Падведзены вынікі ЦТ

- 9:20Вышэйшая школа

Абітурыенты атрымалі 403 стабальныя сертыфікаты

Цэнтралізаванае тэсціраванне, да якога так доўга рыхтаваліся, ужо ў мінулым. Абітурыенты атрымалі запаветныя сертыфікаты і зараз актыўна падаюць дакументы ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Пра асноўныя вынікі ЦТ­-2021 расказала намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ.

ЦТ у лічбах

Сёлета для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання было зарэгістравана 62,6 тысячы чалавек. Прынялі ўд зел у іспытах 60 862 чалавекі.

— Лічбы крыху меншыя, чым летась (у 2020 годзе зарэгістравалася звыш 64 тысяч чалавек). Мы тлумачым гэта тым, што сертыфікаты ЦТ дзейнічаюць на працягу 2 гадоў, і абітурыенты актыўна карыстаюцца такой магчымасцю, — расказала Наталля Вайцяховіч.

Як і ў папярэднія гады, больш за ўсё абітурыентаў рэгістраваліся на ЦТ па рускай мове, матэматыцы, біялогіі. Сярод замежных моў лідзіравала англійская.

8,6% абітурыентаў зарэгістраваліся для праходжання ЦТ па дзвюх дзяржаўных мовах. 44,8% абітурыентаў зарэгістраваліся адразу на 4 вучэбныя прадметы.

— Хоць у прыёмныя камісіі па­-ранейшаму трэба падаваць тры сертыфікаты, абітурыенты выбіраюць чацвёрты прадмет, каб мець магчымасць манеўра пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці, — заўважыла Наталля Мікалаеўна.

Вынікі палепшыліся

— Сёлетнія вынікі цэнтралізаванага тэсціравання нас парадавалі — як у плане арганізацыі, так і ў плане адзнак, — паведаміла Наталля Вайцяховіч. — Другі год мы працуем ва ўмовах пандэміі, таму яшчэ да моманту рэгістрацыі і пачатку ЦТ вялася актыўная работа па арганізацыі іспытаў у пунктах правядзення. Гэта тычылася напаўняльнасці аўдыторый, рассадкі абітурыентаў з забеспячэннем неабходнай дыстанцыі, выканання іншых супрацьэпідэмічных мер і падрыхтоўкі арганізатараў. Гатоў­насць усіх пунктаў дазволіла ў такі няпросты час правесці іспыты спакойна, па­-дзелавому.

Абсалютны вынік паказалі 379 удзельнікаў тэсціравання ў 403 выпадках. Так, 100 балаў па адным вучэбным прадмеце набралі 355 абітурыентаў (у 2020 годзе — 308),  па двух вучэбных прадметах — 24 абітурыенты (летась — 15).

— Гэта сведчыць пра тое, што абітурыенты сталі больш адказна рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, яны сталі больш матываванымі, — адзначыла Наталля Мікалаеўна. — А для РІКВ гэта з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем, што тэсты адпавядаюць праграме ўступных выпрабаванняў, вучэбным праграмам. Калі мы паглядзім на абітурыентаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў, то гэта выпускнікі не толькі гімназій і ліцэяў, але і школ. Многія з іх рыхтаваліся самастойна, і тыя стымулюючыя заняткі, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі ў перадэкзаменацыйны перыяд, таксама далі станоўчыя вынікі.

На жаль, з году ў год ёсць абітурыенты, якія выдаляюцца за парушэнні. Сёлета такіх было 11 чалавек. Большасць з іх былі выдалены з ЦТ за спробу скарыстацца мабільным тэлефонам, два абітурыенты спрабавалі скарыстацца даведачнай літаратурай, ад зін спрабаваў завяршыць тэст пасля заканчэння адведзенага часу.

— Ужо не першы год дзейнічае інструкцыя, якая агучваецца арганізатарамі ў кожнай аўдыторыі перад пачаткам кожнага іспыту. Разам з тым парушэнні ёсць, — заўважыла Наталля Мікалаеўна.

Тэсты гэтага года пасту­пяць у продаж ужо ў жніўні.

— У нас ёсць прынцып: праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне па прадмеце — і ў гэты ж дзень мы аддаём матэрыя­лы ў выдавецтва, — паведаміла Наталля Вайцяховіч. — Мы самі зацікаўлены, каб як мага хутчэй не толькі патэнцыяльныя абітурыен­ты — выпускнікі наступнага года, але і сёлетнія абітурыенты маглі ўбачыць тэсты, з якімі яны працавалі, і прааналізаваць свае памылкі.

Рэзервовыя дні

Абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах (пацверджаных дакументальна) не змаглі прайсці ЦТ у асноўным патоку, мелі магчымасць здаць іспыты ў рэзервовыя дні.

— Мы вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем з арганізацыйнымі камісіямі, якія прымаюць рашэнне па допуску ці нядопуску абітурыентаў да здачы ЦТ у рэзервовыя дні, — расказала Наталля Вайцяховіч. — Як правіла, большасць абітурыентаў прапускае ЦТ па медыцынскіх паказаннях. Наступная даволі вялікая група (і мы бачым гэта па пісьмах, якія прыходзяць нам са спартыўных федэрацый) — гэта хлопцы і дзяўчаты, якія адстойваюць гонар краіны на спаборніцтвах усіх узроўняў. У нас ёсць катэгорыя абітурыентаў, якія з’язджаюць у службовыя камандзіроўкі. Там таксама пішацца пісьмо, што толькі яны маюць права і павінны быць у гэтай замежнай камандзіроўцы. Ёсць яшчэ катэгорыя, дзе няяўка звязана з транспартным злучэннем. Напрыклад, зламаўся аўтобус і ёсць адпаведная даведка. Такія абітурыенты, вядома, дапускаюцца да здачы ЦТ у рэзервовыя дні.

Разам з тым ёсць і адмовы, калі абітурыент без усялякай прычыны разлічвае здаць ЦТ у рэзервовы дзень.

— Сёлета ў нас быў выпадак, калі абітурыент настолькі “сур’ёзна” рыхтаваўся да здачы ЦТ, што нават не з’явіўся на камісію, — прывяла прыклад Наталля Мікалаеўна. — У рэзервовы дзень ён проста прыйшоў з тым пропускам, які быў выпісаны на асноўны дзень. Вядома, гэта абгрунтаваная адмова.

Усяго для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні было зарэгістравана 927 абітурыентаў. 52 з іх на іспыты так і не з’явіліся.

А што чакаць абітурыентам 2022 года?

Наталля Вайцяховіч расказала, што цэнтралізаванае тэсціраванне ўдасканальваецца з году ў год. Так, сёлета быў прапанаваны зменены фармат тэста.

— Гэта даволі сур’ёзны крок, бо змянілася агульная коль­касць заданняў, адбылося пераразмеркаванне па прадметах паміж часткамі А і B, — паведаміла спецыяліст. — Пры гэтым перад РІКВ стаяла задача, каб тэст не ўскладніўся. У нас ёсць праграма ўступных іспытаў, якая заснавана на вучэбных праграмах, і мы павінны строга прытрымлівацца гэтых патрабаванняў.

Наталля Вайцяховіч падкрэсліла, што цэнтралізаванае тэсціраванне — гэта рухомы жывы арганізм.

— Мяняюцца лінейкі падручнікаў, і мы арыентуемся на абітурыентаў, якія па іх вучыліся. Напрыклад, нельга даць у тэсце матэрыял, калі ён даваўся ў падручніку толькі для азнаямлення, — заўважыла Наталля Мікалаеўна. — Таму тэставы матэрыял пастаянна ўдасканальваецца, з’яўляюцца новыя формы заданняў: заданні з невербальнай падтрымкай, практыка-­арыентаваныя заданні, якія даволі складана распрацаваць у рамках тэста ў частцы А і В. Напрыклад, у тэстах па хіміі і фізіцы з’яўляюцца задачы, заснаваныя на эксперыментах. У нас сёлета змяніўся бланк адказаў. Ён адаптаваны пад тую коль­касць заданняў, якія ёсць у тэсце. Разам з тым мы паклапаціліся пра абітурыентаў, якім трэба адмяніць памылковы адказ. У частцы В павялічылася колькасць палёў для адмены памылковых пазнак.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.