Падтрымка на шляху сталення

Шлях сталення няпросты. Для любога дзіцяці гэта быццам пераадоленне паласы перашкод. А дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, пераадольваюць гэтую паласу з завязанымі вачыма. Вельмі важна, каб у іх была падтрымка. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі такую падтрымку ім аказвае сацыяльна-­педагагічная служба.

Сёння раскажам нашым чытачам пра сістэму работы з уразлівымі катэгорыямі навучэнцаў, якая склалася ў Брэсц­кім дзяржаўным гандлёва-тэхналагічным каледжы. Галоўныя асаблівасці гэтай сістэмы — асобасна арыентаваны падыход, рэалізацыя сацыяльнага праекта і прымяненне мабільных дадаткаў у рабоце. А ў аснову такой дзейнасці пакладзена піраміда патрэб Маслоу. Пра ўсё гэта расказала са­цыяльны педагог каледжа Алена Юр‘еўна Пяшко. 

Свой малюнак з ран і шрамаў

На жаль, нядобранадзейных сем’яў і баць­коў, якія не выконваюць свае баць­коўскія абавязкі належным чынам, не становіцца менш. Праблема сіроц­тва ў грамадстве застаецца надзённай, і, адпаведна, не страчвае актуальнасці работа з навучэнцамі з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Так, у Брэсц­кім дзяржаўным гандлёва-тэхналагічным каледжы ў 2019/2020 навучальным го­дзе вучыліся 28 сірот, у 2020/2021 — 42, а ў гэтым навучальным годзе — 39. 

Ва ўстанове вядзецца падрыхтоўка па двух напрамках — “Гандлёвая справа” і “Грамадскае харчаванне” на ўзроўні ПТА і ССА. Прычым, як заўважаюць сацыяльны педагог і псіхолаг каледжа, дзеці, у якіх было няпростае дзяцінства, найчасцей выбіраюць прафесіі сферы харчавання. Справа ў тым, што, выхоўваючыся ў нядобранадзейных сем’ях, яны рэдка былі добра накормленыя — бацькі, што злоўжывалі алкаголем, больш грошай трацілі на спіртныя напіткі, чым на прадукты. І нават калі потым гэтая праблема выпраўляецца, адбітак ад яе за­стаецца назаўсёды, і дзеці інстын­ктыўна выбіраюць прафесіі, звязаныя з забеспячэннем харчавання. 

Дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, не атрымалі ад самых блізкіх людзей належнага клопату, таму ім патрэбна асаблівая ўвага педагогаў, калі яны трапляюць ва ўстановы прафесійнай адукацыі.

— Адмоўны сацыяльны вопыт, эмацыянальная няспеласць, нерэалізаваная патрэба дзіцяці ў бацькоўскай любові і прыхільнасці, і як вынік, скажэнне самасвядомасці і дэфармацыя асобы — ўсё гэта аказвае ўплыў на далейшае жыццё дзіцяці. І ўсё гэта неабходна дапамагчы яму пераадолець, — расказвае Алена Юр’еўна. 

Сітуацыю кожнага такога падлетка можна апісаць агульнымі словамі “цяжкае дзяцінства”, аднак у кожнага гісторыя свая, непаўторная ў сваёй трагічнасці. І ў кожнага на душы — свой малюнак з ран і шрамаў. Таму і аднолькавы падыход да іх немагчымы. Для паспяховай адаптацыі такога падлетка да сама­стойнага жыцця спецыялісты са­цыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы прымяняюць індывідуальны падыход. 

Па прыступках піраміды

Сістэму работы будавалі, абапіраючыся на вядомую піраміду патрэб, якую стварыў псіхолаг Абрахам Маслоу. 

У аснове піраміды знаходзяцца фізіялагічныя патрэбы — голад, смага, сон і г.д. З іх і пачынаецца работа. Згадзіцеся, падлетак не можа думаць аб вучобе, прафесіі, самаразвіцці, калі ён галодны ці не выспаўся. І моладзь неабходна вучыць задаваль­няць фізіялагічныя патрэбы самастойна і бяспечна для сябе. Многія ўменні чалавек, выхоўваючыся ў сям’і, атрымлівае, нават не заўважаючы гэтага, у звычайных побытавых сітуацыях. Такіх элементарных уменняў сіроты не маюць. Напрыклад, гэта навыкі гатавання ежы, догляду адзення, навядзення парадку. З навучэнцамі праводзяцца індывідуальныя заняткі для навучання такім навыкам. Вельмі распаўсю­джаная праблема сярод дзяцей названай катэгорыі — тое, што яны не ўмеюць рацыянальна расходаваць сродкі. “Грошы выцякаюць, як вада” — такую скаргу сацыяльны педагог чуе практычна ад кожнага пасля атрымання першай жа стыпендыі. На дапамогу прыходзяць не толькі спецыяльныя заняткі, але і сучасныя тэхналогіі. Сацыяльны педагог рэкамендуе кожнаму навучэнцу выкарыстоўваць мабільныя дадаткі для вядзення ўласнага бюджэту, як, напрыклад, дадатак 1 MONEY. Калі чалавек запісвае ўсе свае расходы і бачыць гэтыя запісы, то пачынае разу­мець, дзе тая самая “дзірка”, праз якую выцяка­юць грошы. Гэта дысцыплінуе, ву­чыць самакантролю, і з цягам часу прыхо­дзіць навык планавання свайго бюджэту. 

Другая прыступка піраміды — патрэба ў бяспецы. З першых дзён навучання падлеткам тлумачаць, што дапамога для іх заўсёды побач. Яе гатовы аказаць адміністрацыя, куратары груп, сацыяльны педагог, выхавальнікі і загадчык інтэрната. Навучэнцы адразу атрымліваюць тэлефоны для сувязі з супрацоўнікамі каледжа. Важнай часткай работы ў гэтым напрамку з’яўляецца наладжванне даверлівых адносін. Любыя кантакты бескарысныя, калі дзіця баіцца ці саромеецца гэтымі кантактамі карыстацца. З першых дзён дзяцей ву­чаць расказваць аб сваіх праблемах, не баючыся асуджэння і негатыўнай ацэнкі.

— Заслужыць іх давер можна толькі праяў­ляючы шчырую зацікаўленасць. Калі яны бачаць, што сацыяльны педагог, куратар ці выхавальнік сапраўды спрабуе ўнікнуць у праблему і дапамагае вырашыць яе, то гэта выклікае давер, — адзначае Алена Юр’еўна.

Пры неабходнасці на тэлефоны навучэнцаў устанаўліваюцць праграмы для адсоч­вання месцазнаходжання, як, напрыклад, дадатак “Дзе вашы дзеці”. Зразумела, ро­бяць гэта толькі з дазволу самога навучэнца. А для атрымання такога дазволу зноў жа патрэбен высокі ўзровень даверлівых адносін і тлумачэнне, што гэты крок неабходны для яго бяспекі.

Для пачуцця бяспекі неабходна і ўпэўненасць у сваіх сілах, у сваёй будучыні. Таму сацыяльны педагог праводзіць індывідуальную работу па падрыхтоўцы падлеткаў да самастойнага жыцця. Разам з навучэнцамі яны разбіраюцца, што трэба зрабіць, каб набыць жыллё, якія льготы можна атрымаць, як аплач­ваць камунальныя паслугі. На індывідуальных кансультацыях разглядаюць розныя варыянты жыццеўладкавання пасля заканчэння каледжа. Усім навучэнцам сацыяльны педагог рэкамендуе мабільны дадатак “Я сам”, які распрацаваны спецыяльна для дзяцей-сірот. Выкарыстоўваючы яго, можна атры­маць адказы практычна на любыя пытанні аб правах і гарантыях, сям’і і міжасобасных адносінах, здароўі, фінансах, адукацыі і інш. Яшчэ адна карысная рэкамендацыя — сайт sirota.by, дзе размешчана шмат карысных матэрыялаў, а на форуме можна за­даць свае пытанні. 

На прыступцы вышэй піраміды Маслоу знаходзіцца патрэба ў прыналежнасці, любові, павазе, патрэба быць прынятым. Для забеспячэння гэтай патрэбы асаблівая ўвага ў каледжы ўдзяляецца навучанню педагогаў безацэначнаму ўспрыманню такіх дзяцей і безумоўнаму прыняццю іх з усімі праблемамі і асаблівасцямі. Сацыяльны педагог выкарыстоўвае індывідуальны падыход — на гэты раз у дачыненні да педагогаў і майстроў вытворчага навучання. У выніку калектыў установы аказвае дзецям дапамогу ў навучанні, засваенні матэрыялу, вырашэнні пытанняў прафесійнага навучання.

Наступная прыступка ў пірамі­дзе — патрэба ў павазе, дасягненні поспеху, прызнанні. У гэтым дапамагае ранняе працаўладкаванне. Гэта дзейсны крок у прыняцці адказнасці за сваё жыццё і магчымасць паказаць самому сабе, што ты на многае здольны. Ужо пасля 1 курса навучэнцаў-сірот задзейнічаюць у рабоце працоўнай брыгады ў каледжы падчас летніх канікул, таксама  арганізоўваецца іх індывідуальнае працаўладкаванне ў арганізацыі. Напрыклад, станоўча зарэкамендавала сябе работа з прадпрыемствам “Інка-Фуд”: дзяўчаты працаўладкоўваюцца ўкладчыцамі-пакавальніцамі каўбасных вырабаў на няпоўны працоўны дзень і могуць зарабіць за месяц каля 700 рублёў.

Калі самыя першыя патрэбы забяспечаны, чалавек можа адчуваць сябе камфортна і рухацца далей — задавальняць свае патрэбы ў пазнанні, гармоніі і развіцці сваёй асобы. 

Я — асоба!

Важнай часткай работы з падлеткамі з’яўляецца прафілактыка сямейнай нядобра­надзейнасці. З гэтай мэтай з 2019 года ў каледжы рэалізуецца педагагічны праект “Я асоба”.

Ён прадугледжвае інфармацыйна-прафілактычную работу па выхаванні беражлівых адносін да сваёй палавой недатыкальнасці, папярэджванні ранніх палавых сувязей, фарміраванні станоўчага вобраза шлюбу і сям’і, прафілактыцы сямейнага недабрабыту і гвалту ў сям’і, навучанні вырашэнню канфліктаў і бяспечным паводзінам для абароны ад агрэсіі навакольных, а таксама для наладжвання партнёрскіх адносін з аднагодкамі і ў будучай уласнай сям’і.

Праект уключае некалькі блокаў. Першы — блок маральнага выхавання. У гэтым дапамагае ўзаемадзеянне з праваслаўнай царквой. Каледж цесна супрацоўнічае з Брэсц­кай епархіяй. Сустрэчы са святарамі праходзяць у нефармальнай атмасферы. Яны дапамагаюць навучэнцам знайсці адказы на глабальныя жыццёвыя пытанні — аб душы, прызначэнні, жыцці і смерці. 

Другі — блок асобаснага развіцця, у рамках якога на працягу навучальнага года праводзіцца цыкл заняткаў і трэнінгаў, каб дапамагчы навучэнцам разабрацца ў сабе. Яны спасцігаюць саміх сябе, свае жаданні, устаноўкі, эмоцыі, пачуцці; вучацца выбудоў­ваць камунікацыю; вывучаюць правілы жыцця ў соцыуме, свае правы і абавязкі, спасцігаюць тонкасці зносін у сям’і.

Блок прафілактыкі сямейнага недабрабыту і гвалту ў сям’і — бадай што самы важны. Дзеці, якія ў сям’і бачылі толькі жорст­касць і гвалт, успрымаюць гэта як належнае і таму най­часцей дапускаюць такія ж адносіны да сябе, калі ствараюць сваю сям’ю. Больш за тое, яны прыцягваюць да сябе людзей, якія з задавальненнем зноў робяць іх ахвярамі. І такая сям’я працягвае распаўсюджваць жорсткасць ужо на сваіх дзяцей. Каб пера­рваць гэты ланцужок жорсткасці, праводзяцца спецыяльныя заняткі і трэнінгі, якія дапамагаюць навучэнцам распазнаваць гвалт (у тым ліку псіхалагічны), аб’юзіўныя адносіны, газлайтынг і супрацьстаяць іх праяўленням. Праект вучыць адказнаму і паважліваму стаўленню да сябе, фарміруе здольнасць браць на сябе адказ­насць за сваё жыццё і ўчынкі, вучыць будучых бацькоў метадам негвалтоўнай педагогікі. 

Дзякуючы сістэмнай рабоце сацыяльна-педагагічнай службы і неабыякавасці яе супрацоўнікаў, навучэнцы пакідаюць каледж самастойнымі, самадастатковымі, псіхалагічна стабільнымі асобамі, здольнымі несці адказнасць за сваё жыццё.

Дар’я РЭВА.