Падскокнуць над навацыямі

- 11:55Дадатковая адукацыя, Рознае

Калі, зазірнуўшы ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, вы ўбачылі, як “морква” і “гарбуз” частуюцца яблычнымі чыпсамі, вам прапанавалі сфатаграфавацца на фоне бульбы і прыняць удзел у “Дранік-шоу”, ведайце: вы трапілі на фестываль інтэрактыўнай экапедагогікі. Сёлета ён стаў па-сапраўднаму ўнікальным: неверагодная колькасць жаночых усмешак лёгка ўжывалася з абмеркаваннем самых вострых праблем сістэмы, пошук новых форм работы тут жа выклікаў новыя ідэі, а шматлікія майстар-класы не маглі ўмясціць усіх жадаючых.

Піяр-акцыя для бульбы, гарбуза і яблыка

Пачнём з самага прыемнага, а іменна з выставы “Зялёныя ласункі”, адкрыццё якой адбылося ў рамках творчага марафону. Забягаючы крыху наперад, хачу адзначыць, што гэта, бадай, адна з найлепшых ідэй прэзентацыі вынікаў работы, якую даводзілася бачыць.
Педагогі ў касцюмах агародніны адным сваім выглядам даказвалі: інтэрактыўныя формы работы цікавыя ім самім. І праз некалькі хвілін ужо цяжка было зразумець, дзе арганізатары, а дзе ўдзельнікі фестывалю.
“Як можна цікава і арыгінальна прадэманстраваць, чаго ты дасягнуў за год, як зацікавіць дзяцей, дарослых і ў той жа час папулярызаваць нашу беларускую садавіну і агародніну? — задаецца пытаннем намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Паўлаўна Каліноўская. — Нашым адказам стала стварэнне фотазон з выкарыстаннем такога брэндавага для Беларусі прадукту, як бульба. Да яго далучыліся яблык і гарбуз”.
Сфатаграфавацца на фоне бульбы? Ды яшчэ надзеўшы на галаву вянок з яе блакітных кветак? Чаму б і не!
“Мы хацелі прадставіць калекцыю бульбы ў незвычайным ракурсе, — адзначае загадчыца лабараторыі аддзела раслінаводства Наталля Мікалаеўна Грышэль. — На дэкарыраваных стэлажах размясціліся такія гатункі, як “Дубрава”, “Універсал”, “Баклажан”, “Выток”, “Ветразь”, “Блакіт”, “Рагнеда”, “Алегра”. Тут жа дадаткова прадстаўлены аксесуары, якія можна выкарыстоўваць для фотасесіі”.
Загадчыца аддзела раслінаводства Таццяна Мікалаеўна Ступіна запрашае ў жоўта-аранжавую фотазону, дзе пануе Яго Вялікасць Гарбуз. Акрамя непасрэдна самой фотазадачы, тут распрацаваны ідэі прадстаўлення гарбуза ў інтэр’еры. Экспазіцыю натуральных пузаноў з густам дапаўняюць пашытыя з тканіны, плеценыя з лазы. А як вам гарбуз, дэкарыраваны ў тэхніцы дэкупаж, які, па словах аўтара, будзе ўпрыгожваць інтэр’ер да вясны? Тут жа прадстаўлены экалагічныя свяцільні, для стварэння якіх патрэбны сам гарбуз, дрыль, каб прасвідраваць у ім фантазійны ўзор, і, канечне, невялікая свечка. Як аказалася, у гарбуз можна нават паставіць вазон з пакаёвай раслінай ці кветкі.
У яблычнай фотазоне ў вочы кідалася маладзільная яблыня, аўтарам якой стала метадыст аддзела раслінаводства Алена Фёдараўна Пільнік. Спадабаліся наведвальнікам выставы прыгожыя пано, запоўненыя зялёнымі і чырвонымі пладамі, а таксама яблыкі ў выглядзе крэсла і куфэркаў.
На гэтым тэма ласункаў толькі пачыналася, бо пасля прагляду экспазіцый удзельнікаў фестывалю ў невялікім бары чакалі канапэ з дамашняй пасцілы і зефіру, шашлыкі з садавіны, караблікі з цукатаў і мармеладу, бушэ з яблычным варэннем, яблычныя чыпсы і мятная гарбата.

Злавіў рыбку — адкрыў акіян!

Якраз на пачатку фестывалю прайшоў навукова-метадычны семінар “Экалагічная адукацыя як інтэрактыўны працэс”. Педагогі абмяркоўвалі інтэрактыўныя мадэлі арганізацыі заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, паглыбляліся ў тыя магчымасці, якія прапаноўвае ў рамках экалагічнай адукацыі сусветнае сеціва. Выстава стала практычным працягам тэарэтычнай часткі форуму.
У поле зроку педагогаў трапілі і вучэбна-метадычныя комплексы, якіх сёння не хапае сістэме дадатковай адукацыі экалагічнага профілю. У ходзе фестывалю былі створаны рабочыя групы, якія пачалі работу над 4 праграмамі аб’яднанняў па інтарэсах: “Энергія і энергаэфектыўнасць” (базавы ўзровень), “Экалагічны экспрэс” (базавы ўзровень), “Флора” (павышаны ўзровень) і “Экадызайн” (павышаны ўзровень).
Не абышлі арганізатары фестывалю і такую папулярную тэму, як інавацыі ў адукацыі.
Ах, інавацыі! Заўсёды хацелася не толькі пачуць аб іх, але і ўрэшце зразумець, пра што канкрэтна размова. Як часта мы губляем сэнс за гучнымі выразамі. Думаецца, падчас фестывалю многім педагогам давялося па-новаму асэнсаваць уласную інавацыйную дзейнасць.
“Мы павінны дакладна разумець, для каго і навошта працуем, — звярнулася да калег начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна Мікалаеўна Захожая. — Дзецям патрэбна, скажам, даследчая работа. Бацькам патрэбна, каб дзеці былі занятыя, і сярод іх нямала зацікаўленых людзей, якія могуць ста ць часткай нашага кола. Але калі мы, прадстаўляючы для аўдыторыі інавацыйную дзейнасць, спрабуем упіхнуць у гэтае паняцце ўсё, што робіцца ў нашых установах адукацыі, то нават самі разумеем: гэта зусім не тое.
Дык што такое інавацыя? Мы стварылі нешта новае і, дзякуючы прыстаўцы ін-, быццам падскокнулі над гэтым! У Беларусі мы прымяралі на сябе нямала інавацый, але, на жаль, мала што даводзілі да лагічнага канца. Калі мы пішам у сваіх праектах, якімі тэхналогіямі, сродкамі, формамі і метадамі авалодваем, як далучаем да педагагічнага працэсу дзяцей і іх бацькоў, давайце будзем шчырымі самі з сабой: рэдкая тэхналогія сёння адпрацавана на 100 працэнтаў, рэдкая прааналізавана і зусім рэдка зроблены высновы аб тым, што рабіць на наступным этапе.
Разам з тым сёння існуе нямала выдатных педагагічных алгарытмаў. Інавацыйны працэс паказвае нам, як гэты алгарытм прымераць на сябе. Не важна, у якім рэгіёне Беларусі вы знаходзіцеся, важна прымераць ідэю на ваша асяроддзе. Той прадукт, які вы атрымліваеце, — новы для вашай установы? Значыць, ваша дзейнасць інавацыйная!”
Ніна Мікалаеўна заўважыла, што сёння беларускія педагогі спрабуюць ахапіць немагчымае. Праект не можа быць расцягнуты на 5, 10, 15 гадоў… Здзіўляе і спіс літаратуры, які выкарыстаны пры падрыхтоўцы праектаў, і натуральна, наводзіць на думку, ці прачытаў педагог хоць аднаго з прыведзеных аўтараў да канца.
Закранула выступоўца і тэму прэзентацыі вынікаў педагагічнай дзейнасці: “Вельмі важна, каб працэс меў вынік. Дзеці павінны бачыць, чаго яны дасягнулі не толькі ў канцы, але і на розных этапах работы. Гэта дазваляе нам, як за вуду, прыцягваць бацькоў. Ёсць такая кітайская мудрасць: злавіў рыбку — адкрыў акіян! Праз дзіця вы адкрываеце яго соцыум. Калі яно займаецца карпатлівымі даследаваннямі, але нічога не прыносіць дадому, узнікае лагічнае пытанне: а што яно там робіць? Але калі дзіця прыходзіць у выдатным настроі, бацькі разумеюць: у правільнае месца аддалі! Калі прыносіць вынік сваёй работы, яны ведаюць, дзе яго паставіць ці павесіць хоць на 5 хвілін. Таму ўключайце ў праекты прэзентацыі, запрашайце не толькі сваіх выхаванцаў, але і іх сяброў, маўляў, заўтра ў нас будуць пернікі, але незвычайныя. У чым сакрэт? Прыходзьце з сябрамі — мы адкрыем яго вам!”

Смецце супраць смецця

Прэзентацыя яшчэ адной фестывальнай выставы “Спажыванне і другаснае выкарыстанне матэрыялаў” выклікала процілеглыя ўражанні. І, здаецца, менавіта гэтага дабіваліся арганізатары.
Мы прызвычаіліся да таго, што беларускія педагогі разам з іх выхаванцамі надаюць адходам вытворчасці другое жыццё. І арт-аб’ектамі са смецця сёння нікога не здзівіш. Напрыклад, 260 найлепшых работ, адабраных з 460 (!) дасланых на рэспубліканскі этап аднайменнага конкурсу, займаюць увесь другі паверх выставачнай галерэі “Прырода і творчасць”. Выснова напрошваецца сама сабой: калі работ так шмат і тэма настолькі папулярная, значыць, смецця пад рукой больш чым дастаткова.
Упершыню конкурс уключае ў сябе намінацыю, кшталту “інсталяцыя, або калаж з адходаў тэхнічнай вытворчасці”. Прыглядаючыся да работ, заўважаеш, як напачатку цэласнае ўспрыманне работы раскладваецца на гузікі, гаечкі, ключы, запчасткі ад тэхнікі… Арганізатары адзначаюць, што іх мэтай было паказаць дзецям, як шмат адходаў застаецца ад вытворчасці, навучыць іх разумна карыстацца рэсурсамі прыроды. Асобнае месца на выставе займаюць работы з паперы, якую, дарэчы, лягчэй за ўсё перапрацаваць. Юныя беларусы прапаноўваюць выкарыстоўваць яе для стварэння прыгожых пано, фотарамак, посуду і прадметаў інтэр’ера.
У ход пайшло ўсё: стары корпус ад тэлевізара ператварыўся ў паліцу для часопісаў, дыскі і клавіятура ад камп’ютара сталі асновай калажу, у насценнае пано ўпісаліся скарыстаныя шарыкавыя ручкі, фламастары, алоўкі, пустыя ўпакоўкі з-пад клею, любімыя некалі джынсы мадыфікаваны ў кішэні для хатніх дробязей, а аўдыястужкамі, быццам пэндзлем, намаляваны партрэты такіх далёкіх і такіх блізкіх у гэтым выпадку Моны Лізы і Майкла Джэксана.
Папулярным матэрыялам для творчых работ не толькі педагогаў і іх выхаванцаў, але і многіх іншых беларусаў сталі пластыкавыя бутэлькі. Думаецца, вам, як і мне, здаралася бачыць на падвор’ях нават вялізныя пальмы са штучнага пластыку. Эколагі не падтрымліваюць такія дызайнерскія рашэнні, бо аматары пластыку мэтанакіравана збіраюць яго, а іх творы рана ці позна зноў становяцца смеццем. Значна больш рацыянальным здаецца шлях іншых еўрапейскіх краін, дзе пластыкавыя бутэлькі адразу пасля іх выкарыстання перапрацоўваюцца.
Спецыялісты цэнтра ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падкрэслілі: яны супраць моды на работы са смецця і ўсвядомлена рэалізоўваюць падобныя выставы не больш як раз у два гады.
Тое, што мерапрыемства, арганізаванае педагогамі-эколагамі, годнае звання фестывалю, сумнявацца не прыйшлося. І ўвогуле прымусіла задумацца над адпаведнасцю слоў тым паняццям, з якімі мы іх суадносім. Падводзячы рысу творчага форуму, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч адзначыла, што ў фестывалі прынялі ўдзел больш як 120 педагогаў. Актыўна ўдзельнічалі ў ім спецыялісты, якія займаюцца ў дыстанцыйнай школе педагогаў. Па словах Алены Уладзіміраўны, гэта форма работы настолькі прыйшлася даспадобы, што сёлета да яе далучыліся яшчэ 17 чалавек.
Фестываль інтэрактыўнай педагогікі — гэта вынік работы сістэмы на працягу некалькіх гадоў. Заключным яго акордам стане вывучэнне меркаванняў удзельнікаў і адказ на адно з самых важных пытанняў: “А што далей?”

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.