Падушка бяспекі

- 11:05Сацыяльны ракурс

Мэту трапіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі ставіць перад сабой значная частка школьнікаў. Але мы мяркуем, а жыццё можа ўносіць пэўныя карэктывы. Студэнтам становіцца не кожны. Таксама як не кожны выбірае шлях атрымання сярэдняй спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Многія вырашаюць узяць своеасаблівую адтэрміноўку з тым, каб паўтарыць спробу паступлення праз год. Між тым практыка сведчыць: гэтая паўза можа зацягнуцца. Тады выпускнік школы, які яшчэ ўчора меў амбіцыйныя планы, пачынае паступова ператварацца ў сацыяльнага аўтсайдара.

Прафпадрыхтоўка плюс вопыт

Павелічэнне паказчыкаў зарэгістраванага беспрацоўя пры адначасовым скарачэнні колькасці вакансій стала тэндэнцыяй апошняга часу. Разам з тым варыянтаў працаўладкавання застаецца па-ранейшаму шмат. У пачатку верасня службы занятасці насельніцтва Беларусі мелі звесткі аб наяўнасці 27,6 тысячы свабодных працоўных месцаў, пры гэтым у асноўным у сферу інтарэсаў патэнцыяльных наймальнікаў уваходзілі прадстаўнікі рабочых прафесій. Варта адразу ж зрабіць заўвагу: малюнак у асобных рэгіёнах можа мець сваю спецыфіку. Аднак аналіз паказвае, што ў цэлым у гарадской мясцовасці існуе значны попыт на арматуршчыкаў, кандытараў, кантралёраў-касіраў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, аператараў сувязі, цырульнікаў і цырульнікаў-мадэльераў, плотнікаў-бетоншчыкаў, кухараў, электраманцёраў пажарнай сігналізацыі. Што да вёскі, то тут традыцыйна запатрабаваны жывёлаводы, аператары машыннага даення, а таксама трактарысты і трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці.— Сітуацыя мяняецца, уладкавацца становіцца складаней, але гэта зусім не сведчыць аб тым, што знайсці сабе месца сёння немагчыма, — зазначае намеснік начальніка ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Грынчук. — Работнікі патрэбны. Аднак да іх заўсёды вылучаюцца пэўныя патрабаванні, асноўнымі з якіх з’яўляюцца адпаведная прафесійная падрыхтоўка і, пажадана, вопыт работы. У сувязі з гэтым адной з праблемных катэгорый аказваюцца выпускнікі школ, якія не трапілі ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя ці прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы. Якіх-небудзь канкурэнтных пераваг на рынку працы ў гэтай катэгорыі, па сутнасці, няма.
Сапраўды, можна задаволіцца некваліфікаванай працай, напрыклад, вахцёра, грузчыка ці прыбіральшчыка. Магчымасці для ўладкавання тут ёсць, на работнікаў без кваліфікацыі традыцыйна разлічана прыкладна 8—10% агульнай колькасці заявак наймальнікаў. Вось толькі наколькі прымальна гэта для моладзі — пытанне ўжо іншае. Зразумела, што ў такім разе паўстае праблема прэстыжнасці і часта невысокага ўзроўню зарплаты. Але ці не галоўным мінусам становіцца адсутнасць перспектыў. Без прафесійнай падрыхтоўкі шансы атрымаць добрую высокааплатную работу ў будучыні падаюцца амаль нулявымі.
— Мы заўсёды раім: выпускнікам школ, якія не сталі студэнтамі УВА, трэба звярнуць увагу на атрыманне сярэдняй спецыяльнай ці прафесійна-тэхнічнай адукацыі, — працягвае Галіна Грынчук. — Але тут ёсць адзін нюанс: многія не хочуць паступаць у каледж ці вучылішча толькі з-за таго, што тэрмін навучання ў іх звычайна працягваецца больш чым год, з-за чаго нібыта губляецца магчымасць паўторнага паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі наступным летам. У выніку малады чалавек вырашае проста пасядзець дома. Між тым у выпускніка ёсць альтэрнатыўны варыянт — прайсці прафесійнае навучанне па накіраванні службы занятасці насельніцтва.

Пачынаць з рэгістрацыі

Максімальны тэрмін такога навучання можа быць год, аднак аналіз паказвае, што ў сярэднім ён складае ўсяго каля 4 месяцаў. Навучанне па накіраванні службы занятасці вядзецца па дзённай форме на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых і іншых арганізацый. Напаўняльнасць груп складае 20—30, а ў выпадку навучання інвалідаў — 6—12 чалавек. Пры гэтым у выніку выдаецца дакумент устаноўленага дзяржаўнага ўзору.— Прафесійнае навучанне здзяйсняецца ў адпаведнасці з Законам “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Палажэннем аб парадку прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў № 1334 ад 12 кастрычніка 2006 года, іншымі заканадаўчымі актамі ў сферы занятасці і адукацыі, — расказвае Галіна Грынчук. — Важна адзначыць, што такое навучанне з’яўляецца бясплатным. Больш за тое, у перыяд яго праходжання прадастаўляецца шэраг сацыяльных гарантый і кампенсацый. Так, гарантуецца выплата стыпендыі. Пры накіраванні на навучанне за межы месца пастаяннага жыхарства, у іншыя раёны або вобласці, кампенсуюцца выдаткі на праезд і пражыванне. Перыяд праходжання прафесійнага навучання па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ўключаецца ў працоўны стаж. Акрамя таго, у перыяд навучання можа выплачвацца матэрыяльная дапамога.
Аднак тут ёсць адна істотная ўмова. Накіраванне на навучанне выдаецца толькі беспрацоўным. Адпаведна, неабходна рэгістрацыя ў службе занятасці па месцы жыхарства. Каб гэта зрабіць, спатрэбіцца пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу, дакумент аб адукацыі ці аб навучанні, а таксама пры неабходнасці пацвярджэнне статусу дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі для асоб, якія маюць абмежаванні па рабоце па стане здароўя, індывідуальная праграма рэабілітацыі інваліда і іншыя дакументы.
— Калі неабходна, у службе занятасці правядуць прафкансультаванне для выяўлення схільнасцей для пэўнага віду дзейнасці, — заўважае Галіна Грынчук. — І, зразумела, там жа можна атрымаць інфармацыю, на каго лепш за ўсё пайсці вучыцца з улікам патрэбы на рынку працы пэўнага рэгіёна, стану здароўя беспрацоўнага і іншых акалічнасцей.

Ад трактарыста да цырульніка

Пры арганізацыі навучання заключаецца дагавор, у якім абгаворваюцца правы і абавязкі бакоў. Напрыклад, у дагаворы замацоўваецца, што беспрацоўны бярэ на сябе абавязак наведваць заняткі, асвойваць вучэбны курс, здаць кваліфікацыйны экзамен. Пасля заканчэння навучання і атрымання пасведчання аб прысваенні кваліфікацыі можна шукаць работу самастойна, і ў тым ліку з выкарыстаннем банка вакансій службы занятасці. Аднак можна зрабіць па-іншаму — прайсці навучанне на падставе заяўкі канкрэтнага наймальніка, які гарантуе далейшае працаўладкаванне. У такім разе заключаецца трохбаковы дагавор паміж беспрацоўным, наймальнікам, а таксама органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.— У любым выпадку шансы на працаўладкаванне вельмі вялікія, — падкрэслівае Галіна Грынчук. — Вызначана, што прафесійнае навучанне па накіраванні службы занятасці праводзіцца па рабочых прафесіях, якія найбольш запатрабаваны на рэгіянальным рынку працы. Усяго такіх прафесій больш чым сто. Аднак у першую чаргу гаворка ідзе аб малярах, абліцоўшчыках-плітачніках, тынкоўшчыках, машыністах крана, машыністах бульдозера, мантажніках будаўнічых канструкцый, качагарах кацельнай, кухарах, кандытарах, майстрах па манікюры, цырульніках, прадаўцах, цеслярах, манціроўшчыках шын, электрагазазваршчыках, электраманцёрах па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, аператарах ПЭВМ, вадзіцелях тралейбуса, слесарах па рамонце аўтамабіля, слесарах-сантэхніках, трактарыстах, вальшчыках лесу, станочніках розных профіляў.
Павышэнню канкурэнтаздольнасці на рынку працы спрыяе яшчэ адна акалічнасць — падрыхтоўка па інтэграваных праграмах. Прыкладна пятая частка беспрацоўных асвойвае па дзве і больш прафесій адначасова: муляра, мантажніка і печніка; муляра і страхара; муляра і бетоншчыка; маляра, тынкоўшчыка і абліцоўшчыка-плітачніка: цесляра і сталяра; токара і фрэзероўшчыка; афіцыянта і бармена; кухара і кандытара.
Не менш цікавая прапанова тычыцца арганізацыі навучання асновам прадпрымальніцтва. Такія курсы даюць магчымасць пазнаёміцца з нюансамі, якія неабходна ведаць бізнесмену-пачаткоўцу. Дарэчы, пасля праходжання адпаведных курсаў можна зноў звярнуцца па рэгістрацыю ў службу занятасці ў якасці беспрацоўнага і атрымаць фінансавую дапамогу на пачатак сваёй справы. Права на падтрымку з’яўляецца ў выпадку адабрэння бізнес-плана органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Паводле заканадаўства, у гарадах памер дапамогі складае 11, у малых гарадах і ў сельскай мясцовасці з напружанай сітуацыяй на рынку працы — 15, а пры намерах здзяйсняць прадпрымальніцкую дзейнасць з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій — 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
— Навучанне беспрацоўных дапаўняе існуючую сістэму прафесійнай адукацыі і дазваляе атрымаць веды, уменні і навыкі, неабходныя для пачатку ці аднаўлення працоўнай дзейнасці, — канстатуе Галіна Грынчук. — Прычым накіраванне на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку ці павышэнне кваліфікацыі служба занятасці можа даць не толькі ўчарашнім выпускнікам школ, а і беспрацоўным любога ўзросту.
У прыватнасці, гэта магчыма ў выпадках, калі нельга падабраць падыходзячую работу з-за адсутнасці неабходнай кваліфікацыі ці спецыяльнасці, калі неабходна змяніць прафесію, спецыяльнасць або род заняткаў у сувязі з адсутнасцю работы, якая адпавядае прафесійным навыкам беспрацоўнага, калі ў беспрацоўнага з’явіліся проціпаказанні да работы па ранейшай прафесіі ці спецыяльнасці па стане здароўя і г.д. І ўсё ж асаблівая ўвага ўдзяляецца менавіта моладзі, у тым ліку непаўналетнім асобам. У агульнай колькасці беспрацоўных, якія накіроўваюцца на навучанне, доля грамадзян ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў традыцыйна складае больш чым 50%.
— Безумоўна, у школах вядзецца прафарыентацыйная работа, аднак, на наш погляд, падчас яе неабходна не забываць нагадваць выпускнікам, што існуе дадатковая магчымасць атрымання прафесіі па накіраваннях службы занятасці, а таксама гаварыць, што ў выпадку няўдачы з паступленнем гэтай магчымасцю трэба абавязкова карыстацца, — зазначае Галіна Грынчук. — Такім чынам, у маладога чалавека з’яўляецца своеасаблівая падушка бяспекі на рынку працы, якая можа спатрэбіцца як заўтра, так і праз многа гадоў.

Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.