Падтрымаць маладога педагога

Заняткі ў школе маладога педагога “Прызванне — педагог”, якую чацвёрты год арганізоўвае Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі, пачаліся з трэнінгу эфектыўнай камунікацыі і інтэрактыўных заняткаў “Эфектыўны тайм-менеджмент у рабоце маладога педагога”.

Жаданне ўдасканальвацца, атрымліваць новы вопыт работы ад прафесіяналаў, абмяркоўваць набалелае з калегамі аб’яднала маладых настаўнікаў, якія працуюць у навучальных установах не больш за два гады.

— Сёлета ў школе займаецца 51 чалавек. Гэта ў асноўным прадстаўнікі Гродна і Гродзенскай вобласці. Ёсць настаўнік з Брэста, — расказвае старшы выкладчык кафедры адукацыйных тэхналогій ГрАІРА Ірына Аляксандраўна Мякеня. — Кожны дзень у школе тэматычны: панядзелак — дзень знаёмства, аўторак — дзень культуры, серада — дзень малой радзімы, чацвер — дзень здароўя, пятніца — дзень творчасці, субота — дзень уражанняў.

Заняткі для маладых настаўнікаў праводзяць выкладчыкі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, а таксама члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і абласнога клуба “Крыштальны жураўлік”. Так, дырэктар сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна Янаўна Даўгун і настаўніца біялогіі гэтай школы Ніна Паўлаўна Корабава правялі круглы стол “Сучасны ўрок: тэорыя і практыка”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Падольскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна Тамара Іосіфаўна Качкан — актыўную лекцыю “Мастацтва педагагічнага пытання”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Зэльвы Наталля Фёдараўна Ступчык — майстар-клас “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні праз візуалізацыю інфармацыі”, дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Сяргеевіч Маслаў — майстар-клас “Тэхналогія распрацоўкі эўрыстычнага задання”.

— Праграма школы была распрацавана так, каб маладыя настаўнікі маглі азнаёміцца з сучаснымі падыходамі да праектавання і правядзення ўрока, новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, інавацыямі ў адукацыі, — гаворыць дырэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Антонаўна Сяргейка. — Першы год работы — складаны перыяд, гэта час вызначэння, таму мы хочам дапамагчы маладым калегам упэўніцца ў правільнасці абранага імі прафесійнага шляху.

Аб прафесійным станаўленні маладога педагога гаварылася падчас круглага стала, удзельнікамі якога сталі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў старшыня абласной арганізацыі “Белая Русь” Ігар Георгіевіч Жук, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Віктараўна Грышэчка, начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Станіславаўна Кавалеўская, рэктар ГрАІРА Святлана Антонаўна Сяргейка. Ішла размова пра інстытут настаўніцтва, які дапамагае ў прафесійным росце маладога спецыяліста, аб калектыўных дагаворах, магчымасцях удасканалення ў прафесіі.

На сустрэчы І.Г.Жук выказаў прапанову заснаваць прэмію для лепшых маладых настаўнікаў, і гэтую ідэю падтрымала В.В.Грышэчка, а таксама маладыя спецыялісты. Прэмія стане для педагогаў-пачаткоўцаў стымулам да ўдасканалення і развіцця.

Акрамя таго, арганізатары прапанавалі маладым настаўнікам мерапрыемствы ў вольны час: экскурсіі “Шляхамі беларускіх мястэчак”, наведванне гродзенскіх музеяў, работу ў творчых майстэрнях, прагулку па сцяжынцы здароўя з элементамі скандынаўскай хады. Дарэчы, абавязковую ранішнюю зарадку праводзіў фіналіст конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017” намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Гродна Сяргей Сяргеевіч Паграбнёў.

Апошні дзень работы школы завяршыўся фарсайт-форумам “Малады педагог будучыні”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *