Падзяка за важную працу

Больш за 300 удзельнікаў сабрала ў горадзе над Бугам абласное ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка. Павіншаваць педагогаў, кіраўнікоў і ветэранаў педпрацы з прафесійным святам прыйшлі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк, памочнік прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці А.М.Маркевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі.

Прывітальны адрас ад кіраўніка Брэстчыны зачытаў Г.І.Барысюк А.В.Ліса: “Эфектыўнае развіццё краіны залежыць ад якасці адукацыі, высокакваліфікаваных кадраў і патрыятычнага выхавання моладзі. Настаўніцкая прафесія заўсёды шанавалася ў беларускім грамадстве. Да педагога ішлі не толькі за ведамі, але і за парадамі. Праца настаўніка патрабуе высокай кампетэнцыі і лепшых душэўных якасцей — добрага сэрца і самаадданасці. Дзякуючы прафесіяналізму педагогаў, іх любові да сваёй справы і дзяцей, раскрываюцца здольнасці вучняў, выбіраецца правільны жыццёвы шлях. Асаблівая падзяка ветэранам педпрацы, чыя мудрасць, адказнасць і вернасць прызванню з’яўляюцца прыкладам для сучасных настаўнікаў. Задача педагога — навучыць самастойна мысліць, несці адказнасць за свой выбар, стаць дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Няхай вучні заўсёды радуюць вас новымі поспехамі, перамогамі і дасягненнямі!” 

Сёння ва ўстановах адукацыі Брэстчыны працуе больш за 31 тысячу педагогаў. Штогод у працоўныя калектывы прыходзяць каля 600 маладых спецыялістаў. Адукацыйная галіна вобласці функцыянуе вынікова і дынамічна.

Лепшыя педагогі атрымалі граматы і падзячныя пісьмы Брэсцкага аблвыканкама, ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў і ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Сярод узнагароджаных — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 15 Пінска С.А.Невяровіч, настаўніца біялогіі В.А.Лялюк з гімназіі Іванава, педагог дадатковай адукацыі А.С.Карнялюк з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, настаўніца фізікі С.А.Васілюк з Высокаўскай сярэдняй школы Камянецкага раёна, дырэктар Целяханскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната А.В.Хоміч, дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына, начальнік аддзела па адукацыі Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў і дырэктар гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста К.К.Калейчык.

Пасведчанні спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручаны настаўніку фізікі М.М.Макаеду з ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста, настаўніцы французскай мовы Т.Р.Ільяшэвіч з сярэдняй школы № 15 Брэста, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Г.М.Кулак з сярэдняй школы № 21 Баранавіч, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Н.Г.Галушка з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, настаўніцы інфарматыкі І.Ю.Гарбацэвіч і настаўніцы геаграфіі А.А.Сакалоўскай з гімназіі № 1 Брэста.

Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” ўганараваны дырэктар Пінскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Л.В.Барычэўская, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа І.В.Герчук, настаўнік інфарматыкі і астраноміі Ю.К.Жыгарэвіч з гімназіі № 1 Брэста, настаўніца біялогіі і хіміі Г.М.Сіманава з гімназіі Лунінца, настаўніца геаграфіі і біялогіі І.У.Пабажная са Стрыгінскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна і педагог дадатковай адукацыі Л.Я.Сартакава з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч.

Урачыстая частка мерапрыемства, якая праходзіла ў Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці, завяршылася святочным канцэртам з удзелам дзіцячых творчых калектываў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Васіля КАРПІНЧЫКА.