З верасня 2020 года яслі-сад № 19 Слуцка стаў удзельнікам рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі зместу карэкцыйных заняткаў па фарміраванні навыкаў сацыяльных паводзін, камунікацыі і ўзаемадзеяння ў дзяцей дашкольнага ўзросту з расстройствамі аўтыстычнага спектра.
“Наш дзіцячы сад наведвае 229 выхаванцаў, з іх 105 з АПФР, у тым ліку 7 дзяцей з аўтызмам. Больш за 30 гадоў назад у нас з’явіліся першыя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. З 2012 года ўстанова стала апорнай па ажыццяўленні адукацыйнай інтэграцыі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, — адзначыла кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра па развіцці інклюзіўнай адукацыі настаўнік-дэфектолаг Галіна Мікалаеўна Васілеўская. — Апошнія гады мы мэтанакіравана заняліся пытаннямі адукацыі выхаванцаў з аўтызмам, паколькі такіх дзяцей становіцца ўсё больш”.
“Аўтызм” у перакладзе з англійскай мовы азначае “той, хто пайшоў у сябе” або “чалавек унутры сябе”. Такія дзеці адчуваюць цяжкасці ва ўзаемадзеянні з аднагодкамі, часта не ўмеюць выказаць эмоцыі, залішне раздражняльныя, пераходзяць на крык. Дзеці з РАС, як правіла, не могуць злучыць у адзін ланцужок дэталі пэўных дзеянняў, адрозніць адушаўлёныя прадметы ад неадушаўлёных. Чалавек для іх не адзінае цэлае, а набор асобных частак цела. Знешні ўплыў, дотык, святло, гук, цесны кантакт — раздражняльныя фактары для дзяцей з РАС. Яны часта замыкаюцца ў сабе і не ідуць на кантакт нават з блізкімі людзьмі. У той жа час у дзяцей з РАС можа быць прыхільнасць да пэўных прадметаў і дзеянняў.
Спецыялісты вучаць такіх дзяцей разумець значэнне простых інструкцый і жэстаў (прывітанне, развітанне, указанне, просьба аб дапамозе, заахвочванне), устанаўліваць зрокавы кантакт і, канечне, навыкам самаабслугоўвання. Лепш, калі педагогі і бацькі дзейнічаюць узгоднена. З гэтай мэтай у яслях-садзе № 19 Слуцка выкарыстоўваюцца інтэрнэт-блогі.
У сацыяльнай сетцы Instagram настаўнік-дэфектолаг пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і груп інтэграванага навучання і выхавання Святлана Вітальеўна Рогач стварыла блог “Гукавічок” (@zvukovichok_slutsk), які ўяўляе сабой інтэрнэт-журнал, інтэрнэт-дзённік і віртуальны кабінет, з дапамогай якога спецыяліст падтрымлівае зносіны з бацькамі, дае ім практычныя парады. Блог змяшчае наступныя рубрыкі: “Гэта цікава ведаць”, “Пытанне-адказ”, “Бацькоўская акадэмія”, “Цікавыя ідэі”, “Рэкамендацыі бацькам”, “Развівайка”. Тут ёсць гульні для развіцця ўвагі, памяці, логікі, фанематычных працэсаў, звязнага маўлення, маўленчага дыхання, дробнай маторыкі, слыхавой увагі і пазнавальнай дзейнасці дзяцей. Дадзены рэкамендацыі па правядзенні артыкуляцыйнай і пальчыкавай гімнастыкі і г.д. Некаторыя гульні можна зрабіць сваімі рукамі. Даюцца спасылкі на карысныя матэрыялы, фота, відэа.
Адна з рубрык “Гукавічка” прысвечана фарміраванню навыкаў сацыяльных паводзін, камунікацыі і ўзаемадзеяння ў дашкольнікаў з РАС. Так, з дапамогай дыдактычнай гульні “Можна-нельга” бацькі фарміруюць у дзіцяці ўменне разумець простыя правілы і інструкцыі. Развіваць мімічныя рэакцыі, перадаваць эмоцыі з выкарыстаннем героя-персанажа дапамогуць гульні “Кубік эмоцый”, “Складзі эмоцыю”, “Пакажы эмоцыю”.
Калектыў ясляў-сада № 19 Слуцка з’яўляецца ўдзельнікам міжнароднага праекта па ўдасканаленні аказання ранняй комплекснай дапамогі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. У рамках праекта па лініі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь установе прадастаўлена спецыяльнае гульнявое абсталяванне для работы з дзецьмі ранняга ўзросту.
Матэрыял Надзеі ЦЕРАХАВАЙ.