Падзяка ветэранам

- 8:54Актуальна, На парадку дня

Беларусь расквітнела ў чаканні Дня Перамогі. Не зачыняюцца дзверы ў дамах ветэранаў, якія сваім подзвігам падарылі нам мірнае неба: школьнікі, студэнты, педагогі нясуць ім падарункі, малюнкі, паштоўкі і букеты напярэдадні вялікай даты.

Не застаўся ўбаку і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі, дзе прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы рэспубліканскай культурна-творчай акцыі “Пасланне ветэрану”. Ганаровых гасцей і ўдзель­нікаў акцыі чакалі экспазіцыйная лакацыя — галерэя “Творчасць. Перамога. Жыццё”, прысвечаная героям Вялікай Перамогі, і святочная канцэртная праграма “Пра тую вясну…” з удзе­лам творчых калектываў устаноў вышэйшай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі.

Падчас работы інтэрактыўнай пляцоўкі “Пасланне ветэрану” студэнты і навучэнцы з розных рэгіёнаў Беларусі падпісалі арт-паштоўкі і творча павіншавалі пакаленне пераможцаў. У сваіх святочных віншаваннях яны па­дзя­кавалі пакаленню перамогі за мірнае неба над галавой, пажадалі ветэранам здароўя і душэўных сіл, нагадалі, што “добра ведаюць з урокаў гісторыі, наколькі страшнай была тая вайна”, “памятаюць пра вялікі подзвіг”, што “мы жывём, таму што вы былі смелымі і абаранялі нашу Радзіму”, “спа­дзя­ёмся, вы яшчэ доўга будзеце жыць і ўбачыце шмат свят у гонар перамогі”. Падпісаныя паштоўкі бу­дуць накіраваны сведкам вайны, каб напярэдадні свята яны паспелі атры­маць шчырыя словы падзякі ад новага пакалення беларусаў.

Успаміналі ўдзельнікі акцыі і подзвігі сваіх прадзядуляў і прабабуль. Так, выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба “Рысь” Уладзіслаў Савасцей, Часлаў Варакса, Арцём Кулідаў прыгадалі гісторыі, якія чулі ад сваіх прадзядуляў і прабабуль: пра ўзарваныя масты і чыгункі, сустрэчы з фашыстамі і баявыя раненні. З думкамі пра ўласных родных, пра свае сем’і, якія не абмінула вайна, падпісвалі хлопчыкі паштоўкі ветэранам, віншуючы іх не толькі ад уласнага імя, але і ад імя свайго ваенна-патрыятычнага клуба.

Удзел у перадсвяточнай акцыі прыняў міністр адукацыі Андрэй Іванец. У сваёй паштоўцы ён звярнуўся да ветэрана са словамі глыбокай удзячнасці: “Мы памятаем, шануем, ганарымся подз­вігам нашых дзядоў”, — напісаў міністр.

У прывітальным слове да ганаровых гасцей і ўдзельнікаў акцыі Андрэй Іванавіч падкрэсліў:

Вельмі важна, што напярэдні свята перамогі мы віншуем ветэранаў. Падрастаючае пакаленне вельмі ганарыцца подзвігам нашых дзядоў, прадзедаў, таму што Вялікая Айчынная вайна закранула кожнага ў нашай краіне. Менавіта таму сёння ў рамках такога святочнага мерапрыемства мы пастараліся сабраць нашу творчую моладзь, якая наведвае ваенна-патрыятычныя клубы, студэнцкую моладзь, каб захаваць па­мяць аб Вялікай Перамозе, паказаць, што мы разам, мы адзіныя, у нас адно свята і адна вялікая перамога на ўсіх. У нашай краіне вядзецца вялікая работа па захаванні гістарычнай памяці народа. Менавіта тыя, хто робіць высновы з урокаў мінулага, змогуць захаваць мірнае
неба.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.