Падыходы вывераныя

Прапанаваныя падыходы па ўдасканаленні сістэмы адукацыі дастаткова вывераныя, комплексна прапрацаваныя і падтрыманы не толькі педагагічнай супольнасцю, але і шырокім колам грамадскасці. Аб гэтым сказаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас нарады па пытаннях адукацыі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, паведамілі ў прэс-службе ўрада.

Як адзначыў Раман Галоўчанка, калі прэзідэнтам на Рэспубліканскім педсавеце будуць падтрыманы прапановы па ўдасканаленні сістэмы адукацыі, то ўсе змены ўступяць у сілу да 1 верасня 2022 года.

“Прапановы Мінадукацыі неаднаразова разглядаліся ва ўрадзе, на пасяджэнні рэспубліканскага савета рэктараў, нарадах з удзелам рознага кола зацікаўленых: педагогаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, вядучых грамадскіх аб’яднанняў, бацькоў.

Таксама ў чэрвені 2021 года праведзены парламенцкія слуханні на тэму “Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення”. Такім чынам, выпрацаваныя падыходы да ўдасканалення сістэмы адукацыі ўжо дастаткова вывераныя, комплексна прапрацаваныя і падтрыманы не толькі педагагічнай супольнасцю, але і шырокім колам грамадскасці”, — падкрэсліў кіраўнік урада.

На нарадзе разглядаліся прапановы Мінадукацыі, якія тычацца змены фармату ўступнай кампаніі, увядзення нацыянальнага экзамену для выпускнікоў сярэдняй школы, унутранага ўступнага іспыту па профільным вучэбным прадмеце ва ўстановах вышэйшай адукацыі, удасканалення адбору найбольш падрыхтаваных абітурыентаў для навучання ў ВНУ.

“Сумяшчэнне выпускных экзаменаў па матэматыцы, рускай ці беларускай мовах і цэнтралізаванага тэсціравання па гэтых прадметах дазволіць паменшыць нагрузку на навучэнцаў 11 класаў, павысіць аб’ектыўнасць ацэнкі ведаў вучняў, узмоцніць кантроль за вынікамі вучэбнай дзейнасці выпускнікоў”, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Прапануецца таксама захаваць тэсціраванне як асноўную форму правядзення ўступных выпрабаванняў у ВНУ. У той жа час не выключаецца ўнутраны экзамен па профільным прадмеце ў ВНУ пры паступленні на асобныя спецыяльнасці (творчыя, сельскагаспадарчыя, педагагічныя і інш.), а таксама такі экзамен устанаўліваецца дадаткова для абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Як падкрэсліў Ігар Карпенка, такі падыход цалкам апраўданы, паколькі тэсціраванне з’яўляецца найбольш аб’ектыўным і непрадузятым спосабам ацэнкі ведаў абітурыентаў і цалкам выключае карупцыйны фактар. Пры гэтым захаванне ўнутранага экзамену мэтазгодна з улікам таго, што ацэньванне ведаў пры тэсціраванні носіць абязлічаны характар і не дазваляе выявіць індывідуальныя здольнасці абітурыентаў, якія неабходны ім пры навучанні па асобных спецыяльнасцях, такіх як журналістыка, архітэктура, педагогіка, творчасць, дызайн і інш.

Акрамя таго, уносяцца прапановы аб правя­дзенні ўнутрыўніверсітэцкіх алімпіяд і залічэнні іх пераможцаў без уступных іспытаў у ВНУ.

Шэраг ключавых новаўвядзенняў прапанаваны да замацавання ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.