Аб прыярытэтных кірунках работы Вілейскага раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, аб адметных падзеях, якімі быў насычаны мінулы навучальны год устаноў адукацыі раёна, расказвае начальнік аддзела Аляксандр Часлававіч ПУЦЕЙКА.
— Выяўленне, падтрымка і суправаджэнне адораных дзяцей і моладзі — прыярытэтная задача ва ўсе часы. Якімі дасягненнямі ў гэтым кірунку можа ганарыцца ваш раён?
— Штогод нашы навучэнцы становяцца пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах. У 2015 годзе яны атрымалі 13 дыпломаў на трэцім этапе выпрабаванняў, 2 дыпломы — на заключным этапе. Трое школьнікаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Нашы дзеці — дыпламанты ХХII Усерасійскага конкурсу юнацкіх даследчых работ імя В.І.Вярнадскага, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, XXIV адкрытай маскоўскай прыродазнаўчанавуковай канферэнцыі “Патэнцыял”.
Пагосцкі дзіцячы сад — базавая школа з’яўляецца пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Планета без адходаў” сярод сельскіх устаноў адукацыі ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па зборы найбольшай колькасці адходаў паперы і кардону (макулатуры) у 2014/2015 навучальным годзе”.
Вучні таксама ўдзельнічалі і перамаглі ў абласных спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Абаронцы Айчыны” (1 месца), у летнім мнагаборстве “Здароўе” для ўстаноў адукацыі сельскай мясцовасці (2 месца), у спаборніцтвах па баскетболе (дзяўчаты) (3 месца), нашы школьнікі занялі 2 месца ў абласной алімпіядзе па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.
Каманда дзяўчат-валейбалістак з Людвіноўскай сярэдняй школы перамагла ў Рэспубліканскай спартакіядзе “Каласок”, якая праводзілася для школьнікаў аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў.
Для шматграннага развіцця кожнага навучэнца ў вольны ад вучобы час створаны адпаведныя ўмовы. Прыярытэт аддаецца мерапрыемствам спартыўнага, працоўнага, прафарыентацыйнага кірунку і арганізацыі экскурсійна-турыстычнай дзейнасці.
Нагадаем, што ў летні перыяд у межах рэспубліканскай акцыі “Лета на карысць” на тэрыторыі раёна было адкрыта 30 летнікаў з дзённым знаходжаннем і 29 летнікаў з кругласутачным знаходжаннем. Для 85 вучняў працавала 5 летнікаў працы і адпачынку, дзе непаўналетнія, старэйшыя за 14 гадоў, не толькі адпачывалі, але і займаліся пасільнай працай, атрымліваючы пры гэтым заробак.
Дзейнічалі таксама летнікі спартыўна-аздараўленчага профілю. З мэтай уключэння навучэнцаў, якія стаяць на розных відах уліку, у арганізаваныя формы аздараўлення, прафілактыкі проціпраўных учынкаў непаўналетніх упершыню ў Вілейскім раёне быў арганізаваны профільны абаронна-спартыўны летнік “Ратнік” на базе аздараўленчага летніка “Лясная казка”.
— Раскажыце, калі ласка, аб педагагічным патэнцыяле раёна. Як вы падтрымліваеце маладых спецыялістаў?
— Вялікую ўвагу ўдзяляем якасці адукацыйнага працэсу, прычым на ўсіх узроўнях адукацыі. Асабліва ў гэтым навучальным годзе, таму што ў сямі ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі для дзесяцікласнікаў уведзена профільнае навучанне. У сістэме адукацыі Вілейскага раёна працуюць 1 кандыдат педагагічных навук, 5 магістраў, 16 педагогаў маюць ступень бакалаўра. На Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Леанідаўна Жук стала лаўрэатам у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”.
У раёне вядзецца мэтанакіраваная работа з маладымі спецыялістамі, якая павышае іх прафесійны ўзровень і замацоўвае далей: пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні яны застаюцца ў нашых школах. Дзейнічае “Школа станаўлення маладога педагога”. З мэтай дапамогі пачынаючым настаўнікам з ліку найбольш вопытных прызначаюцца кіраўнікі стажорскай практыкі, прычым на ўсіх ступенях адукацыйнага працэсу. Адзін раз у два гады ў раёне праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства “Малады педагог”.
Нашым маладым спецыялістам выплачваецца матэрыяльная дапамога ў адпаведнасці з артыкулам 96 ПК Рэспублікі Беларусь (у памеры месячнага акладу), па меры магчымасці прадастаўляецца і жыллё ў інтэрнаце. Акрамя таго, прадугледжаны кампенсацыйныя выплаты згодна з калектыўнай дамовай: надбаўкі ў памеры 25% тарыфнай стаўкі тым маладым спецыялістам, якія завяршылі навучанне з адзнакай, і 20% тарыфнай стаўкі ўсім астатнім пачынаючым педагогам, якія працуюць па размеркаванні. Дадаткова ўсёй катэгорыі маладых супрацоўнікаў даюцца 3 дні адпачынку да працоўнага водпуску.
Адзначу, што ў раёне не хапае настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, замежнай мовы, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. Гэтую праблему вырашаем праз павышэнне нагрузкі працуючых настаўнікаў-прадметнікаў, запрашаем выкладаць педагогаў-пенсіянераў. Накіроўваем таксама спецыялістаў на курсы перападрыхтоўкі, на завочнае навучанне ва ўніверсітэты, разам з якімі арганізоўваем і мэтавую падрыхтоўку выпускнікоў устаноў адукацыі.
— Як закранула Вілейшчыну дэмаграфічная праблема? Ці прыйшлося ў гэтым годзе закрываць установы адукацыі ў раёне?
— Усяго ў 2015/2016 навучальным годзе ў раёне функцыянуе 43 установы дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У 22 установах агульнай сярэдняй адукацыі вучацца 4578 навучэнцаў. За апошнія 5 гадоў колькасць навучэнцаў зменшылася на 347 чалавек. З 1 верасня 2015 года закрыта 2 установы адукацыі: Латыгольская базавая школа і Бубноўскі дзіцячы сад — базавая школа. Навучэнцы гэтых устаноў працягваюць навучанне ў Вязынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе і Даўгінаўскай сярэдняй школе.
— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ў сістэме адукацыі раёна?
— Мы разумеем, што паспяховасць дзяцей з абмежаваннямі ў развіцці залежыць не толькі ад эфектыўнасці карэкцыйнай работы, але і ад актыўнага ўключэння іх у сумесную дзейнасць з аднагодкамі. Усе дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў нашых установах адукацыі наведваюць не толькі заняткі, але і факультатывы, спартыўныя мерапрыемствы, гурткі. Разам са звычайнымі аднагодкамі яны ўдзельнічаюць у конкурсах, класных гадзінах, працоўным дэсанце. Галоўную задачу педагогаў Вілейшчыны бачу сёння ў стварэнні цэласнай сістэмы навучання, якая забяспечыла б пераход да інклюзіўнай адукацыі.
Надзея ЦЕРАХАВА.