Захаванне і ўмацаванне псіхалагічнага здароўя выхаванцаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі з’яўляецца найважнейшай задачай для педагагічнага калектыву. З мэтай стварэння станоўчай атмасферы, спрыяльнага клімату для камфортнага самаадчування дзяцей і дарослых у яслях-садзе № 14 Смаргоні была праведзена псіхалагічная акцыя “Падзяліся ўсмешкай сваёй”.
Псіхалагічная акцыя пачалася з забавы “Клоўн у гасцях у дзяцей”, дзе выхаванцы спявалі, танцавалі, жартавалі, адгадвалі загадкі і гулялі з вясёлым клоўнам Клёпам. Затым дашкольнікі адправіліся ў падарожжа ў краіну Усмешак, але, каб там апынуцца, неабходна было зазірнуць у чароўнае люстэрка і абавязкова ўсміхнуцца.
Загадзя выхаванцам было прапанавана прынесці свой фотаздымак. Галоўнай умовай з’яўлялася наяўнасць на ім усмешкі. Вынікам гэтай ініцыятывы стаў конкурс усмешак па намінацыях “Самая шчырая ўсмешка”, “Самая добрая ўсмешка”, “Самая мілая ўсмешка”, “Самая жыццярадасная ўсмешка”.
Дзеці не забыліся пра сваіх выхавальнікаў і бацькоў. Яны вырабілі смайлікі, якія дарылі дарослым са словамі: “Мы дорым вам вясёлы смайлік, а вы нам — усмешку”.
Вольга ЦІМОШЧАНКА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 14 Смаргоні.