За праведзеную ў 2012/2013 навучальным годзе работу з адоранымі дзецьмі па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах Драгічынскі аддзел адукацыі, спорту і турызму ўзнагароджаны граматай упраўлення адукацыі аблвыканкама. Установы адукацыі раёна актыўна ўключаны сёння ў сістэму дадатковай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Брэсцкай вобласці. Аб дасягненнях і праблемах сістэмы падрабязней расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама Дзмітрый Мікалаевіч ІГНАТЧЫК.
— Дзмітрый Мікалаевіч, якія станоўчыя моманты вы можаце адзначыць у рабоце з адоранымі дзецьмі ў апошнія гады, якіх поспехаў дасягнулі педагогі раёна?
— Пачынаючы з 2013 года 405 нашых навучэнцаў сталі пераможцамі раённых прадметных алімпіяд. На абласных і рэспубліканскіх алімпіядах перамогу атрымалі 31 і 18 навучэнцаў адпаведна. У апошнія гады школьнікі раёна актыўна ўдзельнічаюць і перамагаюць у навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.У нас 10 стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сярод іх навучэнцы гімназіі Драгічына Дзіяна Масюк, сярэдняй школы № 1 Драгічына Ганна Бародзіч, Руслан Даноўскі, Ілья Хілько, Марына Брашавец, Вікторыя Ялец, навучэнцы сярэдняй школы № 2 Драгічына Дар’я Калодзіч, Уладзіслаў Валашчук, Ганна Гражэўская, а таксама навучэнка Антопальскай сярэдняй школы Таццяна Качан, якая ў мінулым годзе атрымала дыплом І ступені на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.
Дзякуючы намаганням трэнерска-выкладчыцкага складу, Драгічынскі раён у 2013/2014 навучальным годзе ў абласной спартакіядзе вучнёўскай моладзі Брэсцкай вобласці заняў першае месца.
У 2013 годзе настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына Алена Барысаўна Пратасевіч стала пераможцай абласнога этапу конкурсу і фіналістам Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. Сёння яна — актыўны ўдзельнік клуба “Крыштальны журавель”, першы ў раёне настаўнік-метадыст, на працягу некалькіх гадоў працуе з маладымі спецыялістамі раёна. Тры гады запар за работу з адоранымі дзецьмі педагог сярэдняй школы № 2 Драгічына Святлана Іванаўна Хілько і настаўніца Антопальскай сярэдняй школы Таццяна Аляксандраўна Багатырова становяцца суіскальнікамі прэміі Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.
У Мінску праходзіў Рэспубліканскі агляд-конкурс “Урок футбола- 2014”. У ліку яго пераможцаў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Антопальскай сярэдняй школы Валерый Канстанцінавіч Якімаў, які быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі і грашовай прэміяй.
— Як праходзіць працэс аптымізацыі раённых устаноў адукацыі?
— Агульная колькасць школьнікаў у раёне за апошнія 5 гадоў скарацілася на 743 чалавекі. Вымушаны былі закрыць 7 і рэарганізаваць 5 устаноў адукацыі. У бягучым навучальным годзе ў Драгічынскім раёне функцыянуе 46 устаноў адукацыі: 22 сярэднія школы (у тым ліку 1 гімназія і 7 школ-садоў), 4 базавыя (з іх 2 школы-сады), 14 дзіцячых садоў, а таксама сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дапаможная школа-інтэрнат, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і фізкультурна-спартыўны клуб. У сувязі з аптымізацыяй сеткі раённых устаноў адукацыі ў 19 установах, размешчаных у сельскай мясцовасці, арганізаваны падвоз школьнікаў і дашкольнікаў.
— Адна з найважнейшых задач сістэмы адукацыі — павышэнне іміджу настаўніцкай прафесіі ў грамадстве і замацаванне маладых спецыялістаў на іх першых рабочых месцах.
— Зараз у адукацыйным працэсе ў раёне задзейнічаны 1232 педагагічныя работнікі, у тым ліку 813 настаўнікаў школ. Колькасць педагогаў з вышэйшай адукацыяй складае 93,9%. Вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 67,8% настаўнікаў. Адчуваецца патрэба ў настаўніках замежных моў, фізікі і хіміі. Вырашаем гэтае пытанне, далучаючы да работы ў школе вопытных настаўнікаў пенсіённага ўзросту. Павышэнню прэстыжнасці настаўніцкай прафесіі спрыяюць прафесійныя конкурсы “Настаўнік года”, “Самы класны класны”, “Малады настаўнік Драгічыншчыны”, “Педагог-арганізатар года”. У раёне дзейнічаюць 34 вучэбна-метадычныя аб’яднанні, 9 творчых груп, 1 праблемная група, 2 пастаянна дзеючыя семінары, 5 кансультацыйных пунктаў і даследчая лабараторыя.
У раёне працуюць прадстаўнікі 10 настаўніцкіх дынастый. Гэтыя педагогі дапамагаюць нам у прафарыентацыйнай рабоце з выпускнікамі школ, накіроўваюць іх на педагагічныя прафесіі. У нашых установах адукацыі працуюць 5 педагогаў, узнагароджаных ганаровым знакам “Выдатнік адукацыі”. На працягу апошніх 10 гадоў у раёне рэгулярна прысуджаюцца званні “Чалавек года ў сістэме адукацыі” (узнагароджаны 11 чалавек), “Лепшы ў прафесіі” (адзначаны 12 чалавек).
Штогод у педагагічныя калектывы раёна прыходзяць маладыя спецыялісты. І мы разумеем, як ім патрэбна падтрымка з боку калег і адміністрацыі. На жаль, працэнт замацавання маладых спецыялістаў на іх першых рабочых месцах складае ў раёне толькі 47%. Хаця мы шукаем магчымасці, каб падтрымаць моладзь. У раёне працуе “Школа маладога настаўніка”. За кожным маладым педагогам замацоўваецца больш вопытны настаўнік, які выкладае той жа прадмет, што і навічок. Аказваем дапамогу маладым спецыялістам і ў вырашэнні жыллёвых пытанняў: заключаюцца дагаворы найму жылых памяшканняў. Сталі традыцыйнымі сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, падчас якіх педагогі расказваюць аб сваіх праблемах і першых поспехах, атрымліваюць кансультацыйную дапамогу, а часам нават вырашаюць некаторыя бытавыя праблемы.
— Цікава, а якія мерапрыемствы вы прапаноўваеце школьнікам у шосты школьны дзень?
— Большасць мерапрыемстваў гэтага дня маюць спартыўную і грамадзянска-патрыятычную накіраванасць. Так, напярэдадні 70-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне галоўным нашым клопатам было аказанне дапамогі і ўвагі ветэранам вайны, а таксама адзінокім і састарэлым жыхарам раёна. Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць 78 цімураўскіх атрадаў і 46 атрадаў “Міласэрнасць”, у якія ўваходзяць 1333 навучэнцы, а таксама 14 валанцёрскіх атрадаў і 26 клубаў патрыятычнай накіраванасці. Рашэннем райвыканкама за ўстановамі адукацыі замацаваны 90 помнікаў, абеліскаў і воінскіх пахаванняў. Дзейнічае 8 школьных музеяў, а таксама раённы драгічынскі ваенна-гістарычны музей імя Д.К.Удовікава. Нашы акцябраты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і БРПА — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў шостага школьнага дня.
Гутарыла Надзея ЦЕРАХАВА.