У калектыўных дагаворах усіх арганізацый краіны павінны з’явіцца спецыяльныя раздзелы, прысвечаныя прадастаўленню дадатковых сацыяльных і працоўных гарантый для моладзі. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Мікша падчас пасяджэння Маладзёжнага савета ФПБ, якое прайшло ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Цяпер вядзецца распрацоўка генеральнага пагаднення паміж урадам, прафсаюзамі і аб’яднаннямі наймальнікаў, у якім плануецца прадугледзець асобны раздзел па падтрымцы моладзі. Далей гэтыя палажэнні генпагаднення ў абавязковым парадку павінны быць адлюстраваны ў тарыфных і калектыўных дагаворах арганізацый. Праўда, Аляксандр Мікша заўважыў, што калектыўны дагавор можа быць толькі там, дзе ёсць прафсаюзная пярвічка. Адпаведна, ФПБ будзе імкнуцца да стварэння прафарганізацый на ўсіх, у тым ліку прыватных, прадпрыемствах і ва ўстановах, а таксама да замацавання нормы, паводле якой гарантыі калектыўных дагавораў распаўсюджваюцца толькі на членаў прафсаюзаў.
Паляпшэнне сацыяльнага, эканамічнага і прававога становішча маладых людзей з’яўляецца адной з галоўных задач Маладзёжнага савета ФПБ, зазначыў яго старшыня Арцём Ігнаценка. Адначасова ў якасці прыярытэту вызначана падтрымка маладзёжных ініцыятыў. У прыватнасці, на разгляд савета прадастаўлены ўжо шэраг праектаў, у тым ліку па стварэнні міжнароднага лінгвістычнага кемпінга з мэтай вывучэння замежных і папулярызацыі беларускай мовы, арганізацыі экскурсійных маршрутаў па Беларусі, якія будуць даступнымі для маленькіх дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не менш важны напрамак — сацыякультурная дзейнасць, правядзенне разнастайных мерапрыемстваў. Адным з іх стаў міжнародны маладзёжны прафсаюзны адукацыйны форум “ТЭМП-2015”. Сёлета на форуме прысутнічалі прадстаўнікі 8 дзяржаў. Як чакаецца, ужо ў наступным годзе ў акцыі возьме ўдзел моладзь як мінімум з 30 краін свету. Акрамя таго, у планах Маладзёжнага савета — наладжванне кантактаў і супрацоўніцтва з прафсаюзнымі структурамі СНД з мэтай абмену вопытам.
Між тым цікавыя ініцыятывы здзяйсняюцца не толькі ў глабальных маштабах, але і на ўзроўні канкрэтных арганізацый і ўстаноў. Сацыяльная дапамога асобным катэгорыям студэнтаў, вырашэнне іх сацыяльна-бытавых праблем, кансультацыйная дапамога, арганізацыя заняткаў фізкультурай і спортам, аздараўленне, падтрымка валанцёрскага руху — вось далёка не поўны спіс звычайных спраў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Разам з тым, адзначыла старшыня пярвічкі Вольга Локцева, з’яўляюцца новыя традыцыі. Напрыклад, сёлета ва ўніверсітэце наладжаны конкурс на атрыманне грантаў для рэалізацыі студэнцкіх праектаў, фестываль актыўнага ладу жыцця і сустрэчы з выбітнымі людзьмі Беларусі.
Сяргей ГРЫБ.