Падзяліцца творчасцю

Велічны утульны палац, у якім уладараць творчасць і талент… Сваімі памерамі і адметным знешнім выглядам галоўны будынак Абласнога цэнтра творчасці сапраўды нагадвае палац. І пануе ў яго прасторных залах не толькі атмасфера творчасці, але і радасны настрой. Інакш не можа быць. Творчасць заўсёды прыносіць радасць, а заняткі любімай справай дораць душэўную цеплыню. Часцінкамі сваёй радасці, таленту, душэўнай цеплыні і падзяліліся з супрацоўнікамі “Настаўніцкай газеты” педагогі і навучэнцы вядучай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці.

Тое, што ў цэнтры створана асаблівая атмасфера творчага пошуку і камфортныя ўмовы для поўнага, цікавага, актыўнага жыцця выхаванцаў (менавіта такімі словамі сустракае навучэнцаў і іх бацькоў галоўная старонка сайта ўстановы), пераканацца вельмі проста. Для гэтага неабходна пасля абеду (калі заняткі ў школах заканчваюцца і дзеці спяшаюцца ў Абласны цэнтр творчасці раскрываць свае таленты, займацца любімай справай), а лепш за ўсё ў суботу, наведацца ў галоўны будынак цэнтра. Дзяцей і іх бацькоў тут столькі, што, здаецца, трапляеш у вялікі горад з насельніцтвам некалькі тысяч чалавек.

— Абласны цэнтр творчасці — адна з найбуйнейшых устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны. Найбуйнейшая з пункту гледжання разгалінавання структу-ры, прадстаўленых напрамкаў і колькасці навучэнцаў. Цяпер у цэнтры вучацца 8115 дзяцей. У нас 15 структурных падраздзяленняў, прадстаўлены ўсе профілі дадатковай адукацыі, пачынаючы з самага буйнога — мастацкага — профілю. Заняткі аб’яднанняў па інтарэсах спартыўна-тэхнічнага, эколага-біялагічнага і турыстычна-краязнаўчага профілю праходзяць на асобных пляцоўках, адпаведныя аддзелы займаюць асобныя будынкі, — паведаміў дырэктар цэнтра заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Леанід Мікалаевіч Мінаў.

У самым шматлікім аддзеле мастацкай адукацыі штогод займаецца больш за 2 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. “Заняткі аб’яднанняў праходзяць у асаблівай добразычлівай атмасферы. Тут не ставяць адзнак і не задаюць дамашніх заданняў. Тут вучаць дзяцей рабіць важныя і карысныя рэчы, фантазіраваць, маляваць, ляпіць, шыць, танцаваць, спяваць, іграць на музычных інструментах. Адпаведна, асноўнымі напрамкамі дзейнасці з’яўляюцца вакал, харэаграфія, выяўленчая і дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, — падзялілася загадчык аддзела Ірына Аляксандраўна Кулікова.

Калектыў палаца ганарыцца педагогамі, імёны якіх вядомы не толькі ў Магілёве, але і ў рэспубліцы. Гэта выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь Нэлі Мікалаеўна Бардунова, Людміла Анатольеўна Жукава, Алег Іванавіч Філімонаў. З калектывамі, якія маюць званні “заслужаны”, “народны” ці “ўзорны”, і пазнаёміліся ўдзельнікі прэс-туру. Такіх калектываў у цэнтры 11. У першую чаргу гэта заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь — тэатр-студыя “Вясёлка” і ансамбль народнай песні “Ярыца”. Не менш славутыя ўзорная тэатральная студыя “Экстрым”, узорны тэатр гульні і юных вядучых “Бім-Бом”, народны аркестр народных інструментаў “Крынічка”, узорная студыя выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Тон”, узорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Фітадызайн”, узорная студыя моды “Авангард”, узорны харэаграфічны ансамбль “Крынічка”, узорны ансамбль “Руская песня” і ўзорная вакальная студыя “Фантазія”.

Асаблівым гонарам вядучай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці з’яўляецца заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр-студыя “Вясёлка”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Нэлі Мікалаеўна Бардунова. Аб’яднанне — своеасаблівая сучасная форма работы з дзіцячым калектывам. Гэта сапраўдная школа эстэтычнага выхавання, вялікая дружная сям’я педагогаў і больш за 500 выхаванцаў. Рэпертуар “Вясёлкі” — спалучэнне эстраднага вакалу, сучаснай харэаграфіі, брэйк-данса. Калектыў з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, конкурсаў і аглядаў. Сярод знакамітых выпускнікоў “Вясёлкі” — Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Наталля Кудрына, Наталля Падольская.

Як ужо адзначалася, у Абласным цэнтры творчасці прадстаўлены ўсе напрамкі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Шматлікім па колькасці ўдзельнікаў з’яўляецца і аддзел краязнаўства і пошукавай работы. Асноўная мэта дзейнасці педагогаў аддзела — арганізацыя адукацыйнага працэсу ў аб’яднаннях па інтарэсах краязнаўчай накіраванасці, каардынацыя і метадычнае забеспячэнне дзейнасці музеяў устаноў адукацыі вобласці, правядзенне абласных этапаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.

— Супрацоўнікі аддзела арганізоўваюць удзел навучэнцаў вобласці ў рэспубліканскіх краязнаўчых мерапрыемствах (у тым ліку ў рэспубліканскіх злётах юных краязнаўцаў — актыўных удзельнікаў Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”) і зборах актыву акцыі ў “Зубраняці”, прапагандуюць гісторыка-культурную і прыродную спадчыну вобласці. Адным з унікальных грамадскіх і ў той жа час педагагічных аб’яднанняў вобласці з’яўляецца абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб “Віккру”, якім кіруе Мікалай Сяргеевіч Барысенка. На працягу многіх гадоў педагог праводзіць вялізную пошукавую работу па тэме Вялікай Айчыннай вайны, далучае да гэтай работы калег, навучэнцаў вобласці. У выніку аднаўляюцца імёны загінуўшых воінаў, становяцца вядомымі многія старонкі ваеннай гісторыі Магілёўшчыны, выдаюцца кнігі, арганізоўваюцца тэматычныя выставы, — паведаміла загадчык аддзела Наталля Мікалаеўна Стральцова.

Як вядома, аснова паспяховай работы любога аб’яднання па інтарэсах — гэта не толькі зацікаўленасць педагогаў, іх апантанасць, але і якасна распрацаваныя вучэбныя планы, праграмы, дапаможнікі, метадычныя рэкамендацыі. У гэтым і заключаецца работа профільных аддзелаў. Так, аддзел краязнаўства і пошукавай работы прымае ўдзел у распрацоўцы вучэбных планаў, праграм, дапаможнікаў, метадычных рэкамендацый і іншай літаратуры па пытаннях краязнаўства і пошукавай работы, аказанні метадычнай дапамогі ўстановам адукацыі па выкарыстанні краязнаўства ў адукацыйным працэсе, правядзенні навучальных семінараў для краязнаўчага актыву вобласці, навукова-метадычнае забеспячэнне краязнаўчай дзейнасці ў дапамогу работнікам устаноў дадатковай адукацыі краязнаўчага профілю, садзейнічанне павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў па краязнаўстве і музейнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі.

Аддзел краязнаўства і пошукавай работы займаецца арганізацыяй і правядзеннем абласных семінараў, канферэнцый, супрацоўнічае з дзяржаўнымі ўстановамі, грамадскімі, маладзёжнымі аб’яднаннямі ў галіне краязнаўчых даследаванняў, метадычнага забеспячэння адукацыйнай дзейнасці, прапагандуе краязнаўчую і пошукавую работу праз СМІ (у тым ліку “Настаўніцкую газету”), вывучае стан краязнаўчай і пошукавай работы ва ўстановах адукацыі вобласці, вядзе збор і аналіз неабходнай інфармацыі.

— Наша ўстанова выконвае ролю каардынацыйнага, інструктыўна-метадычнага, інфармацыйна-аналітычнага, арганізацыйнага цэнтра ўсёй сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі вобласці. Гэта абумоўлівае і нашу работу па метадычным суправаджэнні. На працягу кожнага навучальнага года ў нас арганізуецца каля 25 адукацыйных мерапрыемстваў для ўсіх катэгорый педагагічных работнікаў: семінары, канферэнцыі, майстар-класы, працуе клуб прафесійных стасункаў “Да вяршынь майстэрства” для ўсіх катэгорый педагогаў. Кожны год мы выбіраем лепшага педагога вобласці. У гэтым годзе ім стала Марына Аляксандраўна Кузняцова з Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі “Ветразі” Магілёва. Гэта вельмі карысны конкурс, ён падштурхоўвае педагогаў і ўстановы падцягваць узровень сваёй працы і дазваляе адсачыць стан метадычнай работы ў кожнай установе, бо, каб правесці конкурсныя заданні, абласное журы выязджае ў раёны. Мы за два месяцы павінны выехаць з метадычнай дапамогай у кожную ўстанову вобласці. Усяго на Магілёўшчыне дзейнічае 41 установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе займаецца больш за 57 тысяч навучэнцаў, што складае 53% ад усёй колькасці навучэнцаў вобласці, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Вольга Юр’еўна Марозава.

Вялікі палац, вялікая колькасць навучэнцаў, вялікія аб’ёмы работы. Аднак педагогі Абласнога цэнтра творчасці паспяхова спраўляюцца. У чым поспех? Завітайце ў галоўны будынак установы. Творчасць, радасць, усмешкі, душэўная цеплыня, якой падзеляцца з вамі педагогі і навучэнцы, дадуць вычарпальны адказ.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.