Падтрымаць педагагічныя ініцыятывы

- 12:00Планёрка ў рэгіёне

Пра сістэму работы з педагагічнымі кадрамі і таленавітымі навучэнцамі ў Брэсце, забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі і новыя формы выхаваўчай работы расказвае начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама Анатоль Міхайлавіч НАСКОЎ.

Фота да матэрыяла: Падтрымаць педагагічныя ініцыятывы .— Колькасць выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Брэста штогод павялічваецца і дасягнула практычна 17 тысяч. Забяспечыць крокавую даступнасць дашкольных устаноў не заўсёды атрымліваецца, асабліва ў мікрараёнах-новабудоўлях, — адзначыў Анатоль Міхайлавіч. — Тым не менш сёлета ўведзены ў эксплуатацыю яслі-сад № 7 Брэста на 350 месцаў. У 2019 годзе будзе завершана будаўніцтва школы-сада на 471 месца, у тым ліку на 150 дашкольных месцаў. У планах — рэканструкцыя ясляў-сада № 9 з павелічэннем яго магутнасці. Вядзецца і работа па арганізацыі новых форм дашкольнай адукацыі — адаптацыйных і вячэрніх груп, груп кароткачасовага знаходжання і выхаднога дня, матчыных школ, якімі на працягу года ахоплена больш за 1000 дзяцей. Педагагічныя калектывы дашкольных устаноў арганізоўваюць па запытах бацькоў работу гурткоў (эстэтычнага напрамку, замежнай мовы, дзіцячага фітнесу, харэаграфіі). На платнай аснове працуе больш за 400 гурткоў з ахопам амаль 4 тысяч дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў, што ў 2 разы больш, чым у мінулым годзе. Каля 47% педагогаў дашкольных устаноў маюць профільную адукацыю. Установы актыўна ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці.

— Якія вынікі дэманструюць навучэнцы школ у алімпіядным і конкурсным руху? Як стымулюецца работа педагогаў з таленавітымі дзецьмі?

— Трэба прызнацца, па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у Брэста самы нізкі вынік за апошнія гады па колькасці дыпломаў, заваяваных вучнямі. Але мы аналізуем сітуацыю, шукаем прычыны няўдачы і шляхі выйсця з сітуацыі, якая склалася. Ёсць і поспехі. Як і ў мінулым годзе, так і сёлета выпускнік гімназіі № 1 Брэста Антон Засімук стаў бронзавым прызёрам Міжнароднай Балтыйскай алімпіяды па геаграфіі, а ў жніўні 2018 года — сярэбраным прызёрам Міжнароднай алімпіяды па геаграфіі ў Канадзе. Яго настаўнік — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.А.Сакалоўская. Нельга не адзначыць работу з навучэнцамі па падрыхтоўцы да алімпіяд настаўніка фізікі ліцэя № 1 Брэста М.М.Макаеда. У 2013 і ў 2017 гадах яго вучні ўзнагароджаны двума сярэбранымі і бронзавым медалямі на міжнародных алімпіядах па фізіцы. Па выніках мінулага навучальнага года 21 навучэнец устаноў адукацыі Брэста стаў лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Са студзеня 2017 года ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі горада ўдзельнічаюць у рэспубліканскім эксперыменце па падушавым фінансаванні сістэмы адукацыі, у тым ліку па так званай галіновай сістэме аплаты працы. У 2017 годзе ў эксперыменце па галіновай сістэме аплаты працы было задзейнічана 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у 2018 годзе — 25. Каля 22% педработнікаў атрымлівалі галіновыя павышэнні за пэўныя дасягненні ў рабоце, іх памер у сярэднім дасягаў больш за 100 рублёў. Як вынік, сярэдні памер заработнай платы педработнікаў, якія ўдзельнічаюць у эксперыменце, склаў, напрыклад, у красавіку бягучага года 725,4 рубля, у той час як сярэдняя зарплата па галіне склала 571 рубель, у тым ліку педработнікаў — 680 рублёў.

— Якія новыя формы выхаваўчай работы практыкуюць педагогі?

— Установы адукацыі імкнуцца знайсці новыя, у тым ліку інтэрактыўныя, формы і метады выхаваўчай работы. У сярэдняй школе № 14 Брэста прайшоў фестываль “Разам да дасягнення мэт устойлівага развіцця”, інтэрактыўная гульня “Скарбы Бярэсця”, конкурс відэаролікаў па ЗЛЖ, у сярэдняй школе № 6 праведзены фестываль “Валанцёрства на карысць дабра”. На базе сярэдняй школы № 29 створаны інтэрнэт-праект “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Маскоўскага раёна Брэста”. Працягваецца дзей-насць рэсурсных цэнтраў у сярэдняй школе № 20 па грамадзянска-патрыятычным і маральным выхаванні навучэнцаў, у сярэдняй школе № 33 — па турызме і краязнаўстве. Аказваецца педагагічная падтрымка па рэалізацыі ініцыятыў навучэнцаў, органаў вучнёўскага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў “БРПА”, “БРСМ”. Вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Так, у Ленінскім раёне Брэста на працягу 5 гадоў рэалізоўваецца праект “Сонца ў кожным!”, мэта якога — прыцягненне ўвагі грамадскасці, навучэнцаў школ да асаблівых дзяцей. Апошнія 2 гады праводзіцца інтэграваны фестываль з аналагічнай назвай, да якога далучаюцца грамадскасць, прадпрыемствы і арганізацыі горада і вобласці.

— Немалаважным кірункам работы з’яўляецца інклюзіўная адукацыя.

— Наша задача — арганізаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб усе навучэнцы, незалежна ад сваіх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, моўных і г. д.) і здольнасцей, былі ўключаны ў агульную адукацыйную сістэму, якая ўлічвала б іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы і аказвала ім неабходную падтрымку. На базе дапаможнай школы Брэста на працягу 5 гадоў дзейнічае гарадскі рэсурсны цэнтр па рабоце з дзецьмі з абмежаваннямі. Дапаможная школа неаднаразова выходзіла пераможцай абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. У 2018 годзе ўстанова прызнана лепшай у рэспубліцы, а яе дырэктар Л.Р.Дзенісевіч занесена на абласную Дошку гонару. Вялікая ўвага ўдзяляецца і дзецям, якія прыбылі ва ўстановы адукацыі з іншых дзяржаў (бежанцы, дзеці працоўных мігрантаў, перасяленцы). У адпаведнасці з загадам Мінадукацыі, у сярэдняй школе № 3 Брэста з 2017 года рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі выхаваўчай работы па сацыякультурнай інтэграцыі навучэнцаў-мігрантаў і іх законных прадстаўнікоў у працэсе адаптацыі да новых сацыяльных умоў”.

— Якая дапамога аказваецца маладым спецыялістам, якія прыязджаюць у Брэст?

— Штогод ва ўстановы адукацыі Брэста прыбываюць маладыя спецыялісты: у 2018 годзе — 179. З мэтай дапамогі ім у прафесійным станаўленні развіваецца інстытут настаўніцтва. Не застаюцца ўбаку і першасныя прафсаюзныя арганізацыі, Брэсцкая гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Пад эгідай гаркама прафсаюза працуе Савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста. Сумесна аддзелам па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама, упраўленнямі па адукацыі адміністрацый Ленінскага і Маскоўскага раёнаў Брэста і Брэсцкім гарадскім камітэтам галіновага прафсаюза праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” (для маладых педагогаў першага года работы); педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” (з удзелам педагогаў другога года работы); Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны ФЭСТ” (у 2018 годзе форум прайшоў трэці раз). Праект “Педагагічныя дынастыі Брэста” (з удзелам Савета ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста, Савета маладых і студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Журналістыка, друкаваныя СМІ” БрДУ імя А.С.Пушкіна). Матэрыялы пра педдынастыі горада размешчаны на сайце аддзела адукацыі Брэсцкага гарвыканкама. Наладжаны абмен вопытам з маладзёжным саветам Партызанскага раёна Мінска. Сумесна з сацыяльнымі партнёрамі сістэмы адукацыі горада мы развіваем калектыўна-дагаворныя адносіны, у тым ліку ў інтарэсах маладых спецыялістаў (устанаўленне надбавак, аказанне матэрыяльнай дапамогі, вылучэнне месцаў для пражывання ў інтэрнатах і г.д.).

Маладыя настаўнікі радуюць сваімі поспехамі. Ю.І.Яўтуховіч з сярэдняй школы № 26 Брэста і А.М.Куц з дзіцячага сада — пачатковай школы № 9 Брэста сталі фіналістамі конкурсу настаўнікаў пачатковых класаў на лепшы ўрок (пазакласнае мерапрыемства) аб Саюзнай дзяржаве, які праводзіў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства асветы Расійскай Федэрацыі з 1 ліпеня па 1 кастрычніка 2018 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.