Падтрымай творчасцю чэмпіянат свету па хакеі!

- 16:03Рознае, Спартыўныя падзеі

Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў аб’явілі Рэспубліканскі конкурс фотаработ на спартыўную тэматыку ў рамках акцый “Алімпізм і моладзь” і “Студэнцтва сустракае чэмпіянат”. Па задуме арганізатараў, конкурс не толькі прыцягне ўвагу моладзі да чэмпіянату свету па хакеі і зімовых відаў спорту, але і выявіць таленавітых фотааматараў. Маеце фотаапарат і натхненне? Тады вас чакае спаборніцтва, напоўненае творчасцю!

Удзельнікамі конкурсу могуць стаць навучэнцы і студэнты ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. На конкурс прымаюцца толькі індывідуальныя работы, пры гэтым кожны з удзельнікаў павінен быць аўтарам не больш як дзвюх індывідуальных работ.
Творчае спаборніцтва праводзіцца з 31 сакавіка па 25 красавіка ў два этапы. Першы этап — адборачны — пройдзе ў названых установах да 18 красавіка. Другі этап — рэспубліканскі, тэрміны яго правядзення — з 19 па 25 красавіка бягучага года.
Для правядзення першага этапу рэспубліканскага конкурсу ва ўстановах адукацыі ствараюцца і зацвярджаюцца арганізацыйныя камітэты з ліку педагагічных работнікаў кафедр фізічнага выхавання і спорту, спартыўных клубаў, прафесарска-выкладчыцкага складу, актыву студэнцкага самакіравання і студэнцкага прафсаюза.
На другім этапе, які арганізуе і праводзіць рэспубліканскі аргкамітэт, у конкурсе прымуць удзел пераможцы першага этапу. Для ўдзелу ў другім этапе конкурсныя матэрыялы дасылаюцца ўстановамі адукацыі на адрас РЦФВіС (220004, Мінск, пр.Пераможцаў, 2).
Фотаработы прапануецца выконваць у наступных намінацыях: “У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны”, “Асоба ў спорце”, “Імгненне перамогі”, “Займіся спортам”, “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця”.
На рэспубліканскі конкурс прадстаўляюцца:
1) друкаваныя фотаздымкі і фотакалажы (мінімальны памер 21×30см);
2) пісьмо ўстановы адукацыі, якое ўтрымлівае заяўку з указаннем прозвішча, імя і імя па бацьку (поўнасцю) аўтара, спецыяльнасць і нумар вучэбнай групы, назву фотаработы, дату, час і месца дзеяння, кароткае апісанне падзей, адлюстраваных на фотаздымку (у адвольнай форме).
Аргкамітэты на ўсіх этапах рэспубліканскага конкурсу будуць ацэньваць работы па такіх крытэрыях, як:
– адпаведнасць тэматыцы конкурсу;
– узровень складанасці і раскрыцця тэмы, дзе абавязкова павінны ўлічвацца яркасць вобразаў і арыгінальнасць;
– мастацкая выразнасць работы;
– высокая якасць выявы;
– творчая індывідуальнасць;
– эстэтычнае афармленне матэрыялаў, прадстаўленых на конкурс;
– адпаведнасць патрабаванням да конкурсных работ.
Матэрыялы, дасланыя пазней указаных тэрмінаў, разглядацца не будуць.
Трэба адзначыць, што арганізатары рэспубліканскага конкурсу будуць мець права на распаўсюджванне конкурсных матэрыялаў сярод устаноў адукацыі краіны, прадстаўленне іх у сродках масавай інфармацыі, выкарыстанне пры правядзенні масавых мерапрыемстваў.
Па выніках другога этапу ў кожнай з пяці намінацый вызначаюцца пераможцы (1—3 месцы) сярод навучэнцаў і студэнтаў устаноў адукацыі. Аўтары 15 лепшых работ будуць узнагароджаны білетамі на матчы чэмпіянату свету па хакеі — 2014, каштоўнымі падарункамі і сертыфікатамі РЦФВіС.

 

Наталля АЛЁХІНА.