Падзякі кіраўніка дзяржавы за значны асабісты ўклад у развіццё краіны

- 10:34Інфармацыйная гадзіна

Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб’яўлена 13 прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. Адпаведнае распараджэнне падпісаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у забеспячэнне абараназдольнасці краіны ўзнагароды ўдастоены камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім Дзенісенка і намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных Сіл генерал-маёр Павел Муравейка.

Прадстаўнікам арганізацый Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падзяка прэзідэнта аб’яўлена за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва. У ліку ўзнагароджаных — начальнік Талачынскага раённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Краўчанка і начальнік Крычаўскага міжраённага аддзела Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Аляксандр Ляневіч.

Узнагародай за шматгадовую плённую грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху воінаў-інтэрна­цыяналістаў адзначаны таксама прадстаўнікі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане — намеснік старшыні Фрунзенскай раённай арганізацыі Мінска Ігар Лазука і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі Артур Місюк.

Падзяка прэзідэнта таксама аб’яўлена супрацоўнікам Беларускай чыгункі і кіраўнікам прадпрыем­стваў сельскагаспадарчай галіны.

Загадчык кафедры філасофіі і ме­тадалогіі навукі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Зелянкоў і дэкан факультэта гісторыі, камунікацый і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Тамара Піваварчык удастоены падзякі прэзідэнта за шматгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч адзначаны ўзнагародай за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё гістарычнай навукі, даследаванне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.