Падтрымаць пачынанні маладых

У пачатку працоўнага шляху для кожнага маладога настаўніка вельмі важная дапамога больш вопытных калег, бо пачынаючыя педагогі даволі часта сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі падчас прафесійнага станаўлення. Гэта добра разумее кіраўніцтва сярэдняй школы № 5 Крычава, таму ва ўстанове першачарговую ўвагу ўдзяляюць падтрымцы маладых спецыялістаў.

Маладая настаўніца школы А.М.Фомчанка стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Музычны феерверк”.

— Адаптацыя маладога спецыяліста ва ўстанове адукацыі, уваходжанне яго ў прафесію — сур’ёзны і працяглы працэс. Магчыма, у гэты час пачынаючы настаўнік адчувае няўпэўненасць, дыскамфорт, бо адразу столькі новага: сацыяльная роля, узаемаадносіны з людзьмі, высокая адказнасць за ­якасць сваёй работы, за вынік, які чакаюць кіраўніцтва, вучні, бацькі. Задачы, якія мы ставім перад сабой, — дапамагчы маладым педагогам замацавацца на працоўным месцы, развіць свае здольнасці, дасягнуць пэўных вынікаў у навучанні і выхаванні дзяцей. А самае галоўнае — мы стараемся дапамагчы ім паверыць у тое, што яны зрабілі правільны прафесійны выбар і абавязкова адбудуцца як педагогі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Л.А.Кузьміна.

Паводле яе слоў, суправаджэнне маладога спецыяліста ў прафесійным станаўленні — справа ўсяго педагагічнага калектыву. Ва ўстанове функцыянуе аб’яднанне “Школа маладога педагога”, якое накіравана на вырашэнне праблем адаптацыі і спрыяе паспяховаму ўваходжанню настаўнікаў-пачаткоўцаў у прафесійную дзейнасць.

— Пасяджэнні праводзіць педагог са шматгадовым стажам настаўніца французскай мовы Ірына Васільеўна Куцко. Яна дзеліцца з маладымі спецыялістамі сакрэтамі прафесійнага майстэрства, дапамагае ім правільна спланаваць этапы ўрока, падабраць патрэбныя формы работы, наладзіць дысцыпліну ў класе і ўзаемадзеянне з навучэнцамі. На пасяджэннях мы таксама арыентуем маладых настаўнікаў на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці, — адзначыла Любоў Аляксандраўна, якая з’яўляецца кіраўніком аб’яднання.

Усебаковая падтрымка маладых педагогаў прыносіць адпаведныя вынікі. Сёння ў школе пяць маладых спецыялістаў, і кожны з іх не толькі справіўся з прафесійным станаўленнем, але і арыентуецца на прафесійны рост. Так, настаўніца англійскай мовы Д.А.Якавенка дадаткова працуе ў нядаўна створаным у раёне адукацыйным цэнтры, дзе адточвае свае прафесійныя навыкі ў навучанні малодшых школьнікаў і дашкольнікаў. Паспяхова рэалізуецца ў прафесіі і настаўніца англійскай і французскай мовы А.М.Фомчанка. Алена Мікалаеўна працуе першы год, але ўжо з’яўляецца членам розных творчых груп, удзельніцай міжнародных педагагічных форумаў, вэбінараў, навукова-прак­тычных семінараў, канферэнцый, практыкумаў.

— Асаблівае месца ў жыцці Алены Мікалаеўны заўсёды займала творчасць. Падчас вучобы ў МДУ імя А.А.Куляшова яна з’яўлялася кіраўніком універсітэцкага харэаграфічнага калектыву, разам з якім неаднаразова перамагала ў розных прэстыжных творчых конкурсах. Зараз гэтая маладая настаўніца таксама знаходзіць час для творчага развіцця. Нядаўна яна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу мастацтваў “Музычны феер­верк”, — расказала Любоў Аляксандраўна.

Дарэчы, у сярэдняй школе № 5 Крычава адукацыйны працэс зараз ажыццяўляе згуртаваны высокапрафесійны калектыў. Але ў кадравым амаладжэнні кіраўніцтва ўстановы вельмі зацікаўлена.

— Мы стараемся ўсяляк падтрымліваць, заахвочваць пачынанні маладых педагогаў. Прымаем усе неабходныя меры, каб пасля заканчэння тэрміну размеркавання яны засталіся ў прафесіі і, больш за тое, каб замацаваліся ў нашым райцэнтры і выкладалі менавіта ў нашай школе, — падкрэсліла Л.А.Кузьміна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.