На базе ўстаноў адукацыі Камянецкага раёна прайшоў абласны семінар-практыкум, прысвечаны развіццю агульнавучэбных і прадметных уменняў і навыкаў на ўроках рускай і беларускай мовы і літаратуры. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім удзельнічалі спецыялісты і метадысты рай(гар)аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, выступілі Брэсцкі абласны ІРА і аддзел адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама.
Першым пунктам візіту ўдзельнікаў семінара стала Відамлянская сярэдняя школа. Дырэктар установы Т.Б.Страпко расказала гасцям пра гісторыю школы, сістэму ўзаемадзеяння педагогаў, вучняў і іх бацькоў.
Надзвычай цікавым было наведванне Белавежскай сярэдняй школы. Удзельнікі семінара пабывалі на майстар-класах настаўніц рускай і беларускай мовы і літаратуры С.У.Рагожынай і І.У.Глінскай. Іх адкрытыя ўрокі — сапраўдны сплаў методыкі, майстэрства і вопыту. Змястоўна глыбокія і метадычна вывераныя заняткі педагогаў сведчылі пра іх высокі прафесіяналізм. Сярод выпускнікоў школы ёсць тыя, хто атрымаў на цэнтралізаваным тэсціраванні 100 балаў па розных прадметах.
Сакрэтамі і знаходкамі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяліліся адны з лепшых настаўнікаў Камянеччыны. Так, настаўніца рускай мовы і літаратуры Вярховіцкай сярэдняй школы Н.М.Драбовіч расказала пра магчымасці інтэрактыўнай дошкі ў фарміраванні ўменняў і навыкаў моўнай адукацыі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Камянюцкай сярэдняй школы Я.І.Шахалевіч прэзентавала сістэму работы па развіцці ў вучняў экалагічных навыкаў на ўроках беларускай літаратуры. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Высокаўскай сярэдняй школы Н.У.Салышка вяла гаворку пра метадычны дзённік “Майстэрня настаўніка”, моўнае і маўленчае развіццё вучняў.
У актавай зале Белавежскай сярэдняй школы былі аформлены выставы творчых работ яе вучняў і метадычных матэрыялаў з вопыту работы настаўнікаў рускай і беларускай мовы і літаратуры Камянеччыны. Раённы вучэбна-метадычны кабінет на чале з яго загадчыцай Н.У.Кірылюк сістэматызаваў эфектыўны вопыт арганізацыі адукацыйнага працэсу па прадметах і ў пазакласнай дзейнасці ў больш як 100 метадычных зборніках. Напрацоўкі педагогаў змешчаны і на старонках прадметных часопісаў.
Удзельнікі семінара азнаёміліся і з работай Гімназіі Камянца. Дырэктар установы С.У.Алексяюк і яго намеснікі А.П.Сіваконева і А.А.Касцякова расказалі гасцям пра гісторыю стварэння гімназіі, вучэбныя поспехі і дасягненні яе выхаванцаў. Настаўніцы рускай і беларускай мовы і літаратуры Н.Д.Патоцкая і Л.П.Анішчук засяродзілі ўвагу на ролі прадметнага кабінета ў адукацыйным працэсе і сістэме работы з вучнямі па філалагічных дысцыплінах. Акрамя таго, ішла гаворка пра арганізацыю пазакласнай дзейнасці. Удзельнікам семінара быў прадстаўлены фрагмент мерапрыемства, прысвечанага Масленіцы. Гасцей запрасілі за вялікі стол са смачнымі блінамі, духмянымі травянымі чаямі, мёдам і варэннем.
Завяршыўся семінар азнаямленчай экскурсіяй у знакамітую Камянецкую вежу, якую правёў дырэктар сярэдняй школы № 1 Камянца настаўнік гісторыі А.В.Сахранны.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.