Падтрымайце меланхоліка.Не чапайце халерыка

- 13:52Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Паспяховасць навучання дзіцяці ў школе залежыць ад многіх фактараў. Тэмпераменту, між іншым, таксама адводзіцца важная роля. Ён закладваецца генетычна, і менавіта ён фарміруе звычкі і асаблівасці паводзін навучэнца. Пра тое, як асаблівасці тэмпераменту адбіваюцца на вучобе і паводзінах вучняў, расказвае педагог-псіхолаг гімназіі № 3 Баранавіч Дзмітрый ЖАРКО.

Ніхто мяне не разумее

— Дзмітрый Казі­міравіч, з якімі праб­лемамі навучэнцы вашай гімназіі часцей за ўсё прыходзяць да вас па дапамогу? Што хвалюе падлеткаў і мо­ладзь?

— Падлеткаў і мо­ладзь перш за ўсё хвалю­юць праблемы нізкай самаацэнкі. У нашым грамадстве з самага дзяцінства прынята звяр­таць увагу на негатыўныя аспекты, нават калі яны не вельмі значныя і не патрабуюць асаблівай увагі. Менавіта такія дробязі спрыяюць развіццю нізкай самаацэнкі ў школьнікаў. Напрыклад, 8 балаў чамусьці прынята лічыць няўдачай. Хаця асобы, якія маюць вопыт перажывання шматлікіх няўдач, у тым ліку вучацца ў школе не на выдатна, дабіваюцца большых поспехаў у жыцці. Гэта калі параўноўваць з тымі, хто пастаянна імкнуўся да ідэалу. Так адбываецца, бо тыя, хто церпіць няўдачы, больш часта гатовы рызыкаваць, чым людзі, у якіх усё гладка і лёгка. 

На другім месцы ў маладых людзей знаходзіцца праблема ўзаемаадносін з супрацьлеглым полам, якая ў большасці сваёй абумоўлена нізкім узроўнем псіхалагічнай культуры і неразуменнем таго, што ва ўзаемаадносінах важна ўмець не толькі чуць, але і слухаць. 

Трэцяя праблема — гэта ўзаемаадносіны з баць­камі. Часта дарослыя не разумеюць асаблівасцей падлеткавага ўзросту. Дзеці, у сваю чаргу, перажываюць, калі іх праблемы абясцэньваюцца. Безумоўна, парушэнне асабістых меж — гэта яшчэ адна прычына, якая фарміруе самаацэнку дзіцяці. Калі раней фарміраванне асабістых меж псіхолагі назіралі ў навучэнцаў ва ўзросце 10—11 гадоў, то сёння гэта адбываецца намнога раней. З усімі пералічанымі пытаннямі вучні часцей за ўсё прыхо­дзяць на кансультацыі. 

— Ці заўсёды навучэнцы ідуць на кантакт? З якімі вучнямі школьнаму псіхолагу цяжка знайсці агульную мову?

— Насамрэч усе дзеці могуць скептычна адносіцца да псіхолага. Гэта звязана з тым, што наша прафесія дагэтуль авеяна пэўнымі міфамі. Многія думаюць, што калі ты ідзеш да псіхолага, значыць, ты псіхічна нездаровы чалавек. Але на самай справе да псіхолагаў прыходзяць здаровыя асобы, якія проста спрабуюць вырашыць асабістыя праблемы.

Ведаю, што ў некаторых установах адукацыі псіхолагамі пужаюць, гавораць дзецям нешта накшталт “ты сябе не вельмі добра паво­дзіш, таму зараз мы адвя­дзём цябе да псіхолага, і ён выправіць гэтую памылку”. Безумоўна, пасля такіх слоў страх і трывога пачынаюць узрастаць. 

Яшчэ адзін момант, які пужае навучэнцаў, — гэта іх думкі пра тое, што пасля кансультацыі псіхолаг пойдзе да настаўнікаў і раскажа аб тым, што пачуе ад навучэнца. Думаю, што такія выпадкі здараліся, таму дзеці баяцца адкрывацца спецыялісту. 

Што ў такім выпадку павінны рабіць псіхолагі? Калі спецыяліст запрашае дзіця на кансультацыю, яму трэба дакладна рас­тлумачыць, як яна право­дзіцца. Псіхолаг павінен сказаць, што 50 мінут, пакуль навучэнец будзе знаходзіцца ў кабінеце, да іх ніхто не зойдзе. Таксама трэба зрабіць акцэнт на тым, што ўсё, аб чым будзе ісці гаворка, мае канфідэнцыяльны характар, а гэта значыць, ніхто нічога не даведаецца. Калі некаму трэба будзе данесці пэўную агучаную інфармацыю, то гэта будзе рабіцца толькі з дазволу самога навучэнца. Пасля таго, як правілы работы бу­дуць акрэслены, псіхолаг непасрэдна сваімі дзеяннямі павінен дака­заць, што яму можна давяраць. 

Што тычыцца таго, з кім прасцей працаваць — з дзецьмі ці з бацькамі, то, безумоўна, з дзецьмі. Яны больш гнуткія, дакладна разумеюць свае патрэбы. Што тычыцца бацькоў, то яны з вялікім скепсісам адносяцца да псіхолагаў. А 90% праблем навучэнцаў ідуць з сям’і. Спрабуючы вырашыць гэтыя праб­лемы, псіхолаг становіцца ворагам для баць­коў. Яны думаюць, што псіхолаг знойдзе ўсе падводныя камяні і зро­біць вінаватымі менавіта дарослых. Але гэта памылковае меркаванне. Насамрэч псіхолаг толькі дапамагае выра­шыць праблемы як дзіцяці, так і яго маме і бацьку. Ён не будзе займаць крытычных пазіцый. 

— Калі дзіця не звяртаецца па дапамогу, ці можа школьны псіхолаг самастойна заўважыць, што яна яму патрэбна, і пачаць працаваць з навучэнцам?

— Так, школьны псіхолаг можа гэта ўбачыць. У пачатку навучальнага года спецыяліст падбірае методыкі псіхадыягнос­тыкі, з якімі пасля ідзе ў 5—11 класы. Дзякуючы вызначаным інструментам, падчас заняткаў назіраем за дзецьмі, за вербальнымі і невербальнымі праяўленнямі асобных вучняў. Назіранні паказва­юць, каму з дзяцей варта ­ўдзяліць увагу на эмацыянальным, паводзінскім узроўні. Пасля трэба падысці да класнага кіраўніка і спытаць пра кагнітыўныя здольнасці вылучаных навучэнцаў, пра іх паспяховасць. Толькі пасля гэтага робіцца канчатковая выснова наконт таго, ці варта праца­ваць з імі. Безумоўна, усё гэта абмяркоўваецца з класным кіраўніком. 

Методыка работы паказвае, які ўзровень трывожнасці ў дзіцяці, дазваляе зразумець, ёсць у яго праблемы з бацькамі ці не. Дарэчы, падчас апрацоўкі анкет важна пазначаць, якія моманты для навучэнца з’яўляюцца праблемнымі, а якія — рэсурснымі і станоўчымі якасцямі характару. 

Пасля кантэнт-аналізу трэба зноў прыйсці да навучэнцаў і кожнаму з іх растлумачыць, якія вынікі атрымаліся. Падчас размовы варта таксама са­чыць за паводзінамі вучняў і іх рэакцыямі. 

Калі спецыяліст заўважае, што праблема ў навучэнца ёсць, то яму абавязкова трэба прапанаваць індывідуальную кансультацыю. 

У сне і наяве

— Якім метадам работы з навучэнцамі вы аддаяце перавагу? Якія з іх зарэкамендавалі сябе ва ўзаема­дзеянні з вучнямі як найбольш эфектыўныя? 

— У сваёй прафесійнай дзейнасці стараюся прытрымлівацца розных прынцыпаў і методык. Прычым падбіраю іх зыхо­дзячы з партрэта і індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў. 

Напрыклад, з гештальт-тэрапіі часцей за ўсё прымяняю сістэму структуры асобы, а таксама работу з псіхалагічнымі абароннымі механізмамі. Гэта дазваляе выра­шаць праблемы навучэнцаў на эмацы­янальна-пачуццёвым узроўні. 

Меланхолікі могуць бліскуча праявіць сябе ў творчых прафесіях. Флегматыкі становяцца паспяховымі ў навуковай дзейнасці ці ў той сферы, дзе работу трэба выконваць павольна, але дастакова прафесійна.

Яшчэ адзін цікавы метад работы — псіхааналіз. Яго выкарыстоўваю для работы з несвядомым і для дапамогі навучэнцам прааналіза­ваць іх сны. Дарэчы, іх вельмі цікавіць тое, што сніцца.

Але найбольш цікавы і паказальны варыянт работы з навучэнцамі — гэта метафарычныя асацыятыўныя карты. Яны ў большасці сваёй накіраваны на работу з несвядомым, і гэта вельмі цікавіць дзяцей. МАК дазваля­юць хутка і лёгка адкрыцца псіхолагу, знайсці крыніцу праблемы, вырашыць яе. У мяне ёсць некалькі калод метафарычных карт, якія прымяняю ў практыцы. Прычым для розных узростаў навучэнцаў ёсць розныя карты. Самая сур’ёзная калода “Архетыпы і цені” бярэцца выключна для работы са старшакласнікамі. Яна дазваляе працаваць на паглыбленым падсвядомым узроўні і спазнаць сваю ўнікальнасць як асобы, а таксама паказвае, з чым трэба яшчэ праца­ваць і да чаго імкнуцца. Бывае і так, што калоды сумяшчаю. Гэта дазваляе паказаць навучэнцу яго асобасныя характарыстыкі і растлума­чыць, дзе і як іх прымяняць. 

На першых кансультацыях, калі навучэнец толькі знаёміцца з псіхолагам, уважліва яго слухаю і ўстанаўліваю давяральны кантакт, падтрымліваю. Пасля некалькіх сесій можна выкарыстоўваць адлюстраванне пачуццяў, самараскрыццё і інтэрпрэтацыю. Гэтыя тэхнікі дазваля­юць навучэнцам дакладна ўсвядоміць, што яны сабой уяўляюць, што з імі адбываецца, чаго яны хочуць. І самае галоўнае, гэта дапамагае вельмі хутка вырасці з той сітуацыі, у якую трапіла дзіця. 

Сангвінікі ці халерыкі добра сябе праяўляюць у прафесіях, што патрабуюць сацыяльных камунікацый, узаемадзеяння з людзьмі.

— Як вызначыць, што вучань знаходзіцца ў стане асобаснага ўнутранага крызісу?

— Унутраны асобасны крызіс — гэта вострае перажыванне, выкліканае канфліктам асобы дзіцяці з соцыумам. Тым не менш трэба разумець, што крызіс — гэта не страшна, ён можа здарыцца з кожным чалавекам. У школе псіхолаг часцей за ўсё сутыкаецца з крызісам сямі гадоў і з крызісам падлеткавага ўзросту. 

Крызіс, як правіла, праяўляецца апатыяй і нежаданнем нешта рабіць. Дзіця перастае цікавіцца тым, што раней прыносіла яму задавальненне. Яно проста хаваецца ў сабе, закрываецца эмацыянальна. Агрэсіўныя паводзіны, паніжаны настрой, высокі ўзровень трывожнасці, засяроджанасць на высокіх адзнаках таксама суправаджаюць крызіс. А яшчэ падлетак пачынае гава­рыць, што ён сябе не любіць, што аднакласнікі лепшыя, чым ён. Як школьны псіхолаг хачу парэкамендаваць баць­кам звяртаць увагу на гэта. Калі ў дзіцяці назіраюцца хаця б тры прыметы з тых, што я пералічыў, значыць, варта звярнуцца да псіхолага.

— Ці ўплывае тэмперамент на схільнасць дзіцяці да пэўнай прафесіі?

— Так, безумоўна. Напрыклад, меланхолікі мо­гуць бліскуча праявіць сябе ў творчых прафесіях. Флегматыкі становяцца паспяховымі ў навуковай дзейнасці ці ў той сферы, дзе работу трэба выкон­ваць павольна, але дастаткова прафесійна.

Сангвінікі ці халерыкі добра сябе праяўляюць у прафесіях, што патрабу­юць сацыяльных камунікацый, узаема­дзеяння з людзьмі. Але не трэба забываць, што тэмперамент — гэта толькі падмурак, на якім усё будуецца. Важную ролю ў станаўленні навучэнца як спецыяліста адыгрывае характар. 

— Дзмітрый Казі­міравіч, у гімназіях, у адрозненне ад школ, сярод навучэнцаў заўсёды ёсць канкурэнцыя. Як вы дапамагаеце згладжваць кан­флікты, калі яны ўзнікаюць паміж дзецьмі на фоне вучобы?

— Было б цудоўна, калі б нашы навучэнцы ведалі менш пра поспехі і няўдачы сваіх аднакласнікаў як па асобных прадметах, так і ў цэлым у вучобе. Веданне адзнак адно аднаго з’яўляецца прычынай не толькі канфліктаў, але і булінгу. 

Закранаючы тэму паспяховасці аднакласнікаў, варта сказаць, што веданне адзнак сваіх сяброў таксама можа стаць рухавіком прагрэсу. Бачачы, што нехта добра вучыцца, дзіця спрабуе дагнаць канкурэнта. 

Калі ўзнікаюць яўныя канфлікты, прымяняю для вырашэння спрэчак медыяцыю. Запрашаю дзяцей у кабінет і прапаную кожнаму з іх выказацца. Затым пры дапамозе стратэгіі кампрамісу ці супрацоўніцтва разбіраемся з тым, што нас хвалюе. Таксама прапаную дзецям, якія канкурыруюць паміж сабой, не факусіравацца на ўдачах і поспеху адно аднаго. Куды важней навучыцца параўноўваць сябе з самім сабой у мінулым і сёння, а таксама падумаць аб тым, як змяніць свае адзнакі ў будучыні, як пачаць вучыцца лепш.  

Гутарыла Наталля САХНО.