль сучаснага ўніверсітэта прадугледжвае не толькі рэалізацыю функцыі фарміравання інтэлектуальнага капітала грамадства, не толькі падрыхтоўку інавацыйна арыентаваных, высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў, але і вырашэнне больш шырокіх задач, такіх як падтрымка і развіццё новых вытворчасцей, укараненне сучасных тэхналогій, правядзенне навуковых даследаванняў. Адна з галоўных функцый сучаснага ўніверсітэта — трансфер ведаў, што забяспечыць перадачу ведаў, тэхналогій ад вышэйшых навучальных устаноў да заказчыкаў — прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта ў сваю чаргу прывядзе да інавацый у эканоміцы і грамадскім жыцці. І ў сувязі з гэтым умацаванне навуковымі кадрамі ўстаноў вышэйшай адукацыі набывае асаблівую значнасць.

Як расказала першы намеснік міністра адукацыі, у краіне функцыянуюць 42 дзяржаўныя і 8 прыватных устаноў вышэйшай адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў па ўсіх напрамках эканомікі і сацыяльнай сферы з улікам структуры і патрэб рынку працы. У нацыянальнай сістэме вышэйшай адукацыі падрыхтоўку спецыялістаў ажыццяўляюць больш за 19 тысяч чалавек прафесар­ска-выкладчыцкага складу і навуковых работнікаў. Навуковую ступень доктара або кандыдата навук маюць больш за 46 працэнтаў супрацоўнікаў.

Міністэрствам адукацыі з 1 верасня 2019 года ўведзена новая мадэль магістратуры. Зроблены акцэнт на навукова-даследчай рабоце, з’явіліся інавацыйныя дысцыпліны, зацверджаны новыя адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмная дакументацыя.

Падрыхтоўка выклад­чыкаў больш высокага кваліфікацыйнага ўзроўню ў сістэме Міністэрства адукацыі вядзецца ў аспірантуры і дактарантуры. У цяперашні час у аспірантуры арганізацый Міністэрства адукацыі навучаецца больш за 2,5 тысячы чалавек, у дактарантуры — 325 чалавек.

— Станоўчыя вынікі функцыянавання сістэмы пасляўніверсітэцкай адукацыі дасягнуты ў тым ліку дзякуючы створанай у краіне сістэме стымулявання і прыцягнення да навуковай дзейнасці таленавітай моладзі, — падкрэсліла Ірына Старавойтава. — Ва ўніверсітэтах дзейнічаюць саветы маладых навукоўцаў. А для больш актыўнага абмену думкамі па актуальных для моладзі пытаннях створаны савет маладых навукоўцаў пры Міністэрстве адукацыі. Нам неабходна больш актыўна выкарыстоў­ваць патэнцыял маладых вучоных, іх крэатыўнасць і жаданне быць запатрабаванымі.

Пералічыўшы шматлікія заахвочванні, пачынаючы ад стыпендый Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да грантавай падтрымкі навуковых работ, абазначыўшы шырокія магчымасці для ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах навукова-даследчых работ дактарантаў, аспірантаў і студэнтаў, першы намеснік міністра адукацыі ­адзначыла, што вельмі важна на ўсіх узроўнях уключацца ў адбор і падтрымку таленавітых маладых людзей. Увогуле, у сістэме адукацыі краіны прымаюцца сур’ёзныя меры для павышэння ўзроўню кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу.

Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі Аляксандр Гучок падчас пася­джэння ЭКС агучыў пытанні атэстацыі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ў кан­тэксце іх падрыхтоўкі на сучасным этапе.

На праблеме прыцягнення і замацавання моладзі ў навуцы і шляхах яе вырашэння спыніўся намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Іванец.

— Сёння навуковая сфера забяспечвае гуманітарную і грамадскую бяспеку краіны і грамадства. Асаблівую актуальнасць гэтае пытанне набывае ва ўмовах санкцыйнага націску. Мы разумеем, што без уласных кадраў, тэхналогій немагчыма забяспечыць дастойны ўзровень жыцця людзей і інавацыйнае развіццё эканомікі. Важна стварыць умовы не толькі для прыходу моладзі ў навуку, але і для выканання дысертацыйных даследаванняў на самым высокім сусветным узроўні. Гэта патрабуе пастаяннага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, таму што навука развіваецца вельмі дынамічна. Безумоўна, навуковыя распрацоўкі павінны быць запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Эфектыўнасць кадравай па­літыкі як найважнейшы фактар устойлівага развіцця сучаснай установы вышэйшай адукацыі — тэма выступлення рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка. У прыватнасці, яна падкрэсліла, што неабходна сфарміраваць сіс­тэму пошуку і замацавання ў навуцы таленавітай мола­дзі. Пачынаць гэты пошук трэба яшчэ ў той час, калі маладыя лю­дзі праяўляюць свае здольнасці ў школе, прымаючы ўдзел у прадметных алімпіядах, канферэнцыях. А затым весці гэтыя таленты да паступлення ва УВА, ствараць умовы для іх самарэалізацыі ў навуцы.

Падводзячы вынік усебаковага абмеркавання вынесеных на савет пытанняў, Наталля Качанава адзначыла:

— Сёння пытанні прыцягнення моладзі ў навуковую галіну, падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі вельмі актуальныя. У гэтым кірунку ў нашай краіне зроб­лена ўжо многае: стыпендыі, надбаўкі, гранты маладым вучоным. Але ў гэтай рабоце асаб­лівую ўвагу трэба ўдзя­ляць больш вузкаму кірунку — падрыхтоўцы навуковых кадраў для вышэйшай школы. Мы бачым, што сярэдні ўзрост прафесарска-выкладчыцкага складу ва УВА даволі сталы, таму важна, каб маладыя людзі, якія маюць вучоныя ступені, прыхо­дзілі на работу выкладчыкамі ў нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы. Папаўненне гэтых кадраў — сур’ёзная задача.

Наталля Качанава таксама расказала, што падчас пася­джэння было ўнесена шмат прапаноў, накіраваных на тое, каб зацікавіць маладых людзей абараняць дысертацыі, займацца навукай, прыходзіць праца­ваць у вышэйшую школу і перада­ваць свае веды і вопыт студэнтам. Удзельнікамі савета былі выказаны шматлікія прапановы, пачынаючы ад ільгот і прэферэнцый для маладых навукоўцаў да неабходнасці шукаць таленавітых рацыяналізатараў, якія працуюць на вытворчасці, прадпрыемствах, але з-за нежадання займацца “папяровай” работай, нейкім чынам афармляць сваё адкрыццё часам застаюцца ў цені. Было вырашана праз год яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і прааналізаваць тое, што зроблена.

Удзельнікі савета наведалі навукова-тэхналагічны парк ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе мелі магчымасць пагутарыць з яго рэзідэнтамі і студэнтамі, якія ўжо з першых курсаў актыўна рэалізуюць свой творчы патэнцыял.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.