У верасні ў Лідзе, культурнай сталіцы Беларусі, адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Гістарычна-культурная спадчына Лідчыны”, прымеркаваная да 430-годдзя надання гораду магдэбургскага права. У мерапрыемстве прынялі ўдзел навукоўцы з усёй краіны, прадстаўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, самыя актыўныя юныя краязнаўцы Лідскага раёна і іх настаўнікі, якія займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю па вывучэнні гісторыі, культуры, прыродных багаццяў малой радзімы і маюць высокія дасягненні ў гэтым кірунку. Падзякамі дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўзнагародзілі васьмікласнікаў Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна Аліну Марцэвіч і Ілью Гульніка.
Даследаваннямі Аліна і Ілья займаюцца з малодшых класаў. Спачатку паспяхова выступалі са сваімі навуковымі адкрыццямі на школьных і раённых канферэнцыях, а калі падраслі, выйшлі на абласны і рэспубліканскі ўзровень. Аліна сабрала зборнік мясцовага фальклору “Вязанка народнай мудрасці” і вынікова абараніла яго на рэспубліканскім этапе конкурсу “Скарбонка краязнаўчых знаходак” у снежні 2019 года. Ілья разам з настаўніцай геаграфіі Наталляй Юр’еўнай Гульнік распрацаваў праект “Стварэнне 3D-атласа “Развіццё экалагічнага турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Гродзенскай вобласці”. У 2018 годзе гэтая работа стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу ідэй “Прырода малой радзімы”.
На цырымоніі ўзнагароджання ў Лідскім замку прагучала думка аб тым, што адметны мясцовы фальклор, 3D-атлас, а таксама іншыя даследаванні лідскіх школьнікаў запомніліся ажно ў сталіцы нашай краіны. Юныя краязнаўцы ганарацца тым, што іх праца па вывучэнні малой радзімы была заўважана навукоўцамі і адзначана падзякамі.
Сёння Ілья і Аліна рыхтуюцца да абароны сваіх даследчых работ на абласной канферэнцыі “Крышталёвая Альфа”. Ілья будзе прадстаўляць віртуальны тур па Лідскім замку, а Аліна — даследаванне мясцовых фразеалагізмаў, прыказак і прымавак.
Таццяна МАРЦЭВІЧ,
кіраўнік школьнага гістарычна-краязнаўчага музея “Вытокі” Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.