29—30 лістапада Мінск прымаў удзельнікаў V Беларускіх калядных чытанняў “Вялікая Перамога: спадчына і спадчыннікі”. У 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні юбілею Вялікай Перамогі святары, педагогі, прадстаўнікі органаў улады, дзеячы культуры, навукоўцы, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, выкладчыкі нядзельных школ, навучэнцы, студэнты абмяркоўвалі гісторыю царквы, яе патрыятычную дзейнасць у Вялікую Айчынную вайну, сённяшнюю ролю ў духоўна-маральным выхаванні грамадства, асабліва моладзі.
Калядныя чытанні па традыцыі з’яўляюцца маштабнай падзеяй, у рамках якой сёлета ладзіліся канферэнцыі, круглыя сталы, выставы, канцэрты, была арганізавана работа васьмі секцый, прайшлі ўрачыстыя цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнку “Прыгажосць Божага свету”, а таксама конкурсаў “Бібліятэка — асяродак духоўнай асветы і выхавання” і “За маральны подзвіг настаўніка”. Чытанні — гэта пляцоўка, на якой абмяркоўваюцца пытанні супрацоўніцтва царквы і дзяржавы. Шмат гадоў такое супрацоўніцтва паспяхова развіваецца і ў сферы інфармацыі. Адметнай падзеяй сёлетніх чытанняў стала падпісанне новага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам інфармацыі. Па словах кіраўніка ведамства Аляксандра Карлюкевіча, мэтай пагаднення з’яўляецца фарміраванне дабратворнага інфармацыйнага асяроддзя, развіццё асобы і грамадства ў адпаведнасці з духоўнымі, культурнымі, нацыянальнымі традыцыямі і каштоўнасцямі нашай дзяржавы, беларускага грамадства.
“Сёлетнія чытанні прысвечаны важнай тэме, якая на беларускай зямлі набывае асаблівае гучанне. Без перабольшання ўвесь беларускі народ з’яўляецца спадчыннікам перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, ён панёс найбольшыя страты. Уся Беларусь усыпана месцамі смутку, якія нагадваюць пра злачынствы гітлераўскага акупацыйнага рэжыму. Уся беларуская зямля авеяна воінскай славай, захоўвае памяць пра подзвіг, здзейснены воінамі і простымі людзьмі. Подзвіг — гэта доля моцных людзей. Пра гэта варта помніць і нагадваць заўсёды, асабліва калі гаворка ідзе пра духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Каб на зямлі панаваў мір, нам неабходна захоўваць мір у сваіх сэрцах”, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі.
У галіне супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з органамі сацыяльнай сферы склалася шмат добрых традыцый, у ліку якіх і правядзенне конкурсу сярод педагогаў “За маральны подзвіг настаўніка”. Конкурс праводзіцца па ініцыятыве Беларускага Экзархата пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Яго мэтай з’яўляецца стымуляванне творчасці педагогаў і выхавальнікаў устаноў адукацыі, нядзельных школ, заахвочванне іх за шматгадовае духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і моладзі, павышэнне прэстыжу настаўніцкай працы.
Сярод узнагароджаных намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жыровіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна А.І.Бякрэнь, педагог-псіхолаг гімназіі № 2 Пінска Г.А.Свірыдэнка, выхавальнік-метадыст ясляў-сада № 77 Гродна С.В.Рэзнік, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Дзятлава В.М.Старыкава, настаўніца гісторыі Валеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна Т.М.Сурага, дырэктар сярэдняй школы № 3 Івацэвіч А.А.Кузьмін, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце пачатковай школы № 1 Беразіна Т.І.Яфіменка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Калінкавіч А.В.Андрыеўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры № 191 Мінска І.В.Моніч.
“Самая прыемная місія — узнагароджваць тых, хто працуе на карысць айчыны, царквы, на радасць людзям. Здаецца, дыплом, кветкі — усё сімвалічна, а колькі за гэтымі знакамі ўвагі хаваецца вашай працы, вашага подзвігу. Гэта сапраўды подзвіг, плады якога будуць прыносіць вынік праз пэўны час. Подзвіг настаўніка — гэта асаблівы подзвіг. Гаворачы сучаснай мовай, ваша праца — гэта доўгатэрміновая інвестыцыя. Пра вас будуць заўсёды ўспамінаць, гэтак жа, як і мы, старэйшае пакаленне, прыгадваем сваіх настаўнікаў, хто даваў нам веды, дапамагаў правільна асэнсоўваць жыццё, ацэньваць тыя ці іншыя абставіны. Ваша праца будзе запатрабавана заўсёды”, — адзначыў мітрапаліт Павел.
Ад імя ўзнагароджаных выступіла намеснік начальніка цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Л.А.Кіўлюк: “Удзельнікі конкурсу з’яўляюцца часцінкай у незвычайным аркестры, які выконвае боскую сімфонію любові і міру. Нехта з’яўляецца кампазітарам, нехта дырыжорам, нехта таленавітым выканаўцам. Няхай гэтая сімфонія любові і міру гучыць так, каб яе пачулі не толькі сённяшняе, але і будучыя пакаленні, каб нашы плады былі сапраўды дастойнымі”.
Нагадаем, Беларускія калядныя чытанні арганізоўваюцца Беларускай Праваслаўнай Царквой пры падтрымцы Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.