Падзяка валанцёрам

5 снежня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень валанцёра. Менавіта ў гэты дзень ва ўсіх куточках Зямлі ўвага пераключаецца з тых, каму неабходна дапамога і клопат, на тых, хто дорыць іх штодзень іншым людзям. У Беларусі па традыцыі ў гэты дзень падводзіліся вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2019”, арганізатарамі якога сёлета выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У цэнтры сталіцы, сабраліся больш за 200 валанцёраў з усёй краіны — удзельнікі руху БРСМ “Добрае сэрца”, Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, Беларускага аб’яднання Чырвонага Крыжа, “Лігі добраахвотнай працы моладзі”, валанцёрскіх клубаў пры УВА.

Перад пачаткам цырымоніі ўзнагароджання былі прэзентаваны лепшыя анімацыйныя валанцёрскія практыкі з рэгіёнаў: ізатэрапія, клоўнатэрапія, майстар-класы па твістынгу, вырабе ёлачных упрыгажэнняў і навагодніх паштовак, роспісе калядных імбірных пернікаў. Цімураўцы Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі разгарнулі майстэрню Дзеда Мароза па вырабе аўтарскіх навагодніх рукавічак для падарункаў і адкрылі фотаатэлье ў стылі “Тэтрыс чэлендж”. Тут жа працаваў святочны кірмаш, дзе можна было набыць сувеніры, святочныя ўпрыгажэнні, мыла ручной работы і іншыя вырабы валанцёраў, сродкі ад продажу якіх пойдуць на дабрачыннасць. 

Для ўдзельнікаў свята на базе БДПУ імя Максіма Танка былі арганізаваны камунікатыўныя трэнінгі з элементамі цімбілдынгу, а таксама арганізавана работа адукацыйных пляцовак з удзелам трэнераў Рэспубліканскага валанцёрскага рэсурснага цэнтра, офіса прасоўвання ініцыятыў, рэсурснага цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Прыступкі”, валанцёрскага клуба “Слон” БДУКіМ. Акрамя таго, прадстаўнікі валанцёрскіх атрадаў перадалі падарункі выхаванцам трох сацыяльных устаноў Мінска і Мінскай вобласці, тым самым афіцыйна далі старт дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”.

На свята завітаў і Аляксандр Канайка, галоўны саветнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзі­дэнта Рэспублікі Беларусь. Хоць у гэты дзень ён быў тут з ганаровай місіяй — павіншаваць пераможцаў, ён адчуваў сябе сярод валанцёраў сваім. 

— Я скончыў педагагічны ўніверсітэт усяго 10 гадоў назад, але, на жаль, тады  валанцёрскі рух не быў такім папулярным, як сёння. Затое, калі ўжо быў выкладчыкам, я сам кіраваў валанцёрскім атрадам. Мы са студэнтамі наведвалі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска і праводзілі для яго наведвальнікаў майстар-класы, заняткі ў гуртках, для людзей пажылога ўзросту ладзілі канцэрты, спявалі, расказвалі вершы. Таму валанцёрства яшчэ нядаўна было значным складнікам майго жыцця. Цяпер не так шмат застаецца на гэта часу, але я стараюся не заставацца ўбаку. У прыватнасці, і сёлета прыму ўдзел у акцыі “Цуды на Каляды”, — гаворыць Аляксандр Канайка.

Каардынатар валанцёрскага руху БРСМ “Добрае сэрца” Аляксандра Ганчарова расказала:

— Экспертнаму журы, у якое ўвайшлі нашы партнёрскія арганізацыі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, было няпроста выбраць пераможцаў, бо дабро — тая матэрыя, якую немагчыма па нейкіх крытэрыях вымераць, і нельга сказаць, хто зрабіў дабра для іншых больш. Часам шчырая ўсмешка, падтрымка можа значыць больш, чым шчодрыя грашовыя ахвяраванні. Таму мы глядзелі не на колькасць мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел нашы валанцёры, а менавіта на іх стаўленне да добраахвотніцтва.

Так, у намінацыі “Асабісты ўклад” пераможцаў аказалася пяць: 11-класнік сярэдняй школы гарадскога пасёлка Дамачава Брэсцкага раёна Уладзіслаў Цярэшка, вучаніца сярэдняй школы № 121 Мінска Дар’я Зюзькевіч, навучэнка сацыяльна-гуманітарнага каледжа Магілёў­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Лілія Домніч, студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Віялета Аляшкевіч і намеснік начальніка механазборачнага цэха № 1 Барысаўскага завода агрэгатаў Максім Касовіч.

Уладзіслаў Цярэшка атрымаў перамогу як “заканадаўца моды на спорт” у сваёй вёсцы. Дзякуючы яго валанцёрскай ініцыятыве, там з’явіўся спартыўны гарадок, а для мясцовай моладзі заняткі спортам сталі часткай жыцця.

Чацвёртакурсніца факультэта дашкольнай адукацыі Віялета Аляшкевіч у валанцёрскай справе ўжо 7 гадоў. Упершыню паспрабавала сябе ў якасці добраахвотніка, калі была вучаніцай 9 класа сярэдняй школы № 4 Асіповіч. Паступіўшы ва ўніверсітэт, далучылася да руху “Добрае сэр­ца”.

— Разам з атрадам, які я ўзначальваю, наведваем дзіцячыя дамы і анкалагічны цэнтр, клапоцімся аб пажылых у межах праекта “Памяць юных сэрцаў”, — расказвае Віялета. — Мне падабаецца мець зносіны і праводзіць час з дзецьмі. Прыемна бачыць і вынік сваёй працы: калі пры першым знаёмстве дзеткі заціснутыя і скаваныя, то пры далейшых сустрэчах яны адкрываюцца, у іх гараць вочы.

У намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” былі вызначаны чатыры пераможцы — валанцёрскія атрады “Дарогаю дабра” сярэдняй школы № 4 Асіповіч, “Ад сэрца да сэрца” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, “Сёмае неба” Гомельскага завода ліцця і нармалей і ўжо добра вядомы нашым чытачам атрад “Рука ў руцэ” Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна. Ён ужо некалькі гадоў запар становіцца пераможцам у гэтым конкурсе — мяняюцца толькі намінацыі.

Вольга Жыхарка, педагог-арганізатар Жамчужненскай сярэдняй школы, прызнаецца, што цяжка трымаць пальму першынства, але яе сакрэт у тым, каб не імкнуцца да перамогі, а проста займацца любімай справай:

— Мы працягваем дружбу з нашым сацыяльна-педагагічным прытулкам, толькі ў гэтым годзе мы рабілі ўхіл на майстар-класы: акрамя гульняў, інтэрактыву, мы з дзецьмі і ляпілі, і малявалі, і пернікі пяклі, і мыла варылі, і інш. Гэта дапамагае аб’яднаць дзяцей. Каб было больш кантактаў, кожны валанцёр прыязджаў да “свайго” дзіцяці. З гэтага года да нас далучыліся і цімураўцы, над якімі ўзялі шэфства мае старэйшыя валанцёры. Цяпер нас яшчэ больш, — расказала Вольга Аляксандраўна.

Таксама вызначылі лаўрэатаў у намінацыях “Лепшая вучэбная праграма для валанцёраў”, “Лепшая група ў сацыяльнай сетцы” і “Лепшы іміджавы плакат”. Пераможцам конкурсу ўручылі дыпломы і памятныя падарункі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Яўгена ПАМЫТКІНА