Падстрыжыце мяне па-моднаму

На працягу многіх гадоў каманда Брэстчыны паспяхова выступае ў спаборніцтвах WorldSkills у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”. Вялікая заслуга ў гэтым не толькі таленавітых і працавітых навучэнцаў, але і іх трэнера — выкладчыцы спецыяльных дысцыплін аддзялення цырульніцкага мастацтва і дэкаратыўнай касметыкі Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Марыны Аляксандраўны Булдык.

— Каб зацікавіць навучэнцаў будучай прафесіяй, педагогу трэба самому валодаць ёй на высокім узроўні. Аўтарытэт у любой дзейнасці зарабляецца ўласным прыкладам, — лічыць М.А.Булдык, якая ўжо 19 гадоў дзеліцца з выхаванцамі сакрэтамі прафесійнага майстэрства і натхняе на творчыя пошукі.

І атрымліваецца гэта ў Марыны Аляксандраўны вельмі добра. А інакш і быць не можа, калі захапленне супадае з работай.

— У педагагічнай дзейнасці чэрпаю натхненне і сілы для далейшага прафесійнага развіцця, бо яна дазваляе вучыць свайму майстэрству іншых, захапляць творчасцю, бачыць поспехі выхаванцаў. Асабліва радуе, калі яны ў прафесійным плане пераўзыходзяць педагога, — гаворыць М.А.Булдык.

Пад кіраўніцтвам Марыны Аляксандраўны дзяўчаты асвойваюць мадэляванне і мастацкае афармленне прычосак, тэхналогію пасціжорнай справы і конкурснае мадэляванне. “Цырульніцкае мастацтва — творчая прафесія, якая пастаянна развіваецца, — заўважае М.А.Булдык. — Гэта прымушае ўвесь час вучыцца чамусьці новаму. Работа з моладдзю не толькі дае энергію, але і дазваляе заўсёды знаходзіцца ў прафесійным тонусе”.

На працягу доўгага часу каманда каледжа ўтрымлівае лідарства ў конкурсах цырульніцкага майстэрства рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага. Выхаванцы Марыны Аляксандраўны заўсёды атрымліваюць на іх узнагароды. Так, Алеся Назарава паказала высокія вынікі на Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills — 2015. Надзея Кашцялян заваявала два медалі на мінулагоднім Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі. Цяпер педагог займаецца з Ксеніяй Шафранскай, на рахунку якой шмат дасягненняў.

Доўгі час М.А.Булдык разам з навучэнцамі (у рангу майстра) выступала на розных конкурсах. Гэта дапамагала не толькі ўдасканальваць уласнае майстэрства, але і матываваць выхаванцаў, павышаць іх цікавасць да цырульніцкай справы і творчасці. Сёння Марына Аляксандраўна з’яўляецца трэнерам каманды каледжа, вобласці і Беларусі па падрыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў цырульніцкага мастацтва, суддзёй рэспубліканскага ўзроўню такіх спаборніцтваў і экспертам Міжнароднага конкурсу WorldSkills.

— З захопленымі навучэнцамі займаюся дадаткова, — расказвае М.А.Булдык. — Іх няшмат — адзін-два, але гэтага дастаткова. Навучэнцам падабаецца бачыць уласны прафесійны рост ад конкурсу да конкурсу і набываць упэўненасць у сабе, што абавязкова дапаможа ім затым у рабоце. Калі чалавек настойліва працуе, то з яго, як правіла, атрымліваецца добры спецыяліст, а калі ў чалавека ёсць яшчэ талент і вялікае жаданне, то ён сапраўдны прафесіянал. Навучэнка каледжа Ксенія Шафранская — надзвычай творчая, мэтанакіраваная і працавітая дзяўчына, якая сёлета абараняла гонар Брэстчыны на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”. На рахунку Ксеніі — паспяховыя выступленні на Міжнародным фестывалі прыгажосці “Ружа вятроў HAIR — 2017” у Мінску, сёлетнім фестывалі прыгажосці “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу, XIV Міжшкольным цырульніцкім конкурсе CZERWIEN KROLUJE, ROZBUDZA ZMYSLY, INSPIRUJE у польскай Бяла-Падлясцы і Міжнародным фестывалі прыгажосці “Залаты падснежнік — 2018” у Гомелі. Цырульніцкую справу Ксенія выбрала невыпадкова. З дзяцінства перад яе вачыма быў прыклад маці, якая працуе цырульнікам.

— Вельмі падабаецца дарыць людзям прыемныя ўражанні ад сваёй работы і бачыць задаволеныя твары кліентаў, — прызнаецца Ксенія. — Цырульніцкая справа дазваляе бясконца фантазіраваць і знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Ахвотна ўдзельнічаю ў розных конкурсах прафесійнага майстэрства, бо гэта выдатная магчымасць паглядзець на іншых, параўнаць сябе з імі, навучыцца чамусьці новаму. Калі раблю ўкладкі, стрыжкі і прычоскі, імкнуся ствараць адметныя вобразы, формы і сілуэты. Без творчага падыходу ў цырульніцкай прафесіі не абысціся. На дасягнутым не спыняюся. Буду развіваць і ўдасканальваць сваё майстэрства і надалей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.