Падведзены вынікі рэспубліканскага воднага конкурсу даследчых праектаў

- 10:01Образование

Навучэнец сярэдняй школы № 2 Чавус Яўген Сарасек атрымаў на рэспубліканскім водным конкурсе даследчых праектаў дыплом I ступені за праект «Экалагічныя і эканамічныя аспекты ачысткі вод ад часціц антрапагенных палімераў», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Для ўдзелу ў спаборніцтве было пададзена 109 заявак навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны. З іх 30 праектаў дапушчаны да дыстанцыйнай абароны перад членамі журы.

Усяго вызначаны сем прызёраў. Найлепшы вынік у Яўгена Сарасека, які займаецца даследчай дзейнасцю з 2019 г. пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы хіміі і біялогіі СШ № 2 Чавус Наталлі Тужыкавай. Работа ажыццяўляецца на базе школьнага STEM-цэнтра з выкарыстаннем лічбавай лабараторыі Relab.

У 2022 г. юнак перамог на XXXIII Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ і Расійскім Нацыянальным юніёрскім водным конкурсе ў Маскве. У лютым 2023-га Яўген прымаў удзел у семінары-дыскусіі «Праектная экалагічная дзейнасць як новы фармат расійска-беларускага маладзёжнага супрацоўніцтва» і ў адкрытай Маскоўскай інжынернай канферэнцыі школьнікаў «Патэнцыял», дзе папоўніў скарбонку ўзнагарод дыпломам І ступені ў секцыі «Экалогія «Прыродакарыстанне».

На працягу некалькіх гадоў юнак даследуе антрапагенныя палімеры (мікрапластык) — гэта цвёрдыя часціцы сінтэтычных палімераў менш за 5 мм у дыяметры, якія не маюць клеткавай структуры, але маюць аднастайны, часцей ярка афарбаваны колер і бляск. Драбнюткія пластыкавыя часціцы трапляюць у каналізацыю, а потым — у вадаёмы ў працэсе мыцця, пры выкарыстанні касметыкі, сродкаў асабістай гігіены і ў шэрагу іншых сітуацый. Небяспека заключаецца ў тым, што мікрапластык не раскладаецца ў прыродных умовах і не падлягае перапрацоўцы. Пластык здольны акумуляваць на сваёй паверхні многія таксіны і забруджвальныя рэчывы і ў той жа час з’яўляецца прывабнай «ежай» для птушак і рыб. Каля 80 % мікрапластыку ў сцёкавых водах — гэта сінтэтычныя валокны, якія трапляюць у сцёкі пасля мыцця адзення. Паверхня ўсіх акіянаў на Зямлі змяшчае 245 тыс. тон пластыку.

Свае даследаванні я пачаў з маніторынгу паступлення мікрапластыку ў водныя аб’екты на прыкладзе ракі Бася Чавускага раёна, — расказаў Яўген. — У гэтым мне дапамагалі вучні, на той час 10-га класа, Алена Белавусава і Аляксей Тужыкаў. Усе атрыманыя даныя былі выкарыстаны для стварэння камп’ютарнага дадатку «Мікрапластык — нябачная праблема сусветнага маштабу» на мове Scratch для фарміравання экалагічнай культуры насельніцтва. Заключаны акт укаранення з раённым вучэбна-метадычным кабінетам на выкарыстанне дадатку ў вучэбна-адукацыйным працэсе. У далейшых даследаваннях я даў ацэнку забруджванням сцёкавых вод і водных абектаў антрапагеннымі палімерамі і азначыў шляхі іх утылізацыі. Для ачысткі вод ад часціц мікрапластыку прапанаваў выкарыстоўваць актыўны глей і прыродны палімер хітазан. Расказаў аб экалагічных і эканамічных аспектах гэтага працэсу.

Што кожны з нас можа зрабіць, каб мінімізаваць гэтую праблему? Зніжаць спажыванне тавараў з пластыку або з яго ўтрыманнем, весці асветніцкую работу па пытаннях пластыкавага забруджвання.

Даведка

Конкурс праводзіцца на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства з мэтай развіцця навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці вучняў у сферы вывучэння і аховы водных рэсурсаў. Яго арганізацыю і правядзенне ўжо каторы год актыўна падтрымлівае УП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», якое сёлета прадаставіла сувеніры ўдзельнікам і прызы пераможцам.

У склад журы ўвайшлі навукоўцы, кандыдаты біялагічных навук з БДУ, РУП «Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў».

Надзея ЦЕРАХАВА