Падтрымаем нашых!

Баскетбольнае жыццё беларускай сталіцы гэтым летам будзе надзвычай насычаным. Ужо 15 чэрвеня стартаваў Міжнародны турнір памяці заслужанага трэнера СССР Сямёна Халіпскага, які прадоўжыцца да 17 чэрвеня, а напрыканцы ліпеня Мінск прыме чэмпіянат свету сярод дзяўчат да 17 гадоў. У чацвер у прэс-цэнтры БелТА прадстаўнікі Беларускай федэрацыі баскетбола, зборных жаночых каманд паведамілі пра падрыхтоўку нашых спартсменаў і спартыўных аб’ектаў да правядзення гэтых значных міжнародных спаборніцтваў.

Права на правядзенне чэмпіянату свету па баскетболе сярод дзяўчат ва ўзроставай катэгорыі да 17 гадоў кангрэс Міжнароднай федэрацыі баскетбола (FIBA) надаў нашай краіне ў маі мінулага года, тым самым засведчыўшы, што ў Беларусі робіцца многае для развіцця папулярнага віду спорту. Спаборніцтвы пройдуць з 21 па 29 ліпеня ў Палацы спорту і на Falcon Club Arena з удзелам 16 наймацнейшых жаночых зборных свету (Кітай, ЗША, Аргенціна, Канада, Ангола, Малі, Аўстралія, Калумбія, Новая Зеландыя, Японія, Беларусь, Францыя, Італія, Венгрыя, Іспанія, Латвія).

— Мы на парозе вельмі важных баскетбольных падзей сусветнага маштабу. Па-першае, гэта чэмпіянат свету сярод дзяўчат да 17 гадоў, які ўпершыню пройдзе ў нашай краіне. Хоць спаборніцтвы і абмежаваны ўзростам удзельнікаў, аднак іх арганізацыя праходзіць па-даросламу, бо Міжнародная федэрацыя баскетбола патрабуе, каб усе яго арганізацыйныя моманты нічым не саступалі паўнавартасным чэмпіянатам свету. Гэта тычыцца судзейства, пражывання, харчавання спартсменаў, трэнераў, суддзяў, транспартнага забеспячэння, адлюстравання падзей у сродках масавай інфармацыі. Да правядзення чэмпіянату свету практычна ўсё гатова. Вызначаны арэны, месцы для пражывання спартсменаў, суддзяў, афіцыйных прадстаўнікоў FIBA, гледачоў. Што тычыцца валанцёраў, то мы разглядаем гэтыя спаборніцтвы як адны з тэставых для нашай краіны ў плане падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Па-другое, нашы маладзёжныя каманды пачалі падрыхтоўку да чэмпіянатаў Еўропы, якія будуць праходзіць у розны час да канца жніўня. І, канечне, Міжнародны турнір памяці заслужанага трэнера СССР Сямёна Халіпскага. У сувязі з тым, што Мінск прыме чэмпіянат свету сярод дзяўчат да 17 гадоў, было прынята рашэнне, што ў гэты раз удзельнічаць у традыцыйным турніры будуць юніёрскія дружыны. Турнір стане яшчэ адным з этапаў падрыхтоўкі нашай каманды да сусветнага першынства. У Мінск прыедуць прадстаўнічыя каманды. Гэта зборныя Кітая, Чэхіі і Эстоніі, — паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў.

Па словах галоўнага трэнера зборнай Беларусі сярод дзяўчат да 17 гадоў Вікторыі Дацун, турнір памяці Халіпскага будзе карысны для нашых спартсменак, паколькі многія з іх ніколі не сустракаліся з камандамі такога ўзроўню, як Кітай, якая вельмі многа прэсінгуе, вельмі хутка гуляе. Для беларускай дружыны, якая больш гуляе ў класічны баскетбол, матч з Кітаем будзе праверкай на трываласць і псіхалагічную падрыхтоўку да чэмпіянату свету, дзе няма слабых каманд, дзе ўсе групы складаныя.

— Падрыхтоўку да чэмпіянату свету мы пачалі яшчэ ў студзені, калі сабралі дзяўчат на базе Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. У сакавіку працягнулі збор, а з 1 чэрвеня пачалі непасрэдную падрыхтоўку да чэмпіянату. Дзякуючы федэрацыі баскетбола каманда забяспечана ўсім неабходным — і матэрыяльна, і фізічна, і маральна. Так, упершыню ў гэтым годзе з камандай працуе трэнер па агульнафізічнай падрыхтоўцы і фітнесу. Адразу заўважна, як каманда прыбавіла ў фізічным здароўі. Мы цудоўна разумеем усю адказнасць, якая на нас цяпер ускладзена, і пастараемся апраўдаць усе надзеі, — падзялілася Вікторыя Дацун.

У тым, што дзяўчаты павераць у сябе і парадуюць нас сваёй гульнёй, пераканалі словы гульца зборнай Беларусі ва ўзросце да 17 гадоў Яны Яхнавец: “Канечне, вельмі хвалююча прадстаўляць сваю краіну на высокім узроўні, тым больш што матчы будуць праходзіць на дамашніх арэнах. Канечне, перад балельшчыкамі хочацца паказаць высокі ўзровень гульні. У камандзе пануе вельмі дружная атмасфера, мы стараемся падтрымліваць адна адну, вучыцца адна ў адной, каб разам дасягнуць агульнай мэты”.

Спадзяёмся, што перамогу нашай камандзе прынясе не толькі майстэрства дзяўчат, але і бусляня — талісман чэмпіянату, распрацаваны дызайнерамі кампаніі “Мальвіна” ў супрацоўніцтве з БФБ і FIBA. Вобраз гэтай птушкі быў выбраны не выпадкова: бусел з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Беларусі, прадвеснікам шчасця, дабрабыту. Адзінае — у талісмана пакуль няма імені, таму Беларуская федэрацыя баскетбола праводзіць конкурс на вызначэнне лепшага імя для мілага бусляняці-баскетбаліста. Заяўкі прымаюцца да 30 чэрвеня на электронны адрас федэрацыі info@bbf.by.

Падвядзенне вынікаў пройдзе 8 ліпеня.

Чэмпіянат свету па баскетболе, безумоўна, дасць штуршок для развіцця гэтага віду спорту ў нашай краіне. Калі вы хочаце стаць сведкам захапляльных і бескампрамісных матчаў, прыходзьце на спартыўныя арэны сталіцы з 21 па 29 ліпеня. Уваход, дарэчы, вольны. Прыходзьце самі, прыходзьце з сябрамі, з сям’ёй. Хварэйце за нашых, за прыгожы баскетбол!

Ігар ГРЭЧКА.